Школьныя праграмы цалкам абновяць да 2021/2022 навучальнага года
Цалкам яны абновяцца ў 2021/2022 навучальным годзе, паведаміў у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік.
Усяго зменены 233 навучальныя праграмы. Дырэктар інстытута распавёў, што новыя праграмы будуць адаптаваны з улікам узроставых асаблівасцяў вучняў, будзе выключаная складаная тэрміналогія, скарочаны аб’ём тэорыі.
– У сувязі з тым, што вучань, які скончыў 9 класаў, павінен ведаць асноўны змест таго ці іншага прадмета, сфарміравана адносная завершанасць зместу праграм 5 і 9 класаў. Праграмы пераглядаюцца з пункту гледжання пераемнасці і ўпершыню з пункту гледжання міжпрадметных сувязяў, узмоцнены практыка-арыентаваны змест праграм, пры захаванні яго фундаментальнасці і сістэмнасці, – растлумачыў Сяргей Важнік.
Па словах намесніка міністра адукацыі Раісы Сідарэнка, па новых праграмах у наступным годзе будуць працаваць 1 і 2, 5 і 6, 10 і 11 класы.