HD-якасць: як праходзяць першыя дні вяшчання ў новым фармаце на гарадзенскім тэлебачанні

Для таго каб гледачы мелі больш якасную выяву, трэба адмысловае абсталяванне, якое мае вырашаць гэтую задачу. Нават на звычайным тэлевізары карцінка будзе больш яркая. Менавіта такую ​​магчымасць маюць гледачы “Гродна Плюс”.

 

На самым тэлеканале вельмі ганарацца тэхналогіямі, што прымяняюцца тут, і з задавальненнем паказваюць новае абсталяванне. Канал закупіў не толькі перадаючыя прылады, але і кодэры, якія пакуль што адсутнічаюць на іншых “кнопках”. Хоць пераход на HD-якасць – гэта толькі некалькі нескладаных тэхнічных маніпуляцый на адпаведным абсталяванні. Праўда, падрыхтоўка да новага вяшчанню заняла нямала часу. Неабходнае абсталяванне было закуплена яшчэ ў канцы 2015 года, а вяшчанне ў тэставым рэжыме пачалося ў маі гэтага года. У пачатку жніўня яно стала даступным для ўсёй аўдыторыі канала.

 

 

“Гродна плюс” – тэлеканал лакальны і пакуль што даступны толькі для жыхароў Гродна ў кабельных сетках. Як і любое іншае рэгіянальнае вяшчанне, тут усё досыць сціплае і невялікае.

 

У адным пакоі змяшчаюцца некалькі студый, сафіты, камеры. Тут рыхтуюцца выпускі навінаў, ранішняе шоў і вячэрнія праграмы. Нам адкрываюць сакрэт: неўзабаве тут цалкам зменіцца інтэр’ер. Планы ёсць і ў пашырэнні вяшчання.

 

 

– Мы, вядома, хочам пашырыць наша вяшчанне і трапіць у пакет Zala. Цяпер для гэтага мы прыкладаем усе намаганні, – кажа дырэктар тэлеканала Сяргей Мазайла. – У нас раней было ўсяго тры гадзіны вяшчання, а цяпер – ужо 17. І на гэтым спыняцца не збіраемся. Цяпер на тэлеканале працуе 30 чалавек, мы робім добрыя і якасныя праграмы навін. Хоць, вядома, заўсёды ёсць куды расці.

 

Акрамя тэхнічных навінак, на тэлеканале ёсць яшчэ і творчыя навіны. Так, сумесна з прыватнай кінакампаніяй “Амбер Фільм” тэлевізійшчыкі плануюць зняць і паказаць серыял – і гэта будзе сапраўдны сюрпрыз для тэлегледачоў.

 

– У планах яшчэ зрабіць прэзентацыйныя ролікі Гродна. Дзіўна, у нас у горадзе столькі ўсяго цікавага і такая багатая гісторыя, а відэавізітак, як у многіх іншых беларускіх буйных населеных пунктах, няма, – кажа Сяргей Мазайла.

 

 

Ёсць планы і для радыё MFM 105.0, якое ўваходзіць у структуру тэлеканала. Так, зусім хутка ў эфір будзе выходзіць сумесная перадача, дзе адначасова будуць камунікаваць вядучыя з Гродна і Ліды. Праўда, музыка ў кожным горадзе будзе розная.

 

– Гэта эксперыментальная праграма сумесна з лідскім радыё “Лідар ФМ”. Яна запатрабуе досыць вялікіх намаганняў. Раней такога ніхто не рабіў.

 

– А вяшчанне на якой мове?

 

– Пакуль што яно практычна сто адсоткаў рускамоўнае, але ў нашых планах шырэй выкарыстоўваць беларускую мову. Зрабіць 50 на 50, бо беларуская мова цяпер перажывае рэнесанс, яна папулярная, з другога ж боку частка гледачоў рэзкія перамены ўспрымуць негатыўна. Але мы лічым, што беларуская мова, безумоўна, павінна прысутнічаць у нашых праграмах.