Гродна сустрэў удзельнікаў эстафеты “Бег Міру і Сяброўства”, якія бягуць праз усю Еўропу

|

Гродна стаў прыпынкам эстафеты ў першую чаргу дзякуючы Упраўленню спорту і турызму аблвыканкама, а таксама дабрачыннаму цэнтру “ПОРА”. Наогул жа Беларусь прымае ўдзел у такім прабегу ў 20-ы раз. У гэтым годзе наша краіна стала часткай маршруту, які злучае 46 еўрапейскіх краін.

 

Агонь Сяброўства прынеслі ў Беларусь з Літвы 1 верасня, а ўжо 6 верасня факельная эстафета прыбудзе ва Украіну. Беларускiя бегуны будуць суправаджаюць міжнародную каманду па ўсёй Беларусі, ад мяжы з Літвой праз Грандзічы і Гродна, Шчучын, Ваўкавыск, Слонім і Баранавічы, Стоўбцы і Мінск, Асіповічы і Бабруйск, Калінкавічы і Мазыр да мяжы з Украінай.

 

У склад міжнароднай каманды ўваходзяць валанцёры-бегуны з розных краін: Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Мексікі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Украіны і Беларусі. Да асноўнай каманды далучаюцца і мясцовыя бегуны, дзеці.

 

Агульная адлегласць, якую пераадолеюць валанцёры ў нашай краіне, складзе 750 км, а ўсяго ў Еўропе даўжыня маршруту складае 24 тысячы км. Плануецца, што на працягу ўсяго маршруту па еўрапейскім кантыненце ў эстафеце прымуць удзел каля 300 тысяч чалавек.

 

Валанцёр з Украіны Марына далучылася да прабегу на тэрыторыі Беларусі. Раней яна ўжо бегла падобны маршрут у розных краінах Еўропы.

 


“Нашы бегуны стартавалі ў лютым у Партугаліі, а скончаць свой маршрут у сталіцы Італіі 8 кастрычніка. У арыгінале наш прабег праходзіць па ўсім свеце – на ўсіх кантынентах. Зараз мы бяжым толькі па еўрапейскай частцы. Мы ўсе валанцёры, якія любяць мір і любяць бегаць, ёсць сярод нас і тыя людзi, якія бягуць увесь маршрут, а гэта прыстойная адлегласць. Наш факел, які трымалі сотні тысяч чалавек па ўсім свеце, даем кожнаму, хто пажадае. Мы выступаем за сяброўства па ўсёй планеце”.

 

Еўрапейскія каардынатары прабегу былі прыемна ўражаны, як у Гродне адзначаюць Дзень ведаў – столькі прыгожых шчаслівых дзяцей з кветкамі, якія ідуць у школу, яны ніколі не бачылі.

 

“Бег Мiру і Сяброўства” – гэта міжнародная факельная эстафета міру, дружбы і ўзаемаразумення, якая натхняе людзей аб’яднацца ў сваім імкненні да гармоніі і адзінства. Удзельнікі прабегу ў алімпійскім стылі перадаюць з рук у рукі запалены факел як сімвал добрай волі. Кожны чалавек, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі і ўзросту, можа прыняць удзел у эстафеце – для гэтага дастаткова пранесці запалены факел хаця б некалькі метраў або нават проста патрымаць яго ў руках, выказаўшы, такім чынам, сваю добрую волю.

 

Дарэчы, прабег у свой час падтрымалі розныя сусветныя дзеячы, сярод якіх Карл Льюіс, Нэльсан Мандэла, Арнольд Шварцнегер, Маці Тэрэза, каралева Елізавета і многія іншыя.

 

align=”” width=”725″ height=”544″ >