Колькі каштуе школьнік? Як гарадзенцы набываюць рэчы на школьным базары
Можна танней, а можна і даражэй, але гэта толькі самыя неабходныя рэчы і толькі на аднаго школьніка.
Гарадзенскі школьны базар традыцыйна ладзіцца на Савецкай плошчы ў цэнтры горада з паловы ліпеня і да пятага верасня. Пакуль гандаль, як кажуць самі прадаўцы, не надта ажыўлены, але ўсё роўна ўвесь час бацькі разам з дзецьмі нешта прымяраюць і набываюць.
Больш людзей каля шапікаў, дзе прадаюць адзенне і абутак, а менш — там, дзе канцылярскія рэчы. Спадарыня Тамара, якая разам з дачкой-пяцікласніцай прымерваюць спаднічку і камізэльку, тлумачыць гэта тым, што найбольш затратна дзіця адзець і абуць, а вось канцылярскія рэчы набыць прасцей, бо яны таннейшыя.
Першае, на што звяртае ўвагу мая суразмоўніца: выбар ёсць, але ўсё вельмі дорага. Яна падкрэслівае, што адзець і абуць пяцікласніцу — гэта такія самыя выдаткі, што і на дарослага чалавека:
“Ну вось купілі дзяўчынцы штаны — 300 тысяч, блюзку — 350 тысяч, туфлі сціплыя — 450 тысяч. А больш пакуль нічога не набылі. Паглядзела заплечнік для дзяўчынкі, таксама сціплы — 350 тысяч, а той, які падабаецца, — 500 тысяч. Зменны абутак дадайце, красоўкі, сукенку. Я нават не ўлічваю канцылярскія прадметы — прыкладна каля трох з паловай мільёнаў набіраецца”.
Жанчына цяжка ўздыхае і кажа, што выхоўвае дзяўчынку сама. Цэны не адпавядаюць заробкам, бо працуе няпоўны тыдзень, плацяць два з паловай мільёны.
Дапамагаюць ейныя бацькі з сваёй пенсіі, а інакш не ведала б, як адправіць дзіця ў школу. Яшчэ ўзгадвае, што затраты пачнуцца, калі дзяўчынка пойдзе вучыцца, бо тады кожны тыдзень на нешта трэба здаваць грошы, і так амаль цэлы год.
А вось ужо мама і тата выбіраюць адзенне з двума сынамі. Адзін з іх, Алесь, ідзе ў чацьверты клас, а Антон — першакласнік. Алесю дапамагае прымерваць кашулю мама, а тата Алеся і Антона распавядае, што да школы пачынаюць рыхтавацца з зімы, бо так адразу купіць усё неабходнае для дваіх хлопцаў — дорага:
“Мы наколькі тут бачым, то хлопцам яшчэ складаней усё купіць, чым дзяўчаткам. Усё вельмі дарагое. Гарнітур для першакласніка — мільён, вось толькі што прымервалі”, — без настрою кажа бацька.
Ягоная жонка падае старэйшаму сыну прымераць кашулю:
“Паглядзіце, вось гэтая кашуля, звычайная, для дзіцяці каштуе 284 тысячы. Гэта тое самае, што і даросламу купляць. Вунь яшчэ адна — 360 тысяч. Тое самае і з абуткам: туфлі не менш як 600 тысяч, а яшчэ ж хочацца, каб скураныя былі, каб дзіця трохі панасіла”.
Бацька кажа, што як ні круці, а на аднаго хлопца, каб яго цалкам укамплектаваць у школу, каля чатырох мільёнаў трэба рыхтаваць:
“Таму мы і пачынаем рыхтавацца з зімы. Цяпер толькі адзенне бяром, бо дзеці ўвесь час растуць, а астатнія рэчы ўсе куплялі ўзімку. Нам, вядома, нявыгадна тут усё купляць, бо на дваіх зарабляем пяць з паловай мільёнаў. Раней хоць у Польшчу ездзілі, маглі большасць адзення там на ўсю сям’ю набыць. А цяпер такой магчымасці няма”.
Прадавачка Аліна, якая дапамагала выбіраць кашульку, кажа, што на школьным базары цэны найніжэйшыя ў горадзе. На рынку ўсё даражэйшае:
“Ведаеце, у гэтым годзе заўважаю, што людзі пытаюцца пра тое, што таннейшае. Вельмі адчуваецца, што няма грошай. Дый наплыву да нас вялікага няма. Зразумела, што пойдуць бліжэй да школы. Але што народ збяднеў, тое вельмі адчувальна”.
Канцылярскія прылады Наста выбірае з мамай, у яе ў руках спіс з 28 найменняў. Выбар, паводле Насты і мамы, вялікі, праўда, і цэны розняцца. Дзяўчынка, як высветлілася, не вельмі патрабавальная і кажа маме, што будзем ашчаджаць грошы. І вось Наста падлічвае, колькі будуць каштаваць ейныя патрэбы:
“Ну вось пад рукой альбомы для малявання ад 16 тысяч, каляровая папера — 25 тысяч, пластылін 25 тысяч, а ёсць і даражэйшы, фарбы — 25 і вышэй, алоўкі каляровыя — 35 тысяч, дзённік — 16 тысяч 800 рублёў, сшытак звычайны — 1 тысяча 200… Спіс з 28 канцылярскіх рэчаў, практычна самых танных, абыходзіцца амаль у 300 тысяч. Палітычную карту свету купляць не буду, ёсць старая, а ў свеце, здаецца, нічога не змянілася. Вось я маміны грошы трошкі зэканоміла”.
Маладая прадавачка Ірына кажа, што не ўсе дзеці выбіраюць танныя рэчы. Ейная суседка, якая ідзе ў 10 клас, падлічыла, што падрыхтоўка да школы ёй абышлася ў восем з паловай мільёнаў, і гэтым яна засталася незадаволеная:
Калі хто грошы мае, то купляюць усё замежнае. А яно, як правіла, нятаннае, праўда, і якасць іншая. Адзін спартовы гарнітур і фірмовыя красоўкі каштуюць каля двухсот долараў. Але гэта як хто можа, у каго наколькі кішэня дазваляе”.
Адмыслоўцы ўпраўлення гандлю гарадзенскага гарвыканкама, у сваю чаргу, падлічылі, што поўны камплект для дзяўчынкі малодшага школьнага ўзросту можа вагацца ў цане ад двух з паловай да пяці з паловай мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Для хлопчыка — ад 2 да 5 мільёнаў. У старэйшым школьным узросце — ад трох да пяці з паловай мільёнаў для дзяўчынкі і ад двух з паловай да пяці з паловай для хлопчыка.
Аднак нават школьны базар паказвае, што ў гэты разлік уваходзяць толькі самыя неабходныя рэчы.