Гарадзенцам прапануюць асвоіць пляжны футбол на гарадскім турніры
Першыя трэніроўкі на пясчаным полі мясцовая каманда “Гродна” праводзіла ў чэрвені, а ў канцы таго ж месяца правяла і тур чэмпіянату вобласці.
“Пакуль праводзім усё на мясцовым узроўні, а каб праводзіць чэмпіянат краіны, патрэбна спецыяльна абсталяваная трыбуна і лепшай якасці пясок. У нас тут пакуль праходзяць трэніроўкі асноўнай каманды, таксама трэніруюцца дзеці са школы “Нёмана”. А яшчэ мы дазваляем гуляць і звычайным гараджанам”, – сказаў трэнер каманды “Гродна” Васіль Савіч.
Пясок на пляцоўку завозілі з гарадзенскага порта – усяго каля 600 тон.
Сезон пляжнага футбола ў Беларусі ўжо заканчваецца – гарадзенская каманда ў чэмпіянаце заняла 7-ае месца (у мінулым годзе 2-ое). Але каб скончыць сезон на добрай ноце, мясцовая федэрацыя арганізуе ў верасні гарадскі турнір па пляжным футболе, дзе прапануе заявіцца любой камандзе. Тым самым дасць магчымасць гарадзенцам пазнаёмiцца з футболам на пяску.
Дата правядзення турніру ўзгадняецца.