Супраца культуры і бізнесу: у Гродне абмяркоўвалі, як дагрукацца да сэрца спонсара

|

Мадэратарам дыскусіі “Талакой і грамадой: як наладзіць адносіны бізнему і культуры?” выступіла Хрысціна Марчук. Яны і прадставіла публіцы гасцей: менеджара шматлікіх музычных праектаў і фестываляў Сяргея Фінскага, дырэктара “Гарадзенскага дзіцячага хоспіса” Вольгу Шульгу ды дырэктара кампаніі “Мядовы шлях”, кансультанта па маркетынгу СП ЗАА “Біган” Вольгу Гаўрылік.

 

http://budzma.by/wp-content/gallery/talakoy/2298.jpg



Спонсар развязвае рукі

 

Каб не ператварацца ў тэарэтыкаў, размову пачалі з канкрэтных прыкладаў. Ці змог бы Сяргей Фінскі арганізаваць той жа фэст “Grodno Jazz” без спонсараў? Сяргей паціскае плячыма, маўляў, гэта латарэя. Можна рабіць самастойна, назапрашаць зорак, а ў дзень Х будзе дождж і ніхто не прыйдзе. У такім разе гэта катастрофа. Спонсары – гэта своеасаблівая страхоўка, тады ў любым разе ўсё прынамсі акупіцца.

 

– Ведаеце, самае брыдкае, – дзеліцца досведам Фінскі, – гэта дамаўляцца з музыкамі, каб тыя гралі “за ідэю”…

 

– Самае брыдкае?

 

– Та-а-ак! Спонсар развязвае рукі. Калі ёсць грошы – сітуацыя змяняецца.

 

З досведу Сяргея, самыя “рэальныя” спонсары – піўныя канцэрны. Адзін такі спонсар можа пацягнуць усё мерапрыемства. Калі ж дабрадзеў у фэсту ці канцэрта 20 або 50 – эфект згублены…

 

– Шмат гэтых лагатыпаў маленькіх – гэта як смецце, – тлумачыць Фінскі, – нехта праезд кампенсуе камусьці, нехта – пражыванне. Але праз гэта забіваецца маштаб. Калі ў вас 20-30 спонсараў – “зорку” прывезці ўжо немагчыма.

 

http://budzma.by/wp-content/gallery/talakoy/885.jpg



Чаму “лісты шчасця” трапляюць у сметніцу?

 

Спікерская эстафета пераходзіць да Вольгі Шульгі. Рэч у тым, што хоспіс у Горадні на нейкім этапе перастаў быць выключна сацыяльнай ініцыятывай. Забегі, музычныя атракцыі ды флэшмобы, якія першапачаткова ладзіліся для прыцягнення ўвагі да праблемаў хворых дзяцей, паступова ператвараюць “Гарадзенскі дзіцячы хоспіс” у дынамічны культурны “цэнтр сілы”.

 

– Ой, нават не ведаю, ці гэта добра – такое пераўтварэнне, – з усмешкай кажа Вольга, – Але з кожным годам шукаць грошы для нас усё цяжэй. Прыкладна 30% бюджэту ў нас ідзе на арэнду і камуналку, 70% – на патрэбы падапечных. Мы паставілі сабе мэту, каб кожны даведаўся пра хоспіс. Нас у асноўным ужо ведаюць, у 90% выпадкаў не адмаўляюць. Але тут рэч нават не ў тым, ЯК прасіць, а ў арганізацыі.

 

Вольга Гаўрылік прызнаецца, што досвед хоспісу для яе – прыклад таго, як трэба працаваць з бізнесам. Разам з тым адзначае, што сама дапамагала і будзе дапамагаць таму, да каго мае сімпатыю, зацікаўленасць. Пры гэтым не цярпіць “навязвання”…

 

– Да нас у фірму штодня прыходзяць “лісты шчасця”, – тлумачыць Гаўрылік. – Дай, дай, дай… Часам жудасныя гісторыі пра аперацыі для дзяцей. Іх нават выкідаць шкада. А калі на будаўніцтва новага храма – то не шкада неяк, па шчырасці.

 

http://budzma.by/wp-content/gallery/talakoy/901.jpg

 

 

Не факт, што дапамога ўсім спадабаецца

 

Вольга Гаўрылік пералічвае матывы дапамогі для прадстаўніка бізнесу: “Я дапамог, я маладзец!”, “Прасоўваем свой прадукт, марку, брэнд”, “Частка карпаратыўнай культуры для калектыву”… Апошні пункт выклікае пытанні.

 

– Штогод мы робім паштоўкі з маладымі людзьмі з псіхафізіялагічнымі асаблівасцямі, – працягвае Вольга, – нашы супрацоўнікі ўдзельнічаюць у працэсе. Першым мы плацім, то бок “Біган” як бы купляе гэтыя паштоўкі. Пасля іх атрымліваюць нашы кліенты – як падарункі.

 

Але і тут ёсць складанасці. Аказваецца, для чальцоў калектыву працаваць з людзьмі з адхіленнямі маральна няпроста. У дадатак, некаторыя кліенты аказаліся незадаволенымі: эстэтычны бок паштовак прыйшоўся даспадобы не кожнаму. Такі вось “другі бок медалю”.

 

http://budzma.by/wp-content/gallery/talakoy/912.jpg



Сусед, які дзеліцца соллю, – спонсар?

 

Усё ж такі дзе пачынаецца і дзе заканчваецца спонсарская дапамога? Даць грошы – адно, а вось падзяліцца праектарам, крэсламі, гукаўзмацняльнай апаратурай і г.д. – гэта што? Позіркі аўдыторыі прыкаваныя да Сяргея Фінскага, які ў Горадні заўжды дзяліўся “ўсім з усімі”.

 

– Не-не-не, гэта не спонсарская дапамога, – хітае галавой Сяргей, – Так, я дапамагаю ў такіх выпадках, хоць і вучуся казаць “не”. Але калі ты ідзеш да суседа па соль ці запалкі, гэта ж не значыць, што ён твой спонсар.

 

– А калі дваццаты раз ідзеш?

 

– Ну, тады спонсар…

 

Прысутныя ўрэшце схіляюцца да меркавання, што любая “дармавая” дапамога – усё ж такі спонсарства. Бо калі банальна пералічыць на грошы арэнду крэслаў, лампаў, праектараў, калонак і інш. – атрымаюцца круглыя сумы.

 

http://budzma.by/wp-content/gallery/talakoy/2291.jpg



“Мы ўжо давалі канцтавары дзіцячаму дому”

 

Важны момант – аналіз бізнесу і культуры ва ўзаемных стасунках. Тут кропкі над “і” расстаўляе прэзентацыя Вадзіма Мажэйкі з “Ліберальнага клуба”, які асабіста не змог паўдзельнічаць у сустрэчы.

 

Як думае “культура”, калі просіць грошай?

  • Дайце мне грошы на мой неверагодна важны праект.
  • Падтрымайце культуру, бо мы – КУЛЬТУРА!
  • Укладанні ў аддаленую будучыню і абстрактныя каштоўнасці.
  • Як юрыдычна ўсё правесці? Ну, вы бізнес, вам лепей ведаць…

 

Аналагічны шэраг шаблонаў выбудоўваецца і з боку бізнесу:

  • Ну і які мне будзе прыбытак з вашай культуры?
  • Мы ўжо давалі канцтавары дзіцячаму дому ў гэтым годзе.
  • І спартовы фестываль раённы падтрымалі. Па настойлівай рэкамендацыі райвыканкаму.
  • Звязвацца са спонсарствам – гэта галаўны боль і страты.

 

Па сумных усмешках у зале заўважна, што думкі зусім не эксклюзіўныя: у той ці іншы момант ці не кожны сутыкаўся з такім стаўленнем ці нават сам думаў так.

 

http://budzma.by/wp-content/gallery/talakoy/2416.jpg



Сістэмнасць, асабістыя стасункі, уменне казаць “дзякуй”

 

Падводзячы вынікі, выказваюцца па чарзе ўсе спікеры.

 

Вольга Гаўрылік нагадвае, што важна шукаць тых спонсараў, якім менавіта ВАШАЯ ініцыятыва можа прыйсціся да сэрца, то бок пра асабісты падыход, а не тыражаваныя “лісты шчасця”. Важна пры гэтым сістэмна даносіць інфармацыю пра сябе і падкрэсліваць момант значнасці справы для грамадства.

 

Сяргей Фінскі заклікае не забывацца на асабістыя стасункі са спонсарам, віншаванні з днём нараджэння, запрашэнні на фестывалі і г.д. Фінскі, як заўжды, не можа без самакрытыкі ды гумару: “Але я не ўмею шукаць спонсараў, вы што! Я спачатку фэст арганізоўваю, а пасля ўжо грошы шукаю, каб з усімі расплаціцца”.

 

Вольга Шульга кажа пра шчырасць і энергетыку, хай ролікі пра культуру, якія ўбачыць спонсар, будуць нагадваць ролікі хоспіса – каб было зразумела, што гэта справа жыцця і смерці. Дадае таксама пра неабходнасць сістэмнага падыходу: “Вазьміце паперку ўрэшце і напішыце, чаго вы хочаце! Ну, і ніколі не забывайцеся казаць “дзякуй”.


Фота: Зарына Кандраццева