Гарадзенская ДАІ адзначыла юбілей выставай тэхнікі

|

У гарадзенцаў таксама была ўнікальная магчымасць убачыць музейныя экспанаты ДАІ: узоры пасведчанняў кіроўцы ад самых першых папяровых да сучасных пластыкавых, калекцыі паліцэйскіх фуражак краін свету і многае іншае.


“Мы зладзілі выставу, дзе паказалі свае транспартныя сродкі, якія сёння выкарыстоўваюцца для нясення службы. Акрамя гэтага выстаўлена і рэтра тэхніка – ВАЗ 2106, максімальна адноўлены пад эпоху 1980-х, і матацыкл Урал 1963 года выпуску”, – кажа начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Цыдзік.

 

 

Да выставы ДАІ далучыліся і прадстаўнiкi гарадзенскага рэтрааўтаклуба. Але самае цікавае гараджан чакала ў крытым намёце, дзе былі выстаўленыя экспанаты з музея ДАІ. Там гарадзенцы маглі ўбачыць пагоны, какарды і спецсродкі ДАІ.

 

 

Калекцыю з паліцэйскіх і міліцэйскіх фуражак супрацоўнікі збіралі больш за шэсць месяцаў. У калекцыі ёсць фуражкі з ЗША, Англіі, Італіі, Германіі, Албаніі, краін Балтыі і многіх іншых. Калекцыя будзе папаўняцца.

 

 

Таксама вялікую ўвагу гарадзенцаў прыцягнулі пасведчанні кіроўцаў розных краін свету, а таксама некалькі узораў беларускіх дакументаў.

 

 

Гістарычная даведка

 

3 ліпеня 1936 годзе пастановай Савета народных камісараў СССР было зацверджана Палажэнне аб Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Галоўнага ўпраўлення Рабоча-сялянскай міліцыі. У пасляваенны перыяд, 1960-70 гады, кожны перыяд гісторыі ставіў перад супрацоўнікамі ДАІ свае задачы, аднак мэту стварэння і існавання гэтага падраздзялення міліцыі ва ўсе часы заставалася нязменнай – бяспека на дарогах.