Размаляванае Салацце. У Гродзенскім раёне мастакі ператвараюць вёску ў музей арт-аб’ектаў

– Калі мае бацькі выйшлі на пенсію, то папрасілі, каб я знайшоў ім домік у вёсцы. Пажылым людзям хацелася займацца агародам і жыць на прыродзе. Выбіраў доўга – нарэшце, знайшоў прыдатны дом у гэтым населеным пункце. Купіў хатку спачатку ім, а потым, праз нейкі час, вырашыў, што і сам хачу жыць у сельскай мясцовасці. Балазе, пустых дамоў тут было досыць, – распавядае Юры.

 

Зараз у Салацце крыху больш за 50 дамоў. Пяць з іх пустуе. Але, як кажуць мясцовыя жыхары, гэта ненадоўга. Вёска быццам звычайная, але з нейкай асаблівай мірнай энергетыкай.

 

– Ехаць адсюль не хацелася. Стаў жыць увесь час: і зімой, і летам. Працую ў Гродне, а гэта амаль 50 кіламетраў. Але да дарогі ўжо прывык. З часам абжыўся. У госці сталі прыязджаць мае сябры-мастакі. Захапляліся відамі і казалі, што нядрэнна было б тут таксама домік займець.

 

Для некаторых гэта засталося толькі на ўзроўні размоваў, а некаторыя ўсё ж набылі тут жыллё. Так, напрыклад, суседзямі Юрыя сталт вядомы гарадзенскі каваль Юрась Мацко і мастак Алесь Сураў.

 

 

Амаль усе хаты ў вёсцы дагледжаныя, адрамантаваныя, участкі прыгожыя, агароды – акуратныя. Што тут жывуць неардынарныя людзі, можна зразумець ужо на ўездзе – з вялікіх прамысловых шпулек для кабеля каля дарогі збудавана штосьці накшталт гарматы або сярэднявечнай катапульты. Побач вісіць незвычайны (усе з тых жа шпулек) паказальнік з намаляванай божай кароўкай.

 

 

Пазалетась новыя вяскоўцы вырашылі, што сумна ў вёсцы, трэба нешта замуціць цікавае і незвычайнае, а заадно разнастаіць грамадскае жыццё тут. Ідэя прыйшла сама сабой. Неяк увосень Юрась Мацко купіў прамысловыя шпулькі ад кабеля. Думаў, што на дровы, але апынулася, што дрэва змацавана вялікай колькасцю цвікоў і жалезных сашчэпак. Для топкі гэтыя драўляныя штукі не падыходзілі. Выкідаць было шкада. Так нарадзілася ідэя неяк абыграць велізарныя шпулькі і зрабіць з іх арт-аб’екты, якія маглі б упрыгожыць прысядзібныя ўчасткі. На дапамогу паклікалі сяброў – такім чынам у мінулым годзе ў Салацце арганізавалі першы пленэр.

 

Прыехалі мастакі з Мінска і Гродна. Вырашылі, што за тыдзень размалююць шпулькі, а потым упрыгожаць імі мясцовасць вакол вёскі і вуліцы населенага пункта. Так каля дома Юрыя Рэмшы з’явілася Пізанская вежа, якую збудаваў старшыня Саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі. Побач з чыгуначнымі шляхамі таксама некалькі незвычайных карцін, якія вельмі арганічна ўпісаліся ў навакольны пейзаж. Аб’ёмная зорка працы дызайнера Аляксандра Трусава пераехала на ПМЖ на тэрыторыю кафэ ў Парэчча.

 

 

Пасярэдзіне Салацця ўзвышаецца невялікі пагорак, на якім да нядаўняга часу рос дуб. На жаль, моцны вецер зламаў старое дрэва. На яго месцы два Юрыя – бізнэсовец і каваль – збудавалі вялікі крыж са ствала волата. Побач у рамках леташняга пленэра з’явілася вялікая драўляная галава князя Вітаўта.

 

 

– Праўда, хтосьці скраў з носа скульптуры медную пласцінку. Відавочна, на металалом здалі. А больш актаў вандалізму ў нас не было, – кажа Юры. – Мясцовыя да арт-аб’ектаў адносяцца беражліва і з павагай.

 

– У канцы пленэру мы яшчэ і канцэрты арганізоўваем. Калектывы з горада прывозім. Віктар Шалкевіч выступае. Мясцовыя прыходзяць сюды. Нават з суседніх вёсак з’язджаюцца, каб паглядзець на гарадскіх артыстаў. А скульптуры і карціны нікому не перашкаджаюць. Вось, напрыклад, мы зараз будуем на адным з дрэў назіральную пляцоўку. На яе можна будзе падымацца і аглядаць наваколлі, як у старыя добрыя часы. Кажуць, што на ўзгорку калісьці стаяў замак.

 

Зараз у Салацце праходзіць другі мастацкі пленэр. У гэтым годзе запрасілі 15 майстроў, якія амаль тыдзень робяць свае творы. Геаграфія стала больш шырокая – ужо не толькі прадстаўнікі Беларусі, але і мастакі з Санкт-Пецярбурга і нават з Англіі.

 

– У гэтым годзе да шпулек мы дадалі драўляныя паддоны. Запрасілі трошкі больш народа. Праўда, 15 чалавек – гэта максімум, які мы можам сабе дазволіць, – кажа Юры.

 


 

Выдаткі на пражыванне і харчаванне для майстроў Юры з таварышамі ўзялі на сябе – і ў выдатках, на жаль, абмежаваныя.

 

– Як і ў мінулым годзе, стараемся арганізаваць усё на вышэйшым узроўні. Бясплатна прадстаўляем жыллё, ежу і матэрыял. Актыўна шукаем спонсараў і ўкладваем свае сродкі ва ўсё гэта. Навошта мне гэта ўсё трэба? Не ведаю. Можа быць, каб дзеці і ўнукі змаглі ўбачыць, што мы тут нарабілі, – усміхаецца Юры.

 

Усе атрыманыя творы мастацтва застануцца тут, у Салацце. У гэтым годзе ў ваколіцах з’явяцца яшчэ некалькі карцін, а таксама скульптуры – рознакаляровы параход, лятаючая талерка і драўляны трактар ​​«Беларус», які нават зможа ездзіць, калі яго добранька падштурхнуць.