Не проста фігуркі: клуб “Цэнтурыён” гатовы пазнаёміць гарадзенцаў з варгеймамі

“Цэнтурыён” гэта супольнасць гарадзенцаў, якія маюць шырокі спектр захапленняў: навуковая фантастыка і розныя яе гатункі, калекцыянаванне мініяцюрных мадэляў, іх зборка і афарбоўка, а таксама сумесныя гульні – усё гэта выдатна спалучаецца ў адным хобі. Цяпер гэта варгейм Warhammer 40000, але ў далейшым будуць і іншыя, такія як Warmachine & Hordes, Infinity, Malifauxs.

 

Для звычайнага чалавека варгейм падасца чымсьці складаным, але хлопцы з клуба  запэўніваюць, што гэта заўсёды так з пачаткоўцамі. У падобныя гульні па ўсім свеце гуляюць тысячы людзей, варта толькі паспрабаваць.


“Думаю, гарадзенцам гэта павінна быць цікава, бо гэта вельмі незвычайна, а галоўнае – цешыць вока, душу і розум. Усё гульнявыя сістэмы, і Warhammer 40 000 у тым ліку, гэта не толькі гульня і пластыкавыя мініяцюры, але і шмат мастацкай літаратуры, камп’ютарных гульняў і іншага. Да таго ж, гэта папулярнае ў свеце хобі, гэта вялікая супольнасць людзей, якія ладзяць міжнародныя чэмпіянаты”, – распавядае прадстаўнік гарадзенскага клуба Раман.

 

 

Раней “Цэнтурыён” збіраўся ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, але па пэўных прычынах ім прыйшлося пакінуць яго. Зараз яны збіраюцца на базе Цэнтра адпачынку і развіцця “Партал”, дзе аплачваюць арэнду.


“Для поўнага шчасця нам не хапае цяпер толькі большай колькасці захопленых людзей, бо пакуль наша супольнасць невялікая, але мы спадзяемся што рана ці позна нас стане значна больш. А там ужо і месца пастаяннае знойдзецца”.


 

Раман распавядае, што пачаткоўцы могуць пачаць з малога: напрыклад, прыйсьці ў клуб, дзе ім спачатку прапануюць тое, што ў іх ёсць, каб людзі змаглі пагуляць і зразумець, што такое варгейм і ці цікава ім гэта.

 

Купіць мініяцюры, літаратуру і іншыя неабходныя аксэсуары можна праз інтэрнэт або ў крамах у Мінску. У некаторых прадстаўнікоў гарадзенскага клуба калекцыя ўжо дайшла ў цане да тысячы долараў або нават вышэй.