Хакейны “Нёман” пацярпеў першае паражэнне ў новым сезоне
Абедзве дружыны да гульні падыйшлі з шасцю ачкамі ў актыве. Менавіта сустрэча ў сталіцы вырашала, хто ўзначаліць групу.
У першым перыядзе каманды шайбаў не забілі. Бліжэй да ўзяцця варот былі гаспадары, але ў варотах “Нёмана” ўпэўнена граў Трус.
У другім перыядзе ўжо гарадзенцы валодалі ініцыятывай і ў два разы перакiдалi суперніка. На 30-й хвіліне старанні падапечных Пушкова прынеслі поспех. Пасля далёкага кідка Дарафеева, дакладна на дабіванне сыграў Аляксандр Маляўка.
Пасля шайбы гарадзенцаў мінчане кінуліся выраўноўваць лiк. Зрабіць ім гэта ўдалося на 38-й хвіліне, вызначыўся Канстанцін Захараў.
У трэцім перыядзе, гледачы, як і ў першым, шайбаў не ўбачылі, хоць шанцаў для ўзяцця варот было дастаткова ў абедзвюх каманд. Такім чынам супернікі перайшлі ў авертайм, дзе гулялі ў фармаце “тры на тры”. Але і там каманды не здолелі забіць.
Мацнейшага давялося выяўляць у серыі булітаў. Там удача была на баку “Юнацтва”. Вырашальны буліт запісаў на свой рахунак Яфіменка.
“Юнацтва” – “Нёман” – 2:1 (0:0, 1:1, 0:0, 1:0)
Шайбы закідвалі:
0:1 – Аляксандр Маляўка (Сяргей Дарафееў) 29:40
1:1 – Канстанцін Захараў (Даніэль Корса) 37:15
2:1 – Аляксей Яфіменка (вырашальны буліт) 65:00
Свой апошні матч у групе “Нёман” згуляе 7 жніўня. У Гродне чырвона-чорныя сустрэнуцца з ХК “Брэст”.