Закінутую сядзібу ў Кашубінцах, якой пагражаў знос, набылі з аўкцыёна
Зарослы парк, выбітыя вокны, першыя прыкметы паступовага разбурэння – у такім стане перабывае былы панскі драўляны маёнтак, які быў пабудаваны ў канцы XVIII–пачатку XIX стагоддзя ў вёсцы Кашубінцы недалёка ад Скідзеля.
Каб захаваць тое, што яшчэ засталося, гарадзенцы Таццяна Касатая і Дзмітрый Герасюк вырашылі выкупіць сядзібу і стварыць там турыстычны аб’ект, які б прыцягваў турыстаў не толькі з Беларусі, але і з Літвы ды Польшчы, да мяжы з якімі лічаныя кіламетры. Сярод найбольш верагодных варыянтаў – стварэнне аграсядзібы, але грамадскага значэння – з правядзеннем семінараў і выставаў.
Грошы збіралі, як кажуць, усім светам, хто колькі мог. Аднак у бізнесоўцаў, якія ў выніку і перамаглі ў аўкцыёне, магчымасцяў аказалася больш. У выніку – за сядзібу заплоцяць крыху больш за $ 11 000. І, хоць у будынак яшчэ трэба ўкласці ў разы больш, адмыслоўцы ўпэўненыя – такія аб’екты ацэньваюцца не толькі грашыма.
“Будзем спадзявацца, што гэта сумленныя людзі, якія здолеюць усё гэта аднавіць. І будынак атрымае яшчэ большую каштоўнасць. І яго не знішчаць. І можа нават адновяць парк. Мы на гэта спадзяемся, і гатовыя дапамагаць нашай валанцёрскай дзейнасцю”, – кажа ўдзельнік аўкцыёну Дзмітрый Герасюк.
Самыя прадпрымальнікі, якія набылі драўляны помнік даўніны, пакуль не раскрываюць планаў – што ж там будзе. Аднак, паводле краязнаўцаў, наўрад ці зробяць горш, чым мясцовыя чыноўнікі, якія, калі б не прадалі будынак, планавалі яго папросту разабраць.