“Без спонсараў не даехалі б”. Гамельчукі расказалі пра вандроўку па Беларусі на роварах
Хлопцы з Гомеля не першыя і не апошнія, хто здзяйсняе такую велавандроўку па Беларусі. Але іх актыўнасць прыцягвае людзей i з імі ва ўсіх буйных гарадах звязваюцца журналісты.
“Яшчэ ў 2014 годзе, пасля таго як мы з Гомеля паехалі на Нарач (600 км), у нас нарадзілася ідэя – чаму б не праехаць яшчэ большую дыстанцыю і не паглядзець усю Беларусь, бо мы шмат дзе не былі. У 2015 у нас гэта зрабіць не атрымалася, але ўжо праз год мы добра распрацавалі маршрут і сталі ажыццяўляць свой план”, – кажа Жэня.
Перад тым як адправіцца ў падарожжа, хлопцы падумалі пра спонсараў, якія маглі б хоць неяк дапамагчы ў велаэкспедыцыі. У выніку адгукнуліся две арганізацыі.
“Нам дапамагла гомельская карчма “Будзьма”, якая на працягу вандравання арганізоўвае нам начоўкі і харчаванне. Таксама іх чалавек нас пастаянна каардынуе. З экіпіроўкай нам таксама дапамог спонсар – гомельская спартыўная крама. Калі б не іх падтрымка, мы б да Гродна не даехалі”, – дадаў Жэня.
Перад выездам хлопцы ставілі перад сабой мэту паглядзець усю Беларусь – гістарычныя і прыродныя славутасці, а таксама пабываць у гарадах, у якіх ніколі не былі.
Па дарозе іх асабліва ўразілі салігорскія горы і крэйдавыя кар’еры пад Ваўкавыскам.
“Мы ўбачылi Беларусь такой, пра якую ўсе кажуць – гасцінную, з добрымі людзьмі, гатовымі дапамагчы. Мы назапасілі шмат матэрыялу аб розных месцах Беларусі, а таксама аб роварыстах. Пасля плануем зрабіць пра гэта невялікі фільм”, – кажа Кiрыл.
Гродна хлопцам спадабаўся, хоць яны тут не ўпершыню. Начавалі раварысты ў самым крутым гатэлі горада – “Кронан Парк Гатэль”. У гэтым ім дапамог спонсар.
Жэня кажа, што далёка не заўсёды яны начуюць у такiх класных месцах.
“Бывае па-рознаму. Перад тым, як трапіць у горад, мы пішам у буйныя групы ў сацыяльных сетках, што два хлопцы шукаюць начлег – людзі адгукаюцца і нехта дапамагае. Таксама мы з сабой узялі палатку, але ў ёй начавалі толькі аднойчы, бо холадна”.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Усё падарожжа велааматараў зойме каля пяці тыдняў. Пакуль яны пераадолелі толькі палову шляху. За гэты час у іх не здарылася ніякіх паломак. Хлопцы практыкуюць начную язду і адзначаюць, што ў Беларусі няма спецыяльных веладарожак на трасах, як у Еўропе. Часам ім даводзіцца ехаць разам на адной паласе з грузавікамі, а гэта вельмі небяспечна.
Гарадзенская вобласць для раварыстаў пакуль стала адной з самых складаных: тут шмат пагоркаў і часта даводзіцца ехаць у гару па дрэннай дарозе. У дзень хлопцы праязджаюць каля 100-140 км.
Хлопцы ўзялі ў падарожжа самыя неабходныя рэчы. Вельмі шмат для бяспекі: ліхтар, інструменты для ровараў, палатка, спальнікі, дыванкі і нешта з ежы. На будучыню хлопцы раяць велааматарам шмат рэчаў не браць, бо ехаць робіцца вельмі цяжка.
На наступны год Жэня і Кірыл думаюць пра чарговую велавандроўку. Якую – пакуль трымаюць у сакрэце.