“У нас будзе 7 нянь!” Як чытачы “Имён” і адзін ІТ-бізнесмен змянілі жыццё 700 малянят-сірот

Рэдакцыя: Уся гэтая гісторыя, што паказвае як беларусам усім разам можна ўдзельнічаць у вырашэнні сацыяльных праблем, пачалася з аднаго артыкула. «Имена» распавялі, як на самой справе жывуць малышы-сіроты, ад якіх адмаўляюцца бацькі. Ірына Новік, журналіст выдання «Твой стыль» (Гродна), спецыяльна для часопіса апісала, што калі такія дзеці захворваюць і трапляюць у лякарні, то з-за недахопу медыцынскага персаналу яны практычна ўвесь час знаходзяцца адны ў ложках у чаканні розных працэдур.

 

Калі такія малыя хварэюць, мамы не бяруць бальнічны, каб разам з імі легчы ў шпіталь – мам у іх няма. У аддзяленнях бальніц яны застаюцца прадстаўленымі самі сабе.

 

Чырвоны Крыж у Гродне вырашыў ініцыяваць праект «Няня замест мамы», сутнасць якога ў тым, каб акружыць гэтых дзяцей клопатам – наняць ім для гэтага няню. Хаця б адну – у пульманалагічнае аддзяленне дзіцячай абласной клінічнай бальніцы. Вопыт перанялі ў Санкт-Пецярбурга, дзе спецыяльны фонд у розных гарадах Расіі штогод аплачвае працу сацыяльных нянь.

 

– Хацелася зрабіць нешта такое і ў нас. Але на свае  сродкі мы змаглі наняць толькі адну такую ​​няню – Жанну Заблоцкую. Па дамове з бальніцай яна стала  прыходзіць і паўдня даглядаць малых, – распавяла кіраўнік у Чырвонага Крыжа Гродна, аўтар праекта Раманія Скамарошка.

 

Няня Жанна Заблоцкая

 

– З цягам часу стала зразумела, што адна няня не справіцца з усімі малымі, больш за тое, гэты вопыт хацелася прымяніць у іншых лякарнях. І мы вырашылі звярнуцца па дапамогу да грамадскасці. На платформе Talaka.by размясцілі праект, а часопіс «Имена» напісаў пра тое, што трэба сабраць сродкі на аплату года работы двух сацыяльных нянь (кожная – на паўстаўкі), – працягвае Раманія.

 

Паводле яе слоў, пасля абвяшчэння збору сродкаў стала адбывацца «нешта зусім неверагоднае».

 

– Людзі так актыўна адгукнуліся – мы проста не чакалі. На двух нянь мы сабралі грошы недзе за тыдзень, можа нават менш. Калі збор быў закрыты, людзі самі скаапераваліся і пералічылі нам сродкі на рахунак, каб мы змаглі наняць яшчэ адну, трэцюю няню. Але і на гэтым цуды не скончыліся. Неўзабаве да нас звярнуўся адзін мінскі бізнесмен, які прапанаваў аплаціць працу яшчэ чацвярых нянь. Ён не хоча, каб яго імя гучала публічна, але сказаў, што дапамагае менавіта таму, што разумее: яго дапамога накіравана на падтрымку сістэмнага праекта. Не разавай перадачы рэчаў ці грошай, а дапамога менавіта той сістэме, якая вырашае праблему адзіноты дзяцей у бальніцы.

 

 

Зараз Чырвоны Крыж займаецца арганізацыяй работы новых супрацоўніц. У інфекцыйнай бальніцы адна няня ўжо пачала працу. У Навагрудскай няня і другая няня для пульманалагічнага аддзялення Гродзенскай бальніцы праходзяць стажыроўку. У Слоніме і Лідзе ідзе адбор кандыдатак. Трохі пазней пачне працаваць няня і ў Ваўкавыску. У кожнай з раённых бальніц за год лечаць не менш за 50 дзяцей з Дамоў дзіцяці, а праз гарадзенскія бальніцы такіх пацыентаў праходзіць каля 500. Гэта значыць, амаль 700 малых у гэтым годзе не будуць самотна плакаць у бальнічных ложках і атрымаюць патрэбны ім клопат.

 

З 1 жніўня афіцыйна па дамове пачала працаваць няня Алеся Таранава

 

Другую няню – Алесю Таранаву – у дзіцячым аддзяленні інфекцыйнай бальніцы Гродна  вельмі чакалі.

 

– На той перыяд, што дзеці праводзяць тут, ім імкнуцца забяспечыць неабходныя ўмовы. Яны зусім яшчэ маленькія, ім трэба спецыяльнае харчаванне – камусьці малочныя сумесі, камусьці дзіцячыя кашы і сокі, усім патрэбныя сродкі гігіены і, вядома, клопат і догляд. А ў нас – звычайная дзяржаўная ўстанова аховы здароўя, такія артыкулы расходаў проста не прадугледжаныя. Сродкі на ўтрыманне дзяцей мы бярэм з прыбытку, з таго, што лякарня зарабляе на платных паслугах. Другая крыніца паступлення патрэбных рэчаў – дабрачыннасць. Людзі перадаюць для дзяцей памперсы, дзіцячыя крэмы, адзенне – мы вельмі за гэта ўдзячны, – кажа галоўны ўрач бальніцы Алена Кроткава.

 

У дзіцячае аддзяленне гэтай бальніцы таксама трапляюць малыя да 3-х гадоў пасля таго, як іх забіраюць з небяспечных сем’яў, і тыя хворыя дзеці, якіх прывозяць з Дома дзіцяці. Толькі за апошнія паўгода праз аддзяленне прайшло 120 пацыентаў-сірот, адначасова ў бальніцы знаходзяцца ад 4 да 11 малых.

 

Алена Кроткова, галоўны ўрач інфекцыйнай бальніцы Гродна

 

– Гэтым «асаблівым» дзецям клопат вельмі патрэбны. Некаторыя з іх нават не ведаюць, што рабіць з цацкамі, – распавядае галоўны ўрач бальніцы. – Дастанеш дзіця з ложачка, а яно адразу запаўзае пад ніз, людзей баіцца… Калі ім удзяляць увагу – яны памяняюцца: запомняць вопыт дабрыні і будуць яе ў жыцці пазнаваць. Да таго, як тут з’явілася Алеся (другая няня, якую змаглі наняць за сабраныя сродкі), гэтым займаліся самі медыкі – калі ўдавалася знайсці час.

 

Алеся і яе падапечны

 

Нават калі забраныя з сям’і дзеці цалкам здаровыя, яны праводзяць у лякарні прыкладна па 20 дзён. За гэты час праходзяць абследаванне, а сацыяльныя службы рыхтуюць дакументы для разгляду ў судзе. Там вырашаюць, пакінуць дзіця ў сям’і або накіраваць у Дом дзіцяці.

 

 

У інфекцыйнай бальніцы – палаты-боксы. Гэта замкнёныя прасторы з вокнамі на вуліцу і ў калідор. Бывае, малыя стаяць ля гэтых вокнаў, і глядзяць, як людзі праходзяць міма. «Цяжка гэта бачыць», – прызнаецца галоўны ўрач інфекцыйнай бальніцы.

 

Пакуль Чырвоны Крыж займаецца падборам нянь для рэгіянальных бальніц, мы паназіралі, як працуе Алеся Таранава. Цяпер яна праводзіць з дзецьмі па 4 гадзіны кожны дзень. Пакуль у асноўным гуляе з імі ў палатах. З цягам часу плануецца, што дзеці будуць выходзіць з ёй на прагулкі ў бальнічны двор. Многія з іх здаровыя, але з-за таго, што па законе іх абавязаны праверыць у бальніцы, амаль тры тыдні яны вымушаныя праводзіць у закрытых памяшканнях. Часу на шпацыры з дзецьмі медыкі не маюць.

 

Алеся Таранава ўжо ўмее знаходзіць з дзецьмі агульную мову. На другі дзень малыя сталі пазнаваць няню, цягнуцца да яе. Яно і зразумела – Алесю ў бальніцы ні з кім не пераблытаеш.

 

Адрознівае сацыяльную няню нават адзенне – белы «бальнічны» халат Алесі ўпрыгожваюць налепкі з вясёлымі мульцяшнымі героямі.

  

– Малыя адразу цікавяцца каляровымі малюнкамі – дакранаюцца, разглядаюць. Іх гэта захапляе і прыцягвае ўвагу, – дзеліцца уражаннем ад незвычайнай уніформы Алеся.

 

Ды і самой, кажа, адразу становіцца весялей. Апранаючы такі халат, хочацца ўсміхацца і пакінуць сумныя думкі на потым.

 

– Я разумею, што ім патрэбна мая дапамога і падтрымка. Калі я буду сумаваць, яны адразу адчуюць.

 

 

Шукаць у сваёй працы мінусы Алеся не збіраецца. Кажа так: «Бачу толькі плюсы». Дзяўчына Скончыла каледж па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» і са студэнцкіх гадоў была валанцёрам Чырвонага Крыжа. Працавала з дзецьмі ў гульнявым пакоі абласной бальніцы, удзельнічала ў дабрачынных акцыях.

 

Некалькі дзён таму ў аддзяленьні было пяцёра дзяцей, Алеся для ўсіх змагла знайсці занятак:

 

– Мы гулялі разам, малявалі, а потым нават зладзілі выставу – дзеці прыклалі свае малюнкі да акна, што выходзіць у калідор. Медсёстры і нянечкі падыходзілі, глядзелі, ўсміхаліся – усім вельмі спадабалася.

 

Успамінаючы свой папярэдні педагагічны вопыт, яна распавядае, як раней хацелася хутчэй убачыць вынік сваёй працы з дзецьмі. «Я так старалася, так тлумачыла, а многія з іх на наступны дзень забывалі палову з пачутага». Але прайшло пару месяцаў і стала прыкметна, як змяніліся дзеці. Гэта было вялікім «адкрыццём» для яе – неадкладных вынікаў чакаць не варта, а тое, што аддадзена з любоўю, абавязкова прарасце ў дзіцячай душы.

 

Алена Кроткава падтрымлівае меркаванне Алесі:

 

– Усе складанасці і поспехі дарослага чалавека, асаблівасці яго паводзін, закладваюцца ў дзяцінстве. Таму вынікі ад клопату будуць, дабро дасць свае парасткі. Так што, Алеся, – наказвае яна няні-пачаткоўцу, – ты можаш лічыць, што сваёй працай кожны дзень садзіш па кветачцы, што не завяне ад часу. Уяўляеш, у якой клумбе ты праз год апынешся?

 

Жаданне дзяліцца з дзецьмі душэўным цяплом, не патрабуючы нічога наўзамен, дапамагло Алесі справіцца з першым вопытам растання з дзецьмі: «Я пажадала ім шчасця і распавяла кожнаму, чаго жадаю – таму, у якога атрымлівалася маляваць – каб стаў мастаком, іншаму, самому непаседліваму – спартсменам, а дзяўчынцы – што зусім не хацела злазіць з рук, пажадала стаць лекарам. Я веру, што ўсё ў іх складзецца і што я – далёка не апошні добры чалавек, якога яны сустрэнуць у жыцці ».

 

Валанцёрскі і трэнерскі вопыт Алесі таксама будзе запатрабаваны ў праекце. Цяпер яны разам з Раманіяй Скамарошка, кіраўнічкай Гродзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа, распрацоўваюць праграму навучальных сустрэч, якія кожны месяц плануюць праводзіць для ўсіх сямі сацыяльных нянь.

 

 

– Навучальныя сустрэчы будзем праводзіць для таго, каб няні разумелі як зняць стрэс і справіцца са складанай псіхалагічнай сітуацыяй, якія гульні прапанаваць дзецям, як арганізаваць групу, каб не стамляць  кожнага з дзяцей.

 

– Мы прынялі людзей на працу, дзе будзе вельмі няпроста. А на сябе ўзялі адказнасць за іх, – кажа Раманія Скамарошка. – Сабраных сродкаў хопіць на заробак няням і бягучыя выдаткі праекта да канца года. Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамог збіраць грошы, каб няні змаглі працаваць. Мы ўдзячныя «Именам» за тое, што ўсяго адна публікацыя змагла аб’яднаць неабыякавых ў розных гарадах і нават краінах. Веру, што і сам часопіс на сваё функцыянаванне збярэ патрэбную суму – людзі падтрымаюць вас, нават не сумнявайцеся. Вы сёння – патрэбная ў Беларусі пляцоўка. Такой даўно не хапала.

 

Аб саміх «Именах» і праектах часопіса, а таксама аб вопыце рэалізацыі ініцыятывы «Няні замест мамы» нядаўна  выйшаў сюжэт на тэлеканале ОНТ.

 

 

Пакуль няні толькі пачынаюць працаваць, але ў Гродзенскім прадстаўніцтве Чырвонага Крыжа ўжо думаюць пра магчымасці развіцця і замацавання поспеху праекта. У любым выпадку далейшую ўстойлівасць эксперыменту змогуць забяспечыць толькі сістэмныя рашэнні – і прадстаўнікі Чырвонага Крыжа ўжо цяпер абмяркоўваюць магчымасці супрацоўніцтва з бізнесам, аховай здароўя або ўключэнне падтрымкі дзяцей-сірот у шпіталях ў сістэму дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

 

 

Пакуль жа вопыт гродзенцаў – самы паспяховы ў краіне і рэкамендаваны кіраўніцтвам Чырвонага Крыжа да распаўсюджвання ва ўсіх падраздзяленнях арганізацыі па Беларусi.

 

«Імёны» распавядаюць гісторыі пра людзей толькі дзякуючы вашай падтрымцы. Падтрымаць часопіс вы можаце, калі пераведзяце любую даступную суму.

 

Рэдакцыя таксама выказвае асаблівую падзяку за прафесіяналізм і аператыўнасць у рабоце юрыдычнай кампаніі «Вердыкт» і студыі Вадзіма Скротскага. Напісаць гэты артыкул часопіс «Імёны» змог, у тым ліку, дзякуючы значнаму ўкладу (юрыдычнай і тэхнічнай падтрымцы) гэтых кампаній.