Куды пайсці вучыцца, калі табе за 30? ТОП-7 адукацыйных прапановаў для дарослых у Гродне

|

1. Залатая прапанова для залатых людзей

 

Праграма Універсітэта Залатога Веку ўнікальная тым, што ніжняя планка ўзросту навучэнцаў тут абмежаваная лічбай 55, а верхнія абмежаванні адсутнічаюць. Мэтавая аўдыторыя “залатога ўніверсітэту” – людзі пенсійнага ўзросту.  

 

 

Да выбару студэнтаў заняткі на курсах і клубах, дзе можна вывучаць замежныя мовы, падвысіць камп’ютарную граматнасць, стаць акторам тэатра, заняцца ёгай ці скандынаўскай хадой, фатаграфаваннем і шмат чым яшчэ. Сёлетні навучальны год прапануе каля 30 розных напрамкаў.

 

 

 

Гэта праграма навучання вылучаецца  сапраўдным універсітэтскім падыходам – апроч адукацыі студэнты ладзяць сумесныя мерапрыемствы – ад канцэртаў да выцечак, праводзяць дабрачынныя акцыі, займаюцца валанцёрскай працай і удзельнічаюць у міжнародных навуковых канферэнцыях. Плануе дзейнасць універсітэта выбарная студэнтская Рада.

 

 

Сёлетні, восьмы, набор ва Універсітэт Залатога Веку будзе праходзіць ад 5 да 19 верасня.

 

Дадатковую інфармацыю аб праекце праекце можна атрымаць на сайце ўніверсітэта.

 

 

2. Веды маюць быць карыснымі – “Студыя карысных кампетэнцый”


Каля 30 прапановаў навучання ад гэтай установы тэматычна аб’яднаны ў шэраг “Студый”. Да прыкладу, Студыя творчасці прапануе курсы па вязанні спіцамі і гаплікам, маляванні ці вырабе аўтарскіх сутажных упрыгожванняў.

 

 

Лінгва-студыя запрашае вывучаць англійскую ці польскую мову па праграмах рознага ўзроўню складанасці, а ў Студыі прыгажосці і здароўя працуюць “Школа здаровай асанкі і натуральнага руху”, “Курс паспяховага жыцця” “Універсітэт жыцця для жанчын” і шмат іншых.

 

 

Апроч доўгатэрміновых курсаў гэта навучальная ўстанова праводзіць і заняткі кароткіх формаў – трэнінгі ці майстар класы. З актуальных прапановаў на сайце – трэнінг па стварэнні сайтаў на бясплатнай платформе і “Гарадзенскія майстэрні ведаў”. Унікальнасць апошняй прапановы ў тым, што кожны ахвотны можа заявіцца на ўдзел у майстэрнях не толькі ў якасці навучэнца, але і вядоўцы.

 

 

Заняткі на курсах пачынаюцца па камплектацыі навучальных груп. Больш даведацца аб прапановах студыі, выкладчыках і ўмовах навучання можна на сайце. Большасць прапановаў адносяцца да нефармальнай адукацыі – дыпломаў ці іншых сведчанняў “усталяванага ўзору” студыя не выдае.

 

 

3. Выйсці ў лідары дапаможа “Лідар”


Гарадзенскі філіял адукацыйнага цэнтра “Лідар” прапануе каля 20 навучальных праграм, што тычацца магчымасці набыць новую прафесію. Калі ёсць жаданне стаць поварам, візажыстам ці афіцыянтам – то на гэты адукацыйны цэнтр варта звярнуць увагу.  

 

 

Частка прапановаў “Лідара” тычацца бізнес-адукацыі – тут дапамогуць стаць, напрыклад, спецыялістам па лагістыцы, адміністратарам гасцінічнага ці рэстараннага бізнесу альбо прапануюць курс для вадзіцеляў таксі. Па сканчэнні навучання выдаюць даведку дзяржаўнага ўзору і сертыфікат аб праходжанні навучання на англійскай мове.

 

Акрамя прафесіянальнай і бізнес-адукацыі цэнтр “Лідар” прапануе і шэраг творчых курсаў “для асабістага карыстання”. Cярод іх – кройка і шыццё ці  лямцаванне з воўны.

 

Больш падрабязна даведацца аб прапановах цэнтра “Лідар” і запісацца на курсы анлайн можна на сайце навучальнай установы.

 

 

4. “Быть можно дельным человеком и думать о красе ногтей” 

 

“Центр ногтевых технологий” з пачаткам навучальнага года пачынае набор у групы па падрыхтоўцы майстроў манікюра і педыкюра. Ёсць групы з дзённымі і вечаровымі заняткамі. Разам з курсамі цэнтр праводзіць шэраг семінараў, што тычацца розных сучасных тэхналогій прыгажосці – прапануць навучыць нарошчваць ці завіваць павеі альбо рабіць дэпіляцыю.

 

 

Больш інфармацыі пра навучанне сучасным пазногцевым тэхналогіям і актуальныя прапановы можна знайсці на старонцы Цэнтра ВКонтакте.



5. “Танцавала ў падваротні восень вальс-бастон”

 

Гарадзенскія школы танцаў гатовы да восеньскіх набораў. Ірландскія і ўсходнія, фламенка і класіка – палітра сёлетніх прапановаў, куды гатовы ўзяць дарослых навучэнцаў, уражвае.  

 

 

З пункту гледжання адукацыі танцы можна лічыць выдатным спосабам самапазнання і самаўдасканалення, пашырэння светапогляду і раскрыцця сваіх прыродных талентаў і здольнасцяў. Да таго ж, танец гэта магчымасць фізічнай актыўнасці і атрымання эстэтычнай асалоды. Найбольш папулярныя прапановы па навучанню танцам у Гродне можна знайсці на гэтай старонцы.

 

З новых прапановаў звяртае на сябе ўвагу курс класічнага балета, які анансуе Дом 46.

 

 

Калі ў дзяцінстве стаць балярынай не склалася, то паспрабаваць зараз самы час. Выкладаць на курсе будзе вядомая ў Гродне танцорка і акторка Вікторыя Бальцар. Запісацца можна па кантактах са старонкі.

 

 

6. “Што нам жыццё? Гульня” – “Партал” запрашае вучыцца гуляць у шахматы і маджонг


У Цэнтры адпачынку і развіцця “Партал” лічаць, што самым эфектыўным спосабам навучання з’яўляецца гульня. І няма розніцы чаму ў выніку трэба навучыць – гульня развівае патрэбныя ўсім якасці – стратэгічнае мысленне, навыкі аналізу, псіхалагічную ўстойлівасць і вытрымку.

 

 

Што да ўсходніх гульняў, якім аддалі перавагу ў гэтым навучальным сезоне, то шахматы здаўна лічацца сімвалам мудрасці, а маджонг, “сумесь даміно і покера”, дае шанец на такі азарт і буру эмоцый, што здыме любы стрэс. Аматары маджонга з “Партала” кажуць, што праз прынцыпы гэтай гульні можна навучаць бізнес-стратэгіям у любой галіне – ад лагістыкі да рэкламы. Але пакуль прапануюць хаця б навучыцца гуляць.

 

 

Добрым дадаткам да навучання ўсходнім гульням стане Чайная школа, дзе можна будзе навучыцца правільна і прыгожа гатаваць чай і засвоіць правілы кітайскай чайнай цырымоніі.

 

Сачыць за прапановамі Цэнтра развіцця і адпачынку “Партал” зручна праз старонку ВКонтакте.

 

 

7. Бізнес замест кахання? 9,5 тыдняў па-гарадзенску


За такі тэрмін абяцаюць правесці ад ідэі да запуска бізнеса навучэнцаў гарадзенскай старт-ап школы. Навучэнцаў чакае інтэнсіўнае праца – бізнес-гіпотэзы, тыповыя кейсы і дзелавыя гульні запоўняць вечары пад завязку. Акрамя гэтага абяцаюць яшчэ і шмат хатняй працы па задуманых праектах, так што сумаваць дакладна часу не хопіць.

 

 

 

Да навучання дапусцяць 10 каманд. Яны будуць сфарміраваныя на першым занятку.

 

Даведацца больш пра умовы ўдзелу, экспертаў-выкладчыкаў і меркаваныя вынікі старт-ап школы можна на старонцы праекта.

 

***

 

Ведаеце яшчэ навучальныя курсы для дарослых у Гродне? Пішыце ў каментарыях і мы дадамо інфармацыю пра іх!

 

Поспехаў усім у новым навучальным годзе!

 

 

Першае і апошняе фота: getbg.net