Вялікае Княства на двух гектарах. У Ашмянскім раёне паўстане парк мініяцюрных замкаў
— Алесь, што падштурхнула вас да стварэння такога парку?
— Падобныя паркі мініяцюр ёсць амаль у кожнай краіне. Напрыклад, у Польшчы нават у кожным рэгіёне. І калі я бываў на такіх аб’ектах, то паўставала лагічнае пытанне: чаму ў нашых суседзяў такіх паркаў шмат, а ў нас няма ніводнага? Хіба мы горшыя за палякаў? Паступова ідэя выспявала, і нарэшце прыйшоў час рэалізацыі.
Наш парк будзе знаходзіцца за 5 км ад Гальшанскана замку, каля вёскі Родзевічы ў Ашмянскім раёне, на тэрыторыі аграсядзібы “Шляхецкая ваколіца”. Я з’яўляюся яе ўласнікам, таму мне прасцей на сваім участку ўсё размясціць. Там ужо насыпаныя адмысловыя ўзвышшы, дзе мусяць стаяць гатычныя замкі ВКЛ. Мы прынялі такое рашэнне, што не будзем абмяжоўвацца межамі сучаснай Беларусі, а возьмем гістарычны кантэкст. Таму апрача такіх замкаў, як Наваградскі, Гарадзенскі, Лідскі, Крэўскі, у нашым парку будуць яшчэ і Віленскі, Медніцкі, Троцкі… Копіі будуць у суадносінах 1:25 — гэта стандартны маштаб, які выкарыстоўваецца ў падобных парках. Напрыклад, вежы Мірскага замка будуць вышынёй прыкладна 1,4 м, ад кута да кута будзе каля 3 м.
— Пры такой вышыні кожны наведнік адчуе сябе Гуліверам.
— Абсалютна так гэта і будзе выглядаць.
— Растлумачце, як з дапамогай камп’ютара можна атрымаць аб’ёмную копію помніка архітэктуры?
— Насамрэч гэта зусім нескладана. Для сучаснага 3-D прынтара гэта самая простая задача. Цяпер ужо выліваюць дэталі для некаторых прыбораў, машын, медыцынскага абсталявання, нават дамы ўжо л’юць на 3-D прынтары. Тэхналогія вельмі простая — пластык выплаўляецца пры тэмпэратуры 250 С, і тая 3-D мадэль, якую вы маеце ў камп’ютары, атрымліваецца ў пластыку.
— Каб зрабіць замак, дастаткова назбіраць пластыкавых бутэлек?
— Не. Пластык мае быць адмысловы. Канкрэтна для ліцця мініятур падыходзіць ABS-пластык, больш-менш устойлівы да знешніх уплываў — тэмпературны рэжым, ападкі атмасферныя і г.д. Гэта такая ж тэхналогія, як выраб аўтамабільных бампераў. Там таксама выкарыстоўваецца ABS-пластык.
— Ад Наваградскага замка засталася адна кутняя вежа, ёсць розныя версіі, як ён выглядаў у старажытнасці. А якім ён паўстане ў вашым парку?
— Маеце рацыю, мы не ведаем, як некаторыя замкі выглядалі ўвогуле. Напрыклад, Гальшанскі. Існуе чатыры ці пяць версій, як ён мог выглядаць. Таму частка нашых мадэляў шмат у якой ступені інтэрпрэтацыі — як тыя замкі маглі выглядаць. Наша мэта — стварыць парк мініятур, месца для адпачынку, а не для навуковых даследаванняў. Госці прыедуць і зразумеюць, які гэта быў велічны край, бо мы маем за спіной 1000-гадовую цывілізацыю. Гэта для нас галоўнае.
— Зразумела, што парк абыдзецца вам у немалую капейчыну. Вы маеце фундатараў ці разлічваеце на свае сілы?
— Так, сродкаў патрэбна шмат. Напрыклад, земляныя работы, якія праводзіліся на ўчастку дзесяць дзён, каштавалі нам 62 мільёны недэнамінаваных рублёў. Праца архітэктара, 3-D мадэлера таксама нятанныя, плюс матэрыялы, фарбы, абсталяванне. Кошт 3-D друкаркі ўвогуле вагаецца ад 50 мільёнаў рублёў да дзясяткаў тысяч долараў. А трэба ж тэрыторыю абгарадзіць — паўтара км плоту, а тэхніка, рабочыя… Праект часткова фінансуецца Еўрасаюзам. Астатняе мы мусім фінансаваць самі, а гэта немалыя сродкі. Таму мы збіраем ахвяраванні на краўдфандынгавай пляцоўцы www.talaka.by, спадзяёмся на падтрымку грамадскасці. Паводле нашага плану, да канца кастрычніка мы мусім выліць 10 аб’ектаў невялікага памеру: замкі ў Любчы і Крэве, цэрквы-замкі ў Мураванцы і Сынкавічах. А ўжо вялікія замкі — Віленскі, Наваградскі, Троцкі — будуць адлівацца зімой.
— Беларусь у афіцыйных СМІ на ўсе лады рэклямуецца як турыстычная краіна. Ваш парк якраз мог бы прыцягваць увагу турыстаў. Ці дапамагае вам дзяржава?
— Наш праект рэалізуецца на тэрыторыі Ашмянскага раёну. З боку раённай адміністрацыі мы маем спрыянне на ўсіх узроўнях — ад кіраўніка райвыканкаму да старшыні сельсавету. Тэхніку мы наймаем на ашмянскім прадпрыемстве. Таксама прыемна адзначыць, што да нас прыяжджаюць валанцёры. Першая група была зусім нядаўна — моладзь з пратэстанцкай царквы ў Мінску. Яны так самааддана працавалі, што за дзень вывезлі дзевяць машынаў з каменнем! Зрабілі такі аб’ём, які мая брыгада рабіла за два-тры дні. Плюс ім было цікава, што ўвечары было вогнішча, ля якога можна было пагутарыць, паспяваць. Мы ім зладзілі экскурсію па ваколіцах. Такім чынам, і ім было добра, і для нас карысна.
— У Беларусі працяглы час дзейнічае дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі». Як вы ацэньваеце яе вынікі?
— Тут я сябе адчуваю трохі не ў сваёй талерцы, бо я не навуковец, не эксперт, не архітэктар, а папулярызатар. Але, прызнацца, рэканструяваная вежа ў Наваградку мне не падабаецца. Калі ж узяць такія турыстычныя аб’екты, як Мір і Нясвіж, калі ўлічыць прыток турыстаў, паслугі і г.д., то для Беларусі гэта не самы горшы варыянт.
— Ваш парк размесціцца паміж двума славутымі замкамі — Крэўскім і Гальшанскім. Абодва яны ляжаць у руінах. Калі б іх аднавіць хоць часткова, то і вам была б карысць.
— Так, Крэва і Гальшаны — на сёння самыя балявыя кропкі ў Беларусі, яны абодва працягваюць разбурацца. Існуе вельмі цікавы праект аднаўлення Гальшанскага замку, ён ужо прайшоў экспертызу. Згодна з ім, кутняя вежа адбудоўваецца цалкам, там мае быць міні-музей, а два карпусы, якія стаяць у руінах, кансервуюцца з дапамогай канструкцый з металу і шкла, якія проста накрываюць увесь аб’ём. Плюс цікавы ландшафт, і месца стане прывабным для турыстаў. Я вельмі спадзяюся, што наш парк будзе нейкім пасылам для дзяржавы, каб нарэшце вырашыць праблему з Гальшанскім замкам. Гэта проста пытанне волі і фінансавання.
— Чаму для свайго парку вы абралі менавіта Ашмяншчыну?
— Родам я з Валожыншчыны. Проста ў Ашмянскім раёне маю сядзібу, дзе развіваю агратурызм. Я ўжо прыкіпеў душою да гэтае зямлі, мяне там усе сабакі ведаюць і палова катоў. Праз месяц, 27 жніўня, мы робім прэзентацыю нашага праекту для турыстаў. Мы проста раскажам пра парк, пакажам ужо зробленае. А генеральнае адкрыццё, спадзяюся, адбудзецца ў канцы мая — пачатку чэрвеня наступнага году.