Беларускія баскетбалісткі ставяць рэкорды пад кіраўніцтвам гарадзенскага трэнера

|

Каманда Аляксандра Шымкавяка ўжо здолела паказаць найлепшы вынік на чэмпіянаце Еўропы сярод усіх беларускіх моладзевых зборных па баскетболе, пры тым, што турнір для іх яшчэ не скончыўся.

 

На стадыі 1/8 фіналу дзяўчаты абыгралі каманду Швецыі з лікам 62:56 і выйшлі ў чвэрцьфінал, дзе сустрэнуцца са зборнай Германii.

 

Як прайшлі самыя сур’ёзныя матчы на ​​турніры, распавядае Аляксандр Шымкавяк.


“Усе каманды вельмі моцныя для свайго ўзросту. Вылучаюцца немцы – 6 дзяўчынак ад 188 да 197. Яны здолелі абыграць на 13 ачкоў фаварытаў – Іспанію. Моцныя Францыя, Італія, Чэхія. Расія ўчора прайграла Іспаніі 1 ачко і выпала за гульні 9-16. Літва апошняй атакай выйграла ачко ў Венгрыі і выйшла ў васьмёрку. Харваты вырвалі канцоўку ў Латвіі. Учора былі суцэльныя драмы”.



“Нам са шведамі было нялёгка, асабліва, калі ў другім тайме падламалася цэнтравая Ксенія Малашка. Яе прысутнасць на пляцоўцы, хаця б у абароне, была неабходнай, і яна мужна вярнулася ў гульню. У нападзеннi вызначылася Дарына Бачкарова – 22 ачкі, Юлія Васілевіч – 14 і Яна Галякова – 13. Усе гэтыя дзяўчаты – навучэнкі Гарадзенскага вучылішча алімпійскага рэзерву.


Звышзадачу быць у васьмёрцы – выканалі. У падгрупе гулялі па плане – вельмі патрэбна была перамога ў першай гульні, пакуль нас не ведалі. Сербія відавочна не чакала нашай бамбёжкі: 13 трошак – 39 ачкоў з дугі вырашылі зыход сустрэчы. Чэшкі – чэмпіёнкі Еўропы мінулага года – не дазволілі нам так лёгка атакаваць з дугі, а ў фізічных параметрах мы відавочна саступалі. Пасля перамогі над Сербіяй мы выканалі першую мікразадачу – не быць апошнімі ў падгрупе. Апошняе месца – гэта гульня з моцнай Францыяй. Латвія – супернік нам добра знаёмы, мы iх абгулялi. I ў нас з’явілася магчымасць выбару суперніка. Гульня са шведамi была няпростая. Нам удалася абарона, а ў нападзеннi панавала Ксенія Малашка – 23 ачкі. Таму шведы ёй не давалі дыхаць і ў канцы першай паловы проста траўміравалі.



Далей у нас Германiя. Аптымізму мала – Малашка не зможа гуляць у сваю сілу. Змагацца будзем пры любым раскладзе – байцы ёсць”.

 

У перапынках паміж гульнямі дзяўчаты выпрабавалі мясцовую баксёрскую залу. Ды так захапіліся незапланаванай трэніроўкай, што трапілі ў аб’ектывы італьянскіх журналістаў.

 

 

У складзе юніёрскай зборнай каманды Беларусі гуляюць 7 гарадзенскіх баскетбалістак: Юлія Васілевіч, Улляна Скіба, Яна Галякова, Ангеліна Крышчык, Дыяна Бачкарова, Ірына Грыгор’ева i Яна Яхнавец.

 

Аляксандр Шымкавяк з’яўляецца заслужаным трэнерам Беларусі, які працуе з гарадзенскай “Алімпіяй” і юніёрскай зборнай.

 

Чвэрцьфінальны матч Беларусь-Германія адбудзецца 12 жніўня, у 14.15 па беларускім часе.

 

 

Фота: www.fiba.com