Колькі квасу трэба выпіць, каб ап’янець? Судова-медыцынскі эксперт ставіць вопыты на сабе. Частка 2
Вызначэнне наяўнасці і канцэнтрацыі этанола ў біялагічных вадкасцях – адзін з тыповых відаў экспертыз, якія праводзіць Упраўленне лабараторных даследванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару, што ўзначальвае Сяргей Драгун
Ап’янець ад кваса ды ўпіцца кефірам – міф ці рэальнасць? Судмедэксперт ставіць вопыты на сабе
“Наяўнасць этанолу ў крыві гэта маркер ужывання алкаголю”, – кажа эксперт. Аднак найважней усталяваць не толькі сам факт ужывання, але і дакладную колькасць этанолу. Бо менавіта яна з’яўляецца сведчаннем для важных высноваў, патрэбных у судовай практыцы. У пытаннях колькасці, са словаў Сяргея Драгуна, паказальнымі з’яўляюцца дзве лічбы:
“Найперш – 0,3 ‰ [0,3 праміле. 1 Праміле = 0,1%]. Менавіта пры такой колькасці алкаголю ў крыві робяць выснову, што чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Калі ж колькасць этанолу меншая, то факт ужывання алкаголю пацвярджаецца, але зрабіць выснову, што чалавек быў у стане алкагольнага ап’янення, нельга. У выпадках, калі этанолу каля 3,5 – 4‰, гэта сведчанне цяжкага атручвання алкаголем. Такія экспертызы часцей за ўсё ўжо пасмяротныя”, – тлумачыць эксперт.
У даведніку па судовамедыцынскай экспертызе атручванняў апісаны некалькі соцен атрутаў. Аднак этылаваму спірту адведена найбольшая колькась старонак. Гэта самая “папулярная” сучасная атрута
Гэтым разам нас цікавіць магчымасць праверыць, як уплывае на чалавека ўжыванне безалкагольных напояў з вельмі нізкім утрыманнем спірту. Для гэтага эксперыменту мы абралі адзін з даследаваных напояў – Лідскі квас “Тёмный”. У ім праз тры дні захоўвання ўсталявана найвышэйшае з усіх даследаваных напояў утрыманне спірту – 0,53%.
“Чаго не зробіш дзеля працы” – усміхаецца Сяргей Драгун, выпіваючы першую шклянку квасу. Падчас эксперыменту яму давялося выпіць за раз цэлы літр напою
Улічыўшы, што ўсталяваная колькасць вельмі малая, мы вырашаем трохі “ўзмацніць” напой і давясці колькасць градусаў да максімальна магчымай паводле этыкеткі – 1,2%. Для гэтага дадаём да літра квасу строга разлічаную колькасць спірту і аналізуем атрыманы “ўзмоцнены квас”. Газавы храматограф паказвае, што зараз ў атрыманым напоі ўтрымліваецца 1,1% этанолу. Чыстага этылавага спірту ў гэтай колькасці напою ўтрымліваецца 11 грамаў.
Такім чынам, мы набліжаемся да самай цікавай часткі эксперыменту – Сяргею Драгуну належыць выпіць літр атрыманага “ўзмоцненага квасу” і здаць кроў для аналізу на ўтрыманне алкаголю.
А вы спрабавалі за раз выпіць літр квасу?
Паміж “дэгустацыяй” квасу і адборам крыві мы маем каля 40 хвілін. За такі тэрмін адбываецца максімальны пераход спірту са страўніка ў кроў. У гэты час займаемся тэарэтычным разлікам меркаванага стану эксперта. Для гэтага ў судовай медыцыне ёсць матэматычныя методыкі. Яны ўлічваюць колькасць чыстага спірту ва ўжытым напоі, вагу чалавека, узрост, суадноснасць мышцаў і тлушчу ў целе і г.д. Разлiкі маюць прыблізны характар, аднак для нашага даследавання дастаткова дакладныя. Згодна з імі, меркаваная колькасць алкаголю ў крыві “мужчыны вагой 74 кг, нормастэнічнага целаскладу, 46 гадоў” будзе каля 0,14 ‰.
Між тым, Сяргей Драгун дзеліцца ўражаннямі “падвопытнага”. З яго словаў, хаця чаканая колькасць этанолу ў крыві ўтрая меншая за “норму” алкагольнага ап’янення, ён выразна адчувае ўздзеянне алкаголю: “За руль у такім стане дакладна б не сеў” – кажа ён. Супрацоўнікі лабараторыі таксама хвалююцца за калегу – нехта жартуе, што “ніколі не бачыў, каб начальнік піў на працы”, іншыя мяркуюць, што “трэба дадаць для паўнаты эксперыменту”.
Лабарант Вольга Іода рыхтуецца да адбору крыві
Калі надыходзіць час адбору крыві, эксперты адкрываюць чарговыя асаблівасці працы. “Пра адборы крыві на наяўнасць алкаголю нельга перад уколам апрацоўваць скуру спіртавымі растворамі. Бо нават той незначнай колькасці этанолу, што патрапіць у кроў пры пракалванні скуры, можа быць дастаткова для скажэння вынікаў, – тлумачыць Сяргей. – Таму звычайна выкарыстоўваюць фурацылін”.
У выпадку адбора аналіза крыві на ўтрыманне этанола нельга апрацоўваць скуру ў месцы укола спіртам. Выкарыстоўваюць дэзынфектары без утрымання спірту. Напрыклад, фурацылін
Адабраную пробу крыві захоўваюць у прабірках, апрацаваных гепарынам, каб папярэдзіць яе заўчаснае згортванне
Аналізавалі адабраную пробу тым самым метадам, што выкарыстоўвалі раней – газахраматычным. І хаця такія аналізы Сяргей Драгун робіць вельмі часта, зараз ён трохі хвалюецца – ўласную кроў раней даследваць не прыходзілася.
Практычны вынік даследвання паказвае – у крыві эксперта ўтрымліваецца 0,09‰ . Такім чынам, з аднаго боку – блізка да разлічанага тэарэтычна, з другога – недастаткова для канстатацыі стану алкагольнага ап’янення.
Каб ап’янець ад квасу, нават такога “ўзмоцненага”, як мы выкарысталі ў эксперыменце, трэба выпіць запар не менш трох літраў напою. Калі ж піць звычайны квас, то яго спатрэбіцца каля шасці літраў.
Так што ў меншых колькасцях спажываць напоі, кшталту тых, што мы даследвалі, можна без апасенняў. У летнюю спёку такая выснова вельмі радуе.
***
Даследаванне біялагічных вадкасцяў (кроў, мача) праводзіцца у аддзеле судова-хімічных экспертыз. Пры неабходнасці ў правядзенні экспертызы сюды можа звярнуцца любы ахвотны. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне 74-96-06.
Фота аўтаркі