“Не ўсё магчыма выказаць праз словы”. Выстава-перформанс “ТЕЛОвыражение” адкрылася ў Гродне
“Мы часта не знаходзім словаў, каб перадаць свой стан душы, перадаць перажыванне пэўнага моманту, – распавядае фатограф, – але часам словы і не патрэбны”.
Святлана Лебедзь
“Дастаткова рухаў, жэстаў позіркаў, каб усё стала зразумелым”, – кажа яна. Танцоры на яе здымках лятаюць у воблаках зіхоткага пылу, хаваюцца за бясформеннымі балахонамі, застываюць у імклівасці спыненага імгнення.
Са словаў Святланы Лебедзь, мэты паказаць танец у агульнапрынятым разуменні ні яна, ні танцоры не мелі. “Танец для нас стаў менавіта ЦЕЛАвыражэннем – часам зграбным ці элеганцкім, часам нягеглым і нават брыдкім, але тым, што выражае радасць і боль, страх ці пакой – заўжды шчырым і сапраўдным”.
“Я сама штодня танцую дома, калі ніхто не бачыць”, – са смехам прызнаецца Святлана і тлумачыць, што жыццё кожнага чалавека бачыць як асабісты танец. “Хто ўмее гаварыць, той умее спяваць, хто ўмее хадзіць, той умее танцаваць”, – цытуе яна афрыканскую показку і дадае, што выстава гэта не толькі дэманстрацыя танца як целавыражэння, але і заклік для ўсіх танцаваць як мага часцей.
Падмацаваннем закліку да танца сталі нумары ад кампаніі “Начало” – эксперымент са святлом, прасторай, рознымі кшталтамі мастацтва. “Мы не хочам абмяжоўваць сябе адным накірункам. Для нас галоўнае – адсутнасць рамак і рэалізацыя ідэі. Для гэтага мы выкарыстоўваем усе сродкі, якімі валодае чалавек”, – кажуць яны пра сябе. “Мы лічым, што кожны чалавек унікальны, кожны можа прыўнесці ў мастацтва штосці сваё. Таму, чым больш людзей будуць тварыць, тым больш цікавым і разнастайным будзе мастацтва”.
Эксперымент танцораў з фатографам, вынікам якога стала выстава-перформанс, цягнуўся больш за год. За гэты час зладзілі каля дзясятка фотасесій. У сухім астатку – паўсотня фінальных здымкаў – адбітак эмоцый, перажыванняў, эксперыментаў, якімі аўтары шчыра дзеляцца з гледачамі.
Пабачыць выставу-перформанс можна да канца месяца, штодня а 18.00. Апроч таго, у выходныя ў час працы выставы пройдзе шэраг імпрэзаў ад кампаніі “Начало”.
9-10 ліпеня
17.00 Майстар-клас па сучаснай харэаграфіі
17.30 Паказальныя выступленні танцавальнай кампаніі “Начало”
16-17 ліпеня
17.00 Лекцыя “Сучаснае мастацтва”
18.00 Паказ лабараторыі “Жыў адзін руды чалавек” па Даніілу Хармсу
23-24 ліпеня
11.00 Майстар-клас па дзіцячай харэаграфіі
11.30 Выступленне навучэнцаў танцавальнай кампаніі “Начало”
30 ліпеня
17.00 Майстар-клас па акторскім майстэрстве
Фота: Ірына Новік, Людміла Лебедзь
Відэа: Ірына Новік