“Здзівіў бярозавы сок і каровы”. Японскія студэнты распавядаюць пра вучобу ў Гродне
Мая і Казухiта вучацца ва ўніверсітэце ў Токіа. Там яны вывучаюць рускую мову. У час летняй практыкі ў іх з’явілася ўнікальная магчымасць пагутарыць з носьбітамі рускай мовы ў Беларусі. Яны выбралі нашу краіну, бо летняя школа рускай мовы апынулася тут вельмі таннай.
“Мая выкладчыца сказала, што ёсць добры варыянт падвучыць рускую мову ў беларускім універсітэце, у горадзе Гродна. А я акурат глядзела фільм пра Беларусь, які зняў японскі рэжысёр. Мне вельмі захацелася патрапіць у гэтую краіну, і я зрабіла ўсё магчымае, каб паехаць у школу рускай мовы”, – распавядае Мая.
Школу рускай мовы ўжо другі год запар арганізоўвае ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У гэтым годзе сюды прыехала вучыцца 30 студэнтаў з 13 краін. З Японіі прыехала ажно 7 студэнтаў.
“Беларусь нас прыемна здзівіла – усё вельмі прыгожа і прасторна. Гродна і Токіа вельмі розныя гарады. Напрыклад, у Беларусі вельмі шмат прыроды і старых будынкаў. У нас там такое цяжка знайсці, трэба далёка ехаць, каб убачыць падобнае. Таксама ў Гродне прасторна на вуліцы, не так шмат людзей, як у нас. I яшчэ мне падалося, што ў Беларусі вельмі добрыя людзі. Нядаўна ў краме адна жанчына нават дапамагала мне з пакупкамі”, – дадала Мая.
Пакуль Мая не ведае, навошта вывучае рускую мову, але яна ўпэўненая, што ў будучыні гэтая мова ёй абавязкова спатрэбіцца.
Такая ж сітуацыя і ў яе аднагрупніка Казухiта, які за паўтары гады вывучэння рускай мовы ў такійскім універсітэце можа спакойна размаўляць з рускамоўнымі.
“Вучыць цяжка, але цікава. Я люблю кіріліцу, мне падабаюцца былыя краіны Савецкага саюза. Мовы нашы вельмі адрозніваюцца, нам цяжка даюцца і граматыка, і склоны. Я хацеў прыехаць у Беларусь, хоць пра гэтую краіну практычна нічога не ведаў. Мы прыляцелі ў Варшаву, потым на аўтобусе ехалі ў Гродна. Калі пераехалі мяжу, то мяне здзівілі каровы, а таксама багатая прырода”, – кажа Казухiта.
Прыляцелі студэнты рэйсам Токіа-Масква-Варшава. Такім жа маршрутам яны паляцяць і назад. Квіток у два бакі на аднаго чалавек каштуе 1437 долараў.
“Квіткі не вельмі дарагія. Сярэдняя зарплата ў нас у Токіа каля 3 тысяч долараў. Што тычыцца коштаў у Беларусі, то яны значна танней, чым у нас. Гэта, вядома ж, бульба, мёд і многія іншыя прадукты. Нам вельмі спадабаўся бярозавы сок, у нас такога няма. Праблем з ежай у Беларусi ў нас не ўзнікла”, – патлумачыў хлопец.
У вядомую гульню з японскімі каранямі Pokemоn Go студэнты ў Гродне не гуляюць, бо… не могуць увайсці ў свае акаўнты. Ды і Казухiта наогул ніколі не гуляў у яе, бо не хоча “губляць дарма час”. А вось Мая ў Японіі рэгулярна гуляла ў Pokemоn Go, а пакуль знаходзіцца ў Гродне пастараецца аднавіць свой акаўнт, каб сабраць трохі “беларускіх пакемонаў“.
Пасля заканчэння школы ў Гродне студэнты вернуцца ў Японію. Яны ўжо цяпер кажуць, што дома будуць распавядаць сябрам пра цудоўную краіну Беларусь. Яны ўпэўненыя, што многія захочуць прыехаць, бо гэта краіна для японцаў зусім невядомая. Таму і цікавая.