За раўнапраўе ровараў і машын. Мэра Гродна пракацілі на бамбукавым тандэме велаактывiсты з Польшчы і Аўстрыі
Каб наведаць 15 краін, а гэта больш за 7 тысяч кіламетраў, актывісты маюць 6 месяцаў. Яны ўжо пераадолелі 4 тысячы кіламетраў за 3,5 месяцы.
“Ровар – гэта рашэнне шматлікіх праблем. Ён экалагічны і зручны. Калі людзі пачынаюць карыстацца роварамі, тады і горад становіцца прыязным, з’яўляецца больш крамаў і іншай инфаструктуры. Таксама свядомасць людзей змяняецца, калі яны бачаць нейкія альтэрнатывы. Мы ўжо пераадолелі 4 тысячы кіламетраў і ў кожным горадзе, у якім бываем, стараемся сустракацца не толькі са звычайнымі людзьмі, але і кіраўнікамі горада ці іх намеснікамі”, – кажа Роланд.
У Гродне актывістаў прыязна сустрэў старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. Яго, як і іншых кіраўнікоў гарадоў, пракацілі на бамбукавым ровары-тандэме.
“Для нас важна, каб пасля размовы з мэрам у Гродне быў нейкі вынік – палепшылася велаінфраструктура горада. А праблем у Гродне хапае. Нас здзівіла малая колькасць веладарожак, забарона ездзіць па дарозе, а таксама вялікія бардзюры. Не выключэннем – пераадоленне пешаходнага перахода”, – дадаў Роланд.
Мечыслаў Гой падзякаваў актывістам за тое, што абралі Гродна адзіным горадам у Беларусі. Ён запэўніў iх, што неўзабаве ў горадзе палепшаць інфраструктуру для веласіпедыстаў.
“Я захапляюся такімі людзьмі, у якіх столькі сіл і энергіі, якія могуць пераадолець вялiкую адлегласць на ровары. Хачу адзначыць, што наш горад таксама падтрымлівае роварны рух. Праз тыдзень мы разам з начальнікам ДАІ і велааматарамi сустрэнемся і апрацуем план мерапрыемстваў па ўладкаванні горада для руху на ровары.
З апошніх навінак магу адзначыць, што ў кожным кінатэатры ў нас з’явіўся велапракат. З вялікіх праектаў – мы разам з літоўскiм і польскiм бокам працуем па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва, каб развіваць веладарожкі. Гэта будзе міжнародны праект па папулярызацыі ровара. Таксама, мы можам браць прыклад з суседняга горада Беластока, дзе развітая веластруктура”, – сказаў старшыня гарвыканкама.
Мечыслаў Гой адзначыў, што каб развіваць велаінфраструктуру, грошай шмат не трэба. Галоўнае – жаданне кіраўніка горада і падтрымка грамадскасці.
10 жніўня Роланд і Эва прэзентуюць у ДОМе 46 фільм “Ровары супраць машын”. Туды яны запрашаюць усіх, не толькі велааматараў.
12 жніўня маладыя велаактывісты працягнуць свой шлях.