“Кола сустрэч” можа стаць другім Фестывалем нацыянальных культур
Канцэрт творчых калектываў “Кола сустрэч” арганізавала гарадзенская абласная філармонія. Гледачы на мерапрыемстве змаглі ўбачыць выступленні танцавальнага ансамбля “Сiхма” (Латвія), фальклорнага ансамбля “Лянок” (Латвія), ансамбля “Прымакі” (Польшча), музычнага тэатра гарадзенскай абласной філармоніі, музычнага тэатра “Рада” і многіх іншых.
“Наш Гродна – гэта горад з багатай гісторыяй, культурай і традыцыямі. Сярод гэтых традыцый – гэта талерантнасць і павага да іншых культур і веравызнанняў. Невыпадкова Фестываль нацыянальных культур праходзіць менавіта ў Гродне. І мы спадзяемся, што наш фестываль “Кола сустрэч” закладзе новую традыцыю. У першую чаргу мы ладзiм творчую сустрэчу прадстаўнікоў беларускіх дыяспар з замежжа. Акрамя ўсяго таго, мы б хацелі, каб наша мерапрыемства стала сапраўдным фестывалем, які быў бы мабільным і супадаў бы з пэўнымі датамі беларскага народнага календара. Гэта і Капалле, Калядкі, Гуканне вясны і г.д..” – адзначыў мастацкі кіраўнік гарадзенскай філармоніі Віктар Сакалоўскі.
Зусім нядаўна арганізатары правялі паспяховыя перамовы з “Песнярамі” і ансамблем “Харошкі”, якія пагадзіліся ў будучыні супрацоўнічаць з фестывалем “Кола сустрэч”.
Першае арганізаванае мерапрыемства ў Гродне прайшло добра, удзельнікі і гледачы засталіся задаволенымі. Напрыклад, у прадстаўніц Латвіі, што ўпершыню прыехалі ў Гродна, ад фестывалю засталіся толькі станоўчыя эмоцыі. Яны ўпэўнены, што ў “Кола сустрэч” ёсць будучыня.
“Мерапрыемства “Кола сустрэч” праводзіцца ўпершыню і, мне здаецца, гэта стане сапраўднай традыцыяй, мы будзем сустракацца штогод. Не важна, якія палiтыныя пытанні вырашаюцца ў вярхах, культура – яна бязмежная. І такія мерапрыемствы патрэбныя, бо мы бярэм ад кожнага народа, тое чаго не хапае нам, і наадварот. У Гродне мы ўпершыню і нам прыемна, што тут усё ад душы. Падрыхтавалі вельмі цёплы прыём, гарадзенцы аказаліся цудоўнымі людзьмі. Вельмі рады, што пабывалі ў гэтым горадзе. Мы шмат чулі пра Гродна, а калі прыехалі, зразумелі, што гэта сучасны еўрапейскі горад”, – сказала прадстаўнiца ансамбля “Лянок” Алена Грысле.
align=”” width=”725″ height=”544″ >