“Хачу месца, каб спакойна дажыць сваё”. Гарадзенка праз суд спрабуе выгнаць з дому родную маці
Дачка патрабуе выпісацца, а ў вёсцы прапісацца немагчыма
Кватэру дачкі Валянціны пабудавалі ў 2004 годзе. Будаваць дапамагала маці. У 2007 годзе Валянцiна прапісала маму ў сваёй кватэры, каб сын мог стаць у чаргу на новае жытло – інакш у іх атрымлівалася зашмат метраў.
У 2016 годзе дачка запатрабавала, каб маці выпісалася з кватэры, але пенсіянерка адмовіла, бо ў доме ў вёсцы яе не прапісвалі. У сельсавеце проста не могуць яе прапісаць, бо на вясковы дом трэба зрабіць новыя дакументы, а яны каштуюць грошай. Пенсіянерка мусіць спачатку сабраць патрэбную суму, аформіць дом, а толькі пасля прапісацца. Але яе малодшая дачка Валянціна чакаць не стала і падала ў суд.
Інтарэсы пенсіянеркі ў судзе прадстаўляе яе старэйшая дачка, сястра Валянціны. Яна кажа, што не шукае выгады, а проста стала на абарону маці.
“Мне сорамна за такую дачку”
Перад сустрэчай у судзе сваякі між сабой не кантактавалі і сядзелі асобна. Ужо ў кабінэце суддзі Валянціна заявіла, што добрых адносін з маці ў яе ніколі не было, бо “яна яе толькі нарадзіла”.
“Я прашу прызнаць суд, што Марыя Андрэеўна страціла права пражывання па маім адрасе. На той тэрыторыі яна не пражывае, не плаціць камунальныя паслугі і не мае долі. Я б хацела сваю кватэру абмяняць, у сувязі з гэтым і прашу яе выпісацца. Спагнанняў я ніякіх не патрабую. Маму чыста па-чалавечы шкада, я спрабавала гэтае пытанне вырашыць мірным шляхам, і ісці ў суд мне было непрыемна, але ў мяне не было іншага выхаду. Мне здаецца, яна б даўно ўжо выпісалася, але старэйшая сястра задумала нешта нядобрае”, – распавяла Валянціна.
Пенсіянерка летам жыве ў старэйшай дачкі на дачы, дзе няма ўмоў для пражывання, бо дом там не дабудаваны. На зіму тая ж старэйшая дачка забірае маму ў сваю маленькую кватэру.
У судзе Марыя Андрэеўна прызналася, што нiколi не чакала, што яе родная дачка падасць на яе ў суд. Праз гэта яна стала часцей хварэць і не аднойчы апошнім часам трапляла ў бальніцу.
“У кватэры малодшай дачкі я наогул ніколі не жыла і жыць не хачу, хоць і дапамагала яе будаваць. Прыеду іншы раз – ніхто не адкрывае. Пасяджу гадзінку і еду ў вёску, а калі не паспявала на транспарт, то начавала на вакзале. Я не заслужыла такога стаўлення – дапамагала ёй, чым магла. Яна адзіная ў нашай сям’і атрымала вышэйшую адукацыю, ужо шмат гадоў працуе ў школе. Але мне сорамна за такую дачку, за яе абразы ў мой адрас, паводзіны і пагрозы”, – кажа Марыя Андрэеўна.
“Мне бы пахавальныя i месца на могiлках”
Старэйшая сястра не можа да сябе прапісаць маму, бо ў яе маленькая кватэра і муж з інваліднасцю. Ёсць яшчэ сярэдняя сястра, гатовая прапісаць да сябе маму, але сама пенсіянерка гэтага не хоча: аднаго вопыту ёй ужо хапіла.
“Я не выпісваюся, бо мяне не могуць прапісаць у доме памерлага мужа. Я пяць разоў была ў сельсавеце і мне адмаўлялі. Я стары чалавек і ўсё разумею, але мне трэба дзесьцi месца, каб я спакойна магла дажываць свае дні. Малодшая дачка так стала мяне абражаць, што аж жыць не хочацца. Яна пагражае і старэйшай дачцы, іншы раз мне тэлефануе і кажа: “А ты яшчэ не здохла? А ты ў мяне шакаладку скрала”. Мне не патрэбна яе кватэра, я хачу свой куток на вёсцы. Я яе прасіла – пачакай, дай сабраць грошай і ўсе даведкі, каб аформіцца ў доме іх бацькі, але яна не стала чакаць, – кажа жанчына. – Мне ўжо 78 гадоў, я стала часта хварэць. Я магу ў любы час памерці, а калi ў мяне не будзе прапіскі, то мне не дадуць пахавальныя, і нават не знойдуць месца на могілках”.
У судзе сваякам далі тэрмін, каб яны паспрабавалі мірным шляхам вырашыць свае праблемы. Калі не, суду прыйдзецца вынесці рашэнне на карысць аднаго з бакоў.
У канцы пенсіянерка, расплакаўшыся, сказала:
“Я ў царкву хаджу, малюся і думаю, што Бог нам суддзя і ён усё бачыць. Мне вельмі цяжка адной спраўляцца з гэтым усім. Быў бы жывы муж, ён бы хутка яе паставіў на месца. А так зараз нашай сям’і сорам і ганьба”.
Фота: Ismael Nietio, unsplash.com