У летніку пад Гродна пачалася змена дла асаблівых дзяцей і іх бацькоў
Адпачынак для ўсіх
Магчымасць сабрацца ў летніку, пажыць сярод пахучых сосен на беразе возера, пабавіць час у калектыве – найлепшы шанец на адпачынак. З гэтым згодны ўсе – і арганізатары, і самі адпачываючыя. “Вельмі добра, што дзеці праводзяць шмат часу на свежым паветры, ды яшчэ і з надвор’ем так пашанцавала”, – кажа Галіна Лемяшэўская, што адпачывае тут разам з дачкой. У звычайным гарадскім жыцці выдзеліць на шпацыры больш за пару гадзін штодня мала каму ўдаецца. А хутка восень, калі з-за надвор’я часам ўвогуле можа не быць магчымасці выйсці на вуліцу. Тут жа – прыемна глядзець, як дзеці радуюцца наваколлю – усё, ад шурпатай кары дрэва, па якой можна правесці рукой, да лебедзяў, што падплываюць зусім блізка да берага, дорыць ім новыя ўражанні і эмоцыі.
Для бацькоў “асаблівых” дзяцей адпычынак не менш важны і каштоўны: “Мамы лічы 24 гадзіны ў суткі на працы і адначасова – часта застаюцца з праблемамі сам-насам”. Лагер жа дае шанец забыцца на пабытовы тлум і правесці час з людзьмі, якія цябе зразумеюць і падтрымаюць. ”Вельмі важна, каб мамы заставаліся здаровымі і добра сябе пачувалі. Калі маме добра, то і дзецям будзе больш камфортна” – разважае Галіна Шрамко, што прыехала ў лагер з дачкой Святланай.
“Калі думалі, як зрабіць адпачынак цікавым і для дарослых і для дзяцей, то вырашымі даць магчымасць усім адчуць сябе дзецьмі”, – распавяла Ніна Пачывалава, выхавацелька летніка з Гарадзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа – “Мамы і таты разам з астатнімі бяруць удзел ва ўсіх мерапрыемствах лагера – раніцай выходзяць на зарадку, днём – то іграіць ў “Зялёным тэатры”, то удзельнічаюць у майстар-класах, то праходзяць спартыўныя выпрабаванні”. А вечарамі ўсіх аб’ядноўвае музыка. Тут любяць паспяваць са старажылам летнікаў, Вовам Жыравым, ў “нефармальнай абстаноўцы” на лавачках пры корпусе, ці патаньчыць на дыскатэках. “Каб вы бачылі, як таньчаць дзеці на вазках! Ці не больш актыўна, чым усе астатнія”,– распавядае – валанцёрка Кацярына Макарэнка. Зараз з Дзімам Касцянецкім, таксама важатым-валанцёрам, яны працуюць ў атрадзе, які сабраў дзяцей з сем’яў, што патрапілі ў складанае становішча. Яны распавядаюць, што дзеці ў лагеры хутка перазнаёміліся і здружыліся. “Цяжкімі былі хіба самыя першыя моманты, калі дзеці бачылі людзей на вазках ці з іншымі асаблівасцямі” распавёў Дзмітрый. Далей, кажуць важатыя – сумесная праца ды асабісты прыклад тлумачаць лепш за словы. Дзеці хутка пачынаюць разумець, што варта не шкадаваць “асаблівых”, а ставіцца да іх як да роўных. Бо, калі падыйсці шчыра, кожны з нас мае свае “асаблівасці”.
Падобныя летнікі Чырвонага Крыжа праводзяцца ўжо трэці год, але спробу зрабіць лагер інтэграцыйным гарадзенцы паспрабавалі ўпершыню, і прызнаюцца, хваляваліся з тае нагоды. Але аказалася, што вышла як найлепш: “Калі ў першы вечар мы запыталі дзяцей пра ўражанні, то пачулі – хочацца пасядзець за камп’ютарам ці тэлевізарам, праз дзень яны казалі “хочацца, каб усе маглі стаць на ногі, яшчэ праз дзень-другі мы пачулі “хочацца стаць валанцёрам” і “марым сюды вярнуцца” – распавядае Ніна Пачываева. З досведу яна ведае, што калі людзі праводзяць пэўны час разам з тымі, хто мае інваліднасць, то разумеюць – яны такія ж, як усе і перастаюць цурацца. І валанцёры кажуць пра тое ж самае “Бачым, што дзеці не адводзяць вочы, а спяшаюцца дапамагчы – патрымаць дзверы, дапамагчы падкаціць каляску, падаць руку”. Бачна. Што тое робіцца шчыра і натуральна, і напэўна, такое стаўленне да людзей навакол захаваеццца ў іх і па сканчэнню лагера.
Бо тыя, што не першы раз адпачываюць у летніку Чырвонага Крыжа, сцвярджаюць – канчаецца змена, але не чалавечыя зносіны. “Па адпачынку трымаем сувязь паміж бацькамі, і дзеці праз скайп размаўляюць” – распавядае Тамара Дебела, што прыехала ў летнік з сынам Даніілам.
Да таго ж, са сканчэннем лета не скончваюцца магчымасці сустракацца і карысна праводзіць час ў горадзе. Ужо ад верасня ахвотныя могуць удзельнічаць у мерапрыемствах, што арганізуе Цэнтр дзённага знаходжання Гарадзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа.