Гарадзенка праславілася на Сусветных Днях Моладзі: узняла транспарант “Папа, пазвані мне”
Беларуская мастачка Яна пяць год жыве ў Кракаве, дзе навучаецца ў Акадэміі мастацтваў. На Сусветных Днях Моладзі яна была валанцёркай. Яе нумар тэлефона на банеры, што дзяўчына ўзняла ў нядзелю, 31 ліпеня, паказалі тэлеканалы па ўсім свеце.
“Да Папы – як да таты”
“Гэтым жэстам, сваёй просьбай, я хацела падкрэсліць яго цёплае стаўленне да людзей. І што да яго можна звярнуцца таксама проста, як да таты, – распавядае Яна. – Хацела падкрэсліць яго прастату, адкрытасць і сучасную камунікацыю з вернікамі”.
Папа пакуль не патэлефанаваў да Яны, але з медый, блізкіх да Ватыкана, дзяўчына атрымала звестку, што гэта цалкам верагодна. “Праз пару тыдняў, калі трохі супакоіцца ажыятаж вакол акцыі, ён можа патэлефанаваць”, – абнадзеілі мастачку. “Чакаю гэтага з нецярпеннем”, – кажа Яна.
“Хацела б паразважаць з ім пра сучаснае мастацтва, пра тое, што яно ўсё часцей любіць выходзіць па-за межы “белага куба” і пачынае супрацоўнічаць з рэкламай, навукай, псіхалогіяй і іншымі бакамі рэчаіснасці, – тлумачыць мастачка сваё жаданне. – Мастацтва робіцца быццам прапаведнікам, то чаму б сучаснаму мастацтву не пачаць супрацоўнічаць і з рэлігіяй? Бо ў гэтай сферы пакуль што мастацтва прадстаўлена роспісам касцёлаў, іконамі і карцінамі на рэлігійныя сюжэты. Аднак сучасныя формы мастацтва – інсталяцыі, відэа ці сучасная графіка – там пакуль адсутнічаюць”.
Вітанні з усяго свету
Пакуль жа Яна атрымлівае мноства паведамленняў з усяго свету. Ёй пішуць з Англіі, Індыі, Германіі, Швейцарыі, Польшчы ды іншых краін:
“Я не Францішак з Ватыкану, а Дарэк з Радомя. Але перадаю табе свае сардэчныя вітанні!”
“Шыкоўная ідэя! Не ведаю, хто ты, але я ўражана тваёй задумкай з нумарам тэлефона! Ганаруся табой! Шчыра захапляюся і зычу поспеху! Лаўра з Сасноўца”
“Убачыла твой нумар па тэлевізары і ад усяго сэрца жадаю, каб Папа табе патэліў! Сардэчныя вітанні ад Евы з Ёрку, што ў Англіі.”
“Хэй! Твой мэсэдж да Папы гэта крута! Прывітанні са Швейцарыі!”
“Віншую, што адважылася паказаць той банер і шлю прывітанні з Пнева каля Познані! Д.”
Што да адвагі, то, паводле Яны, гэты ўчынак вельмі адпавядае і словам самога Папы Францішка пра адвагу, якія прагучалі ў яго звароце да моладзі: “Быць надзеяй будучыні – гэта адвага. Будзьце адважнымі, не бойцеся!”
Фота са старонкі tvp.info
Акцыя з нумарам тэлефона – не адзіная, якую Яна зладзіла ў Кракаве ў час Сусветных Дзён Моладзі. Разам з іншай студэнткай Акадэміі мастацтваў Марыяй Альбрыхтовіч яна зладзіла праект “Хто твой Папа?” Дзяўчаты падмянілі адзін са сцягоў з сімволікай свята на галоўнай плошчы горада. Гэтак побач са сцягамі з партрэтамі Яна Паўла ІІ і святой Фаўстыны з’явіўся сцяг з партрэтам Папы Францішка. Такі сцяг не быў запланаваны арганізатарамі, але падмены не заўважылі адразу – сцяг правісеў да канца тыдня.
“Пачалося з таго, – распавядае дзяўчына, – што пад час прыгатаванняў да імпрэзы і візіта Францішка нідзе не было візуальнай рэкламы яго асобы”. А ён, паводле мастачкі, з’яўляецца сімвалам перамен у каталіцкім касцёле і ў іншых галінах сучаснага жыцця. У Кракаве паўсюль былі толькі выявы Яна Паўла ІІ і сястры Фаўстыны.
“Трэба прызнаць, што вялікая колькасць палякаў шануе Папу Яна Паўла найперш таму, што ён быў палякам. Па-за ўвагай часта застаецца тое, што ён напісаў шмат добрых кніг і многа чаго зрабіў для аб’яднання прыхільнікаў касцёла ў цэлым свеце”. Што да Папы Францішка, то нават сярод валанцёраў Дзён моладзі былі тыя, хто не надта шанаваў яго за змены, якія ён нясе.
“Было дзіўна для мяне, што на такіх спатканнях, дзе свет ідзе да таго, каб не звяртаць увагі на нацыянальнасць, дзе ўсе ведалі, што прыязджаюць людзі з цэлага свету, так шануюць менавіта нацыянальнасць. Я хацела выкарыстаць “тэрыторыю сцяга” для ўласнага паведамлення”.
Так дзяўчаты вырашылі стварыць партрэт Папы Францішка на сцягу, падобны па стылю і колерах да афіцыйных выяваў імпрэзы і павесіць той сцяг на галоўнай плошчы Кракава. “Спачатку, каб вывесіць сцяг, вышлі а чацвёртай раніцы – баяліся, што паліцыя перашкодзіць, бо акцыя была ўсё ж нелегальнай”, – распавядае Яна. Але зрабіць задуманае не атрымалася. Сцягі былі замацаваны так высока, што нават з дапамогай высокай лесвіцы не ўдалося да іх дабрацца. Паўтарыць спрабу вырашылі ўжо ў час самой імпрэзы. Яны спрабавалі замацаваць новы сцяг на тым, што ўжо вісеў. Гэта заўважылі тэлевізійшчыкі з Ватыкану і паклікалі паліцыю.
“Яны папрасілі паліцэйскіх дапамагчы нам зняць стары сцяг і павесіць новы. І тыя згадзіліся”.
“Калі ўсведамляю, што здзейсніла акцыю такога масштабу, калі мяне, нікому невядомую, пабачыў амаль увесь свет – аж мову адымае”, – кажа Яна.
Фота: Mario Jackowska
Відэа са старонкі Яны Шостак у Facebook