Віленскі стэндапер з гарадзенскімі каранямі: “Калі не ведаеш, пра што жартаваць, жартуй з сябе”
Жартуйце з сябе
– Мне заўсёды вельмі падабалася жартаваць, – расказвае Алег. – У школе я вучыўся дрэнна, таму што настаўнікам не заўсёды падабаліся гэтыя жарты, яны ставілі мне двойкі. Але залу ніколі не падманеш. Мае сябры, аднакласнікі, смяяліся, і мне гэта падабалася.
Першы раз Алег з’явіўся на сцэне дзякуючы сябрам. Быў дзень нараджэння інтэлектуальна-забаўляльнага шоу “Mad Head” у Вільні [гульня накшталт гарадзенскай “Мозгобойни”]. Кожны мог выйсці, павіншаваць, нешта сказаць. Алег выйшаў і выступіў, зале спадабалася. Пасля гэтага вядоўца прапанаваў зрабіць адкрыты мікрафон. Там прайшло першае выступленне Алега. “І паняслося”.
Алег прызнаецца, што часцей выступае ў Літве на адкрытых мікрафонах, але ў Гродне таксама здараецца.
– Я выступаў у Гродне чатыры разы. Апошні раз – на фестывалі культур. Некалькі разоў – у бары “Пушкін”. Там адкрыты мікрафон па падобным прынцыпу, як і ў Вільні. Мне спадабалася атмасфера.
Алег кажа, што стэндапы ў яго нараджаюцца не вельмі часта: раз на паўгады.
– Стэндапы нараджаюцца выпадкова. Быццам у мозгу ёсць кнопка “запіс выпадковых жартаў”. У галаву прыходіць выпадковая думка ці фраза. Ты пачынаеш яе развіваць, дадаваць яшчэ жарты. І з дапамогай ланцуговай рэакцыі атрымліваецца грунтоўны выступ са сваёй праграмай, уводінамі і вывадам.
Парады ад стэндапера: калі ты не ведаеш, пра што жартаваць, жартуй пра сябе. Па-першае, гэта бяспечна. Калі жартуеш пра сябе, цябе ніхто не паб’е. Па-другое, самаіронія – гэта перамога над сабой. Калі ты жартуеш з сябе, ты сябе прыймаеш. Па-трэцяе, з сябе жартаваць лягчэй, бо сябе ты добра ведаеш.
Яшчэ ён называе такія “бясконцыя” тэмы, як адносіны, адносіны з дзяўчатамі, лянота. Адзінае, супраць чаго выступае Алег – гэта мат і пошласць. Стэндапер упэўнены, што казаць трэба тады, калі табе ёсць што сказаць. І не прымушаць сябе пісаць.
– Я думаю, стэндапы папулярны, бо людзі любяць смяяцца, гэта для здароўя карысна. Хтосьці больш любіць смяяцца, хтосьці – жартаваць. Стэнд-апы – гэта лёгка, бязкрыўдна і смешна.
Дзённік не хлусіць
– Я быў на чацвёртым курсе, пісаў дыплом і задумаўся пра сваё жыццё. І зрабіў выснову, што яно да смешнага нецікавая і сумнае. І я напісаў свой дзеннік. Ён быў гатовы за паўгадзіны. Мне спадабалася, я падумаў, што гэта цікава і смешна. Я выклаў яго ў Фэйсбук, атрымаў два “лайкі” і абураныя каментары, што такое нельга паказваць, – смяецца Алег.
Кніга “Мой дневник” некалькі разоў перапісвалася і выйшла ў 2016 годзе. Сто экзэмпляраў кнігі разыйшліся па сябрах і знаёмых.
– Сіла кнігі ў тым, што гэта дзённік, – упэўнены Алег. – А дзённік не хлусіць.
Друку чакаюць дзве іншыя кнігі. Адна з іх – “Мой дневник”, дапоўнены дыялогамі. Пра трэцюю Алег пакуль не расказвае. Толькі інтрыгуе тым, што гэта першая ў свеце кніга-рэстаран. Яна выйдзе восенню.
Працоўныя будні
Алег працуе на факультэце механікі Віленскага тэхнічнага ўніверсітэту імя Гедымінаса чатыры гады і займаецца біямеханікай.
– Зараз вялікі інтарэс прадстаўляе мадэляванне жывых тканін. Гэта не проста медыцына, а навука для здароўя чалавека пры дапамозе ведаў, якія мы атрымліваем з механічных навук, – кажа Алег.
Праца навуковага супрацоўніка заключаецца ў тым, што ён фармулюе навуковую праблему і вырашае яе. Жывыя тканіны – складаная структура. Найбольш аптымальны варыянт для даследаванняў – камп’ютарныя даследаванні матэматычных мадэляў.
– Косць – жывая тканіна, – тлумачыць вучоны. – Але ў той жа час гэта аб’ект механікі. З дапамогай ураўненняў механікі мы можам апісаць яе паводзіны пад нагрузкамі і можам убачыць: здаровая гэта косць ці аслабленая. Такім чынам мы атрымліваем больш поўную карціну пра здароўе чалавека.
Алег мадэлюе пазваночнік. Яго скануюць на тамографе, атрымліваецца геаметрыя. Пры дапамозе праграм яе пераўтвараюць у цвёрдае цела, дадаюць уласцівасці і нагружаюць. Уласцівасці адлюстроўваюць параметры астэапароза, сітаватасць, колькасць кальцыю. Мадэль нагружаюць і глядзяць, дзе яна можа зламацца. Урач будзе бачыць, у якім месцы і пры якой нагрузцы можа адбыцца пералом. Па гэтых дадзеных ён можа лепш спланаваць лячэнне і папярэдзіць пацыента.
Віленскі тэхнічны ўніверсітэт імя Гедымінаса мае сумесныя распрацоўкі з ГрДУ імя Янкі Купалы – мадэль сцегнавой косці. Алег адзначыў моцную навукова-практычную базу ГрДУ і вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва.
Пра гарадзенскія карані
Алег нарадзіўся ў Вільні, але сваім домам называе і Гродна, дзе ў яго жыве бабуля і куды ён прыязджае ў адпачынак.
– Пакуль быў Савецкі Саюз, не было розніцы, дзе жыць. Потым Саюз распаўся, з’явілася мяжа. Я не бачу асаблівай розніцы паміж Гродна і Вільняй. Хіба што там усё па-літоўску. Спачатку з літоўскай мне было складана, бо я нарадзіўся ў рускай сям’і, вучыўся ў рускай школе. Але ва ўніверы я хутка прывык і зараз у галаве нават не пераводжу з літоўскай на рускую.
На пытанне, што яму падабаецца ў Гродне, Алег адказвае, што прасцей спытаць, што не падабаецца. Аказваецца, такога, што не падабаецца, у Гродне наогул няма. Праўда, пераязджаць сюды хлопец не збіраецца, бо прывязаны да аспірантуры ў Вільні.
– Гродна – вельмі чысты горад. Нідзе няма акуркаў і размаляваных графіці сценаў. Вельмі добрыя, прыемныя, чулыя людзі, якія шмат усміхаюцца. Калі не ведаеш дарогі, заблукаў у незнаёмым раёне, заўсёды дапамогуць. Тут вельмі ўтульна. Ідзеш – і ёсць адчуванне цуду, як перад Новым годам чаканне свята. Ёсць такая атмасфера, якую лягчэй адчуць, чым растлумачыць словамі, – кажа Алег.
Фота: Алена Кавальчук, Арцём Сіневіч, сацсеткі