Міжнародны арганны фестываль становіцца візітоўкай Гродна

|

Падчас фестывалю ў Лютэранскай кірсе было дадзена 10 канцэртаў. Слухачы пачулі творы музыкаў пяці краін, сярод іх песні Булата Акуджавы ў незвычайнай аранжыроўцы, з канцэртамі выступіў беларускі музыка Валерый Шмат, нямецкі арганіст Маціяс Бэлерт, музыканты Клаўдыя Тваржык з Польшчы, расіянка Марыя Макаранка і іншыя.

 

Нямецкі арганіст Маціяс Бэлерт граў на закрыцці фестывалю


“Вельмі прыемна, што гарадзенцы i госцi горада палюбілі нашыя канцэрты і ходзяць на iх з вялікім задавальненнем. У гэтым годзе публіцы былі прадстаўлены розныя жанры ігры на аргане – старадаўняя музыка, джаз, сучаснасць і г.д. Магчымасці нашага аргана паказалі з розных бакоў, публіка ўспрыняла канцэрты на вышэйшым узроўні. Мы ўжо будуем планы на наступны год – знакавы для Лютэранскай царквы, бо гэта будзе 500-годдзе Рэфармацыі. Будзе больш канцэртаў. Акрамя аргана ў наступным годзе на фестывалі музыкі будуць граць і на іншых інструментах”, – расказаў пастар Лютэранскай кірхі ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

 

 

Усе канцэрты на фестывалі былі дабрачыннымі. Частка атрыманых сродкаў пойдзе на ўстаноўку цэнтральнага вітража ў кірсе, частка – на дапамогу Гарадзенскаму дзіцячаму хоспісу і хворым дзецям.

 

Фестывалем канцэрты ў кірсе не абмяжоўваюцца. Ужо вядома, што з пачаткам восені ў храме будзе граць арган і віяланчэль.