“Грошай няма, але першая вежа ўжо гатовая”. Копія Крэўскага замка набывае бачныя абрысы

Пра незвычайную задуму мастака са Смаргоні пісалі некалькі месяцаў таму. Тады гаворка ішла толькі пра задуму пабудаваць копію Крэўскага замка ў маштабе 1:10. Мужчына нават паспрабаваў сабраць грошы на рэалізацыю свайго праекта на адной з інтэрнэт-пляцовак. Праўда, кажа, паступленне сродкаў ад дабрачынцаў застапарылася. Зрэшты, мастака гэта не спыніла, і ён працягваў увасабляць сваю ідэю за ўласныя сродкі.

 

Летуценнікі з заводу. Муж і жонка са Смаргоні вырашылі пабудаваць копію Крэўскага замка ў глухой вёсцы

 

– Жонка гандлюе сувенірамі каля Крэўскага замка, а я тут будую вежу, – усміхаецца Сяргей.

 

Калі вежа была ўжо гатовая, майстар вельмі здзівіўся яе памерам. Кажа, што калі забрацца на яе дах, то спускацца ўжо страшна. Вежу вышынёй амаль два метры мужчына зараз абкладае мініятурнымі цаглінкамі, якія ён сам вырабляе. У планах энтузіяста – у аконных праёмах зрабіць вітражы, якія будуць падсвечвацца знутры.

 

Сяргей Бандарэнка паказвае месца, дзе ў хуткім часе павінна з’явіцца другая вежа і сцены маленькага замка. Дах будзе з уласнаручна зробленай глінянай чарапіцы.

 


 

Майстар паказвае, як ён працуе над кладкай цэглы – мур вядзецца пад шнурок. У адной са сцен вежы ўмураваныя часткі сапраўдных цаглін з замка ў Крэве.

 

– Да мяне ўжо прыязджалі турысты пасля артыкулаў у прэсе ў пошуках копіі замка. Але ён пакуль яшчэ не гатовы. Я працую адзін, таму будоўля ідзе павольна, што цалкам у сярэднявечных традыцыях. Бо замкі ў даўніну будавалі доўга і грунтоўна, – кажа Сяргей.

 

Вялікае Княства на двух гектарах. У Ашмянскім раёне паўстане парк мініяцюрных замкаў