Фарбуемся з Дар’яй Іодэль. Smoky eyes ад пераможцы Сусветнага бодзі-арт-фестывалю

Гарадзенкі выбіраюць прафесіяналаў

 

 

“Прафесія візажыста запатрабаваная ў нашым горадзе, – распавядае Дар’я. – Гадоў 10 таму, калі толькі пачынала працаваць, нават нявесты красіліся перад вяселлем самастойна. Запрашэнне візажыста было з’явай калі не ўнікальнай, то рэдкай. Зараз жа часта замаўляюць макіяж нават перад адказнай дзелавой сустрэчай”.

 

 

Асабліва актыўныя ў гэтай галіне  =маладыя дзяўчаты. Іх натхняюць на пошукі новых вобразаў выявы з інтэрнэта, якімі дзеляцца сяброўкі ў сацыяльных сетках.

 

Ёсць такая прафесія: рабіць людзей прыгожымі

 

Жаданне быць падобнай да “гламурнай карцінкі” Дар’я не ацэньвае як станоўчае ці адмоўнае. Ёсць у жыцці розныя сітуацыі, дзе кожная жанчына сама вырашае, трэба ці не выкарыстоўваць мэйк-ап. Калі ж Дар’я працуе з кліенткай, то ўлічвае не толькі “колеры” жанчыны, але і мэты запланаванага мерапрыемства ці, нават, месца працы.

 

“Я візажыст і магу камфортна  сябе адчуваць хоць з фіялетавай памадай. Але кліентцы, што працуе ў офісе, такое не прапаную”. Лепш, разважае яна, заўсёды падыходзіць да асобы індывідуальна, знайсці, з якім макіяжам найбольш свабодна жанчына будзе сябе адчуваць.

 

 

Нават для smoky eyes макіяжа з’явілася шмат новых магчымасцяў. Зараз у модзе “металік”. Таму пад любы колер вачэй можна апроч класічных чорнага ці карычневага колеру абраць больш смелыя – сінія, фіялетавыя ці зялёныя адценні – металічны бляск дапасуе іх да вачэй любога колеру. А вось рэзкіх межаў і выразных ліній у смоўкі айс быць не можа. “Галоўнае – не перастарацца і не нанесці колер да самых броваў”, – ізноў жартуе Дар’я. Збоку падобна, што і працу яна робіць вельмі лёгка, жартуючы.

 

 

З пэўнай доляй іроніі ўзгадвае Дар’я і сваё стаўленне да макіяжа ў больш маладым узросце: “У 16-17 гадоў і сама баялася часам выйсці з дому без макіяжа. Не дай Бог прышчык выскачыў – гэта ўсё”. Але такі “перажытак юнацага максімалізму” ў большасці праходзіць. “Скрайне фанатычных у макіяжы барышань”, паводле Дар’і, зусім няшмат.

 

Гарадзенка перамагла на Сусветным боды-арт-фестывалі

 

Візажыст імкнецца падкрэсліць натуральную прыгажосць асобы, а не толькі намаляваць “аднаразовую”. Ды і сучасныя кірункі моды раяць натуральнасць – найбольш запатрабаваны сёння “макіяж без макіяжу” – калі пасля працы майстра мадэль выглядае свежай і нібы зусім “не накрашанай”. Часы “баявой расфарбоўкі” ў штодзённым макіяжы суходзяць у мінулае, мяркуе Дар’я.

 

 

 

Для кожнай сітуацыі і асобы – адпаведны мэйк-ап

 

Аднак жа і для дастаткова “агрэсіўных” смоўкі айс знаходзіцца адпаведнае месца. Вечарынка  з электрычным каляровым асвятленнем добра пасуе да гэтага макіяжа. Модная натуральнасць будзе прысутнічаць і тут, нягледзячы на яркія колеры. “Трэнд сучаснай дэкаратыўнай касметыкі – максімум натуральнасці і мінімум нагрузкі”.

 

 

Што да “малявання” то “круглыя вочкі-гузікі ніхто ані разу не прасіў” – Дар’я ізноў выклікае ўсмешкі на тварах навучэнак. “Таму – лініі ўздоўж краёў павеяў павінны каля знешняга кутка вока разыходзіцца, лінію верхняга века варта прыўзняць, каб зрабіць позірк адкрытым”. Таксам дапаможа візуальна павялічыць вочы правільная растушоўка колеру.

 

Накрасіць маму ці накрасіцца “як мама”?


Хаця часцей за паслугамі ці навучаннем звяртаюцца маладыя дзяўчаты, для больш сталых жанчын у візажысткі таксама ёсць шмат прапановаў. Часам ім цяжэй давесці новыя плыні, бо амаль падсвядома многія з жанчын узросту 40+ трымаюцца канонаў прыгажосці часоў сваёй маладосці.

 

“Маму я змагла пераканаць змяніць форму броваў і адценні танальных сродкаў, – кажа Дар’я, – але часам мае прапановы сустракаюць пратэст”. На шчасце – “мода ходзіць па колу” – і зараз ізноў вяртаюцца, ужо на новым узроўні якасці, звыклыя пакаленню мамы колеры і формы. “На паказах можна ізноў пабачыць мадэлі з “эфектам зліплых павеяў”, карычневыя памады ці ружова-блакітныя цені – што нагадваюць эстэтыку пачатку 90-х”.

 

 

Аднак гаворка не ідзе пра капіяванне. Сучаснай разынкай сезону ў смоўкі айс макіяжы з’яўляецца спалучэнне адначасова халодных і цёплых таноў: “На бардовым можам выкарыстаць срэбны блік, хаця ў класічным варыянце павінен быць залаты”. Абыграць колер вачэй у такім макіяжы дапамогуць і  “трохмерныя” колеры з пералівам адценняў.

 

У канцы занятка Дар’я выдае яшчэ адзін сакрэцік – пад брывом зараз не выкарыстоўваюць белы колер: “Патрэбны пастэльна-малочныя адценні. І лёгкая паўцень каля пераносіцы”.

 

Далей візажыстка заканчвае макіяж мадэлі – некалькі рухаў пэнзля па скулах, нейтральны колер памады, пудра… – засталося толькі дадаць усмешку.

 

 

 

Без макіяжу толькі па-за працай

 

Саму Дар’ю Іодэль можна часам сустрэць і без макіяжа. “Люблю адмовіцца ад мэйк-апа, калі няма афіцыйных сустрэч ці выхадаў. Гэта не будзе стрэсам ці комплексам. Выйсці ў спартыўным касцюме без мэйка – таксама кайф”. Але пад час працы дзяўчына “трымае марку”: мэйк-ап візажыста ўспрымаецца практычна як візітоўка – гэта частка прафесіі.

 

 

На здымках – візажыстка Дар’я Іодэль і мадэль Дар’я Папко

Фота аўтаркі