Кіраваць маланкай, як Тэсла. Гарадзенцы стварылі навуковае шоў пра асновы электрычнасці
Усё пачалося, калі стваральнік каманды Антон некалькі гадоў таму пабываў у цэнтры навукі “Капернік” у Варшаве, дзе ўпершыню ўбачыў тэатр высокіх напружанняў.
“Гэта было захапляльнае відовішча. Натхніўшыся ім, я вырашыў паўтарыць нешта такое ж і тут, у Беларусі. Я па працы быў звязаны з электрычнасцю, таму гэта было толькі пытаннем часу. Зараз вялікая частка нашых выступленняў прыпадае на вяселлі і дзіцячыя ранішнікі. Самае цікавае – інтэрактыў з гледачамі. Кожны можа паспрабаваць злавіць маланку рукамі. Мы былі ўражаны, калі ўпершыню ўбачылі эмоцыі нашых гледачоў. Уласна, гэта самая прыемная частка нашай працы”, – кажа Антон.
Зараз у камандзе Антона тры чалавекі і кожны мае свае функцыі. Абсталяванне, з якім працуюць гарадзенцы, цалкам бяспечнае для людзей.
“Бліжэйшым часам мы запусцім навукова-пазнавальнае шоў, дзе з дапамогай простых і зразумелых фізічных эксперыментаў будзем распавядаць пра асновы электрычнасці. Мы думаем, шоў будзе запатрабавана ў школах на ўроках фізікі. Мы не хочам стаяць на месцы, таму пастаянна дадаем у нашы праграмы новыя элементы. Таксама ў будучыні мы плануем вырабіць больш магутнае абсталяванне для выступаў на адкрытых пляцоўках”.
Вядома, што ў Гродне ёсць яшчэ адзін чалавек, які робіць шоў з электрычнасцю. Праўда, каманда “Тесла Шоў” з гэтым мужчынам не знаёмая.