Хатні тхор Цюбік, які крадзе кашалькі, прыцягвае больш увагі, чым гарадзенскія знакамітасці

|

Як аказалася, многія гараджане і не ведалі, што тхары могуць жыць у хатніх умовах, таму часта Цюбіка называлі янотам ці норкай. Нават сабакі, якія шпацыруюць на вуліцы, дзівяцца Цюбіку, а ён іх у адказ… кусае за нос.


“Усё пачалося пасля таго, як я пабываў у гасцях у сястры ў Мiнску. Я ўбачыў у яе незвычайную жывёлу i мне таксама захацелася такую. І вось з Цюбікам мы жывем разам ужо чацвёрты год. Узялі мы яго, калі яму было два месяцы. Ані трошкі не шкадуем. Ён у нас як член сям’і. Жонка, напэўна, любіць яго больш, чым мяне”, – распавядае Жэня.

 

 

Жыве Цюбік ва ўласным трохпавярховым домiку, дзе ў яго ёсць ванная, прыбіральня, спальня і кухня. Такое жыллё зрабілі яму гаспадары. Тхары вельмі ахайныя жывёлы. Таму, калі б не вялікая сям’я, Цюбік мог бы жыць і без клеткі.

 

У кожнага тхара свой характар. Калi ён узбуджаны або ўсхваляваны, ён пачынае матляць хвастом і квокча як курачка, а калі злуецца – шыпіць як змяя.


Злодзей, які ўсё хавае ў канапе


“Цюбік любіць пазнаваць навакольны свет. Ён вельмі цікаўны, таму ўсе тыя рэчы, якія яго зацікавяць, рана ці позна будуць у адным з яго сховішчаў. Самая папулярная яго схованка – канапа. Там мы знаходзілі, акрамя цацак і ўсякіх дробязяў, таксама кашалькі, якія Цюбік крадзе з сумак і кішэняў нашых сяброў”.


align=”” width=”725″ height=”544″ >

 

Зараз у Гродне жывуць некалькі шчаслівых гаспадароў тхароў. Але зладзіць сустрэчу аматараў такой экзотыкі пакуль у Жэні не атрымліваецца.


“Свайго мы адразу кастрыравалi. Усё таму, што харкi, асабліва хлопчыкі, маюць спецыфiчны пах, нешта сярэдняе паміж мёдам і мускусам. Пасля кастрацыі пах памяняўся ў лепшы бок”.


Можа з’есці ўсё, нават гумовую цацку

 

Кормяць цюбіка мясам, курынымі яйкамі, кашамі, але патроху песцяць і смачнасцямі, асабліва ён любіць бананы. Да лета харок есць менш, таму худнее, а вось на зіму ад’ядаецца. А наогул, можа з’есці ўсё тое, што дрэнна ляжыць. Аднойчы ён з’еў гумовую цацку, тады яго доўга лячылі, і ледзь выратавалі.


“Цюбік сапраўды няўрымслівы, за ўвесь час, што ён у нас жыве, ён толькі адзін раз заснуў у жонкі ў нагах. Вось у сястры тхор вельмі ласкавы, сам на рукі лезе. Нашага ж паспрабуй пагладзіць або на калені пасадзіць, ён адразу бяжыць кудысьці, спяшаецца, спраў у яго шмат, мабыць”.

 

А ж спраў у яго і сапраўды безліч. Цюбіку трэба з усімі новымі рэчамі ў доме пазнаёміцца. Калі не дасі яму рэч, якую ён заўважыў, то праз месяц-другі шукай яе за канапай. Тхор ніколі не забывае тое, што яго зацікавіла.


Цюбiк – лепшы сябар дачкі

 

Цюбік любіць кантактаваць не толькі з гаспадаром, але і іншымі жывёламі. Раней дома ў Яўгена жыў сабака пароды лайка, верны сябар Цюбiка, яны любілі разам бавіць час. Але з нараджэннем дзіцяці гаспадары вырашылi сабаку аддаць бацькам. Зараз улюбёнец ўсёй сям’і аддае перавагу маленькай дачцы Жэні. Ёй цяпер паўтара гадкі і яна вельмі любіць гуляць, а часам і мучыць Цюбіка. Але той усё разумее і, нават калі яна знянацку робіць яму балюча, ён трывае і не кусаецца.

 


“Выйсці ў цэнтр горада з тхаром на павадку – значыць прыцягнуць да сябе столькі ўвагі, колькі і не снілася гарадзенскім знакамітасцям. За пару гадзін паспявае падысці больш за 30 чалавек. Усе дзівяцца, задаюць пытанні, часцей адны і тыя ж. Бывала, вядома, што гарадзенцы дзівілі сваімі пытаннямі: навошта купіраваць вушкі, ці дорага ўтрымліваць янота, як гэта жыць з норкай? На жаль, многія нават і не ведалі, што Цюбік гэта тхарок. Таму па магчымасці мы імкнемся гуляць увечары, каб было менш людзей і каб не прыцягваць да сябе ўвагі”.