Pokemon Go у Гродне: як маладыя гарадзенцы ловяць кішэнных монстраў

|

Хутка апрануўшыся, яны выскокваюць з дому і нясуцца кудысьці па вуліцы, не адрываючы вачэй ад смартфона. Здабыча чакае, але важна паспець злавіць яе першым. Гэта ўсё аб гульцах у Pokemon Go. Гульня, якая выкарыстоўвае дапоўненую рэальнасць, за лічаныя дні стала папулярнай ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Гродне.


Гульня для смартфонаў выйшла 6 ліпеня 2016 года і менш чым за два тыдні стала адной з самых папулярных у гісторыі, а капіталізацыя кампаніі Nintendo, якая валодае правамі на брэнд Pokemon, за лічаныя дні павялічылася на $ 8 млрд.

 

Хаця гульня афіцыйна не выйшла ў Беларусі, людзі загружаюць яе з адмысловых форумаў і ўсталёўваюць без пасярэдніцтва Google Play. З кожным днём гульцоў, у тым ліку і ў Гродне, становіцца ўсё больш. Мы даведаліся, чаму гараджане так шмат часу праводзяць за гэтай гульнёй.


Кірыл, 16 гадоў

 

– Гульня цікавая, ды і сутнасць простая, хоць яна яшчэ недапрацаваная. Ёсць карта горада: трэба хадзіць і збіраць пакемонаў. Яны з’яўляюцца выпадкова ў розных месцах. Зараз лета, я не хачу сядзець дома і сумаваць, а гэта гульня – добрая магчымасць падняць настрой. Гульня яшчэ мае пазнавальную частку, бо большасць патрэбных месцаў знаходзяцца каля славутасцяў Гродна.

 

 

 

Анатоль, 17 гадоў


– Няма чаго рабіць, вось і гуляю. Ідзем па горадзе з сябрам і заадно збіраем усё, што нам трэба. Ходзім удвох, бо трапляюцца іншыя супернікі. Ніхто адразу не бачыць суперніка, ён можа з’явіцца выпадкова ў любым месцы. З-за вялікага наплыву людзей гульня моцна тармозіць.




Арцём, 18 гадоў

 

– Лічу, што гуляць у гэтую гульню – лепш чым сядзець дома за камп’ютарам, хоць і выніку ад гульні няма нiякага і нічому яна не вучыць. Мы проста ходзiм па горадзе і заадно гуляем – збіраем патрэбныя рэчы. У дзень на гульню марную дзесьці гадзіны дзве.

 



Вадзім, 18 гадоў


– Не ўвесь час жа праводзіць з дзяўчатамі, ды і мяне яе няма цяпер, так што я гуляю кожны дзень. Буду гэта рабіць пакуль гульня не надакучыць.




Глеб, 14 гадоў


– У мяне ўжо шмат сяброў гуляе, сам я гуляю толькі трэці дзень. Гульню запампаваў у інтэрнэце і ў дзень надаю ёй больш за тры гадзіны. Я і футбол люблю, але гульня таксама цікавая. Стараюся ўсё сумяшчаць.




Аляксандр, 29 гадоў


– Пра гульню даведаўся з навін, бо ўся стужка ў сацыяльных сетках была запоўненая гэтымі пакемонамi. Зацікавіўся, спампаваў сабе і пайграў. Я езджу ўвесь час на аўтамабілі, мала актыўна рухаюся, таму гэтая гульня дае мне магчымасць больш хадзіць пешшу і даведацца аб новых славутасцях у Гродне. Я хоць сам фотажурналіст, але аб некаторых месцах нават і не ведаў.


 

Пакемоны гэта фантастычныя істоты з папулярнай японскай серыі камп’ютарных гульняў і мультсерыяла 90-х гадоў, нешта накшталт жывёл, якія валодаюць звышздольнасцямі. Мэта гульні – злавіць як мага больш пакемонаў і затым трэніраваць іх для сутычак з іншымі гульцамi. Пакемоны могуць быць у парках, тэатрах, музеях, храмах, на могілках і іншых месцах.

 

 

Неўзабаве гульня выйдзе афіцыйна ў Расіі і Беларусі. Тады на вуліцах Гродна можа з’явіцца яшчэ больш людзей, якія бегаюць за пакемонамi.