Дарослы мужчына не дае гарадзенцам i турыстам спакойна схадзіць у вулiчны туалет. Ён сочыць за iмi гадзінамі

|

Звярнулася ў рэдакцыю “Твайго стылю” Кацярына, якая працуе ў сувенірным кіёску на вуліцы Вялікая Траецкая. Яна распавяла, што баіцца наведваць вулічныя туалеты, бо там па некалькі гадзін праводзіць невядомы.

“Мужчына прыходзіць у туалет і сядзіць там гадзінамі, пры гэтым робіць адтуліны ў сценках. Першы час, мы гэтага не заўважалі і думалі, што хтосьці балуецца. Але пасля сталі заўважаць аднаго і таго ж мужчыну, які раніцай заходзіў у туалет, а  мог выходзіць пасля абеду”.- кажа Кацярына 

Як распавядаюць сведкi, калі мужчыну не турбуюць, ён можа сядзець ў туалеце і даўжэй. Часам тым, што мае патрэбу ў прыбіральні, прыходзіцца моцна стукаць па сценах, толькі так можна дабіцца. каб гэты мужчына выйшаў з кабінкі. 

Два біятуалеты на стаянцы па вуліцы Вялікая Траецкая стаяць побач. Гэта і дае магчымасць мужчыне сачыць за людзьмі.

“Самае дзіўнае, што гэты чалавек прыходзіць у туалет толькі па выходных, ён ідзе туды як на працу. Менавіта ў гэтыя дні на стаянцы, каля сувенірнага кіёска спыняецца вялікая колькасць аўтобусаў з турыстамі. І, натуральна, шмат хто ідзе ў туалет. Мы ўжо пару разоў на гэтага мужчыну крычалі, каб ён пакінуў нас у спакоі і даў магчымасць турыстам спакойна хадзіць па сваiх справах, але гэта не дапамагае”.

Ніхто б не скардзіўся на мужчыну, калі б ён проста сядзеў у гэтым туалеце. Як распавядае Кацярына, ён з выгляду прыстойны, заўсёды з чамаданам, дзе напэўна мае нейкiя сродкi каб выразаць дзіркі ў сценках туалета.

Вось такія дзіркі рэгулярна з’яўляюцца на сценках туалета

“Вядома, нам страшна, ніхто не ведае, што на розуме ў гэтага мужчыны. Адной жанчыне ён неяк праз дзірку сказаў: “Не баішся, што мы з табой правалімся?”, тая спалохалася і выбегла. Як я разумею, ён прыходзіць у туалет – садзіцца ў штанах, ставіць побач свой чамадан і сядзіць. Мяне зачапіла нядаўна сітуацыя, калі жанчына інвалід ледзь дайшла да гэтага туалета, а там яшчэ нехта  за ёй назірае. Вельмі непрыемна. Ён жа можа сядзець не толькі ў нас, але і ў іншых месцах”.

Вось такі від адкрываецца ў другой кабінцы


Як аказалася, такая праблема ёсць не толькі на стаянцы па Вялiкай Траецкай. Падобнае адбываецца і ў парку Жылібера. Там, у двух бiятуалетах, якія злучаныя паміж сабой, таксама нехта зрабіў скразныя дзіркі.

 

Супрацоўнік службы па ачыстцы туалетаў Павел, распавёў, што падобныя праблемы  сталі з’яўляцца апошнiм часам усё часцей.

“Гэта адбываецца на працягу года і мы не ведаем, хто і навошта гэта робіць. Ёсць звычайныя вандалы, якiя могуць зламаць ці проста размаляваць туалет, але выпадкі з выразанне адтулін пачалі адбывацца толькі ў гэтым годзе і адразу ў некалькіх месцах. Мы спрабавалі прыбіральні ставіць асобна, але іх усё роўна злучалі, як мы з’язджалі. Будзем нешта думаць”.

Дзіркі ёсць і ў сценках біятуалетаў, што ўсталяваны ў парку Жылібера


У міліцыі распавялi, што такія  дзеянні могуць расцэньвацца мінімуму як адміністрацыйнае, а максімум як крымінальнае злачынства.

Працяг будзе…