Беларускі перапісчык танней расійскага ў тры разы
Студэнты ў якасці перапіснога персанала прыцягваліся і да апошняга перапісу, які праводзіўся ў 1999 годзе, аднак гэтым разам яны на 100% складуць гродзенскую каманду перапісчыкаў: больш 1300 студэнтаў з чатырох гарадзенскіх ВНУ прыйдуць у кватэры гараджан.
У цэлым у Гродзенскай вобласці перапісны персанал складзе больш за 5,5 тыс. чалавек. Усе перапісчыкі за працу атрымаюць адначасовую ўзнагароду ў памеры 4 базавых велічынь (Br140 тыс.), паведамляе БелТА.
Вядома, што роўна праз год адбудзецца перапіс насельніцтва ў суседняй Рассіі (14-25 кастрычніка 2010 г.). Мяне зацікавіла пытанне, які заробак можа атрымаць перапісчык там. Па дадзеных Расстату плануецца плаціць 5700 рассійскіх рублёў за 12 дзён працы. Плюс – каэфіцыент, які складаецца з кіламетражу «вандроўкі» перапісчыка. Такім чынам, расійскі перапісчык атрымае мінімум 184 даляры, беларускі – 50 без усялякіх каэфіцыентаў. Можа таму гродзенскія статыстыкі і зафіксавалі студэнцкую «стоадсоткавасць», што, па-першае, больш ніхто на такую працу не паквапіцца, а па-другое, студэнт – істота паднявольная, каб не мець праблем пойдзе і ў перапісчыкі.
Фота http://versia.ru