Як вызвалялі Гродна ў ліпені 1944 года: успаміны гараджан

|

Прайшло 72 гады пасля вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акупацыя горада доўжылася 1111 дзён і начэй. За гэты час было знішчана большая частка жыхароў горада. А тыя хто застаўся ў жывых, да гэтага часу памятаюць, якой цаной дасталося мірнае жыццё ў горадзе.


Ніне Міхайлаўне ў момант вызвалення Гродна было 8 гадоў, тыя ліпеньскія дні гарадзенка запомніла на ўсё жыццё.

align=”” width=”725″ height=”544″ > 

“Яшчэ ў пачатку вайны, калі дэпартавалі гарадзенскіх яўрэяў ў гета, то немцы нам казалі, што спачатку разбяруцца з імі, а потым возьмуцца і за нас. А ўсё да таго і ішло. Але дзякуючы Чырвонай армii мы засталіся жывыя. Мне вызваленне Гродна запомнілася тым, што немцы так і не паспелі выкарыстаць сваё прыстанішча, якое выкапалі на гары каля жандармерыі (цяперашняя 4-ая школа – аўт.). Ужо калі наступала Чырвоная армія, гэтае прыстанішча занялi гарадзенцы. Там усё было вельмі добра абсталявана, бо немцы будавалі яго для сябе. Пасля бамбёжкі вызваліцеляў мы сустракалі з белым сцягам. Савецкія салдаты, калі пераканаліся, што мы мірнае насельніцтва, адправіліся далей, і мы шчаслівыя выйшлі на вуліцу”.

Марыя Станіславаўна апошні раз бачыла немцаў у ліпені 1944 года, літаральна за некалькі гадзін да прыходу савецкіх салдат.

 

“За пару дзён да  вызвалення горада я была ў вёсцы і бачыла, як спачатку вялікая калона немцаў адыходзіла, пры гэтым наперадзе вяла мірнае насельніцтва, а ўжо ззаду везлі тэхніку і жывёл. Адразу як немцы сышлі, прыйшлi рускія салдаты, першымі былі разведчыкі на конях. Яны запыталіся ў нас “Немцы ёсць?”, хутка зразумелі, што няма, і паскакалі ў бок Гродна. Немцаў я запомніла на ўсё жыццё. Я тады была маленькая і яны нас два разы ставілі пад сцяну. А ўсё з-за таго, што курыца ўцякала або карова не там пасвілася”.



Зінаіда Цімафееўна адна з тых, хто жыве ў Гродне і хто ў ліпені 1944 года браў удзел у вызваленні горада. Ва ўзросце 19 гадоў Зінаіда сышла на вайну ў Разані, а ўжо ў 23 гады яна святкавала перамогу ў Берліне.

“Словамі ўсё перадаць вельмі цяжка. Але хачу сказаць, што жыхары сустракалі нас выдатна, нехта плакаў, а нехта выходзіў з хлебам і соллю. Горад тады быў маленькі. Адну частку ўзялі хутка, а другую за Нёманам было вельмі цяжка браць. Я была ў складзе сапёрнай брыгады, і мы будавалі масты, каб перабрацца на другі бок горада. Мы толькі пабудуем мост, а праз 10-15 хвілін немцы яго руйнуюць. У выніку, нам удалося перабрацца толькі ў раёне Гожы. Цяжка перамога дасталася, многіх страцілі, і не дай Бог, каб такое паўтарылася”.


Адразу пасля ўзяцця Гродна Зінаіда атрымала медаль за баявыя заслугі. Маладая дзяўчына не баялася ісці ў бой і лічыла, што калі лёсам ёй наканавана загінуць, значыць так і павінна быць. Перад тым як адправіцца на фронт, мама дала Зінаідзе абразок, і з гэтым абразком маладая дзяўчына прайшла ўсю вайну.

“Цалкам Гродна вызвалілі 24 ліпеня, 16-га вызвалілі толькі адну частку. А так як па плану Гродна трэба было вызваліць менавіта 16 ліпеня, то гэты дзень так і замацаваўся за датай вызвалення горада. Пасля ўзяцця Гродна, нам здавалася, што мы ўжо скончылі вайну, але гэта быў не канец, жахі вайны яшчэ нас чакалі наперадзе”.


Пасля вайны маладая дзяўчына вярнулася ў горад, які яна вызваляла ў 1944 годзе. У Гродне яна вышла замуж і выгадавала дзяцей, унукаў і праўнукаў, у школу пайшлі ўжо і яе прапраўнукі.