Гродна ў галоўнай ролі: якія фільмы здымалі ў Гродне і як захаваць памяць пра іх
Горад-актор
Гэты фільм заснавальніка дзіцячага кіно рэжысёра Льва Голуба назаўжды захаваў стары будынак чыгуначнага вакзала і знакаміты паваротны круг. Там жа стаяў вагончык, дзе жыў Міколка. Кажуць, калі вакзал зносілі, пад дахам знайшлі рэвалюцыйныя ўлёткі. Аднак яны апынуліся “выдадзенымі” зусім не ў гады рэвалюцыі – гэта ўлёткі, якія раскідвалі кіношныя Міколка і яго сябры. На месцы цяперашняй стаянкі па вуліцы Будзёнага стаялі старыя пакгаўзы, дзе лазілі хлапчукі-акцёры. Частку эпізодаў знялі на вуліцы Ажэшкі. Стары корпус універсітэта сыграў ролю гімназіі, а каля фантана, які ўпрыгожвалі скульптуры дзяўчынкі з гусянём на руках у акружэнні стаі гусей, ішлі баі. Пазней Леў Голуб зняў у Гродне таксама карціны “Вуліца малодшага сына”, “Анюціна дарога”, “Дзяўчынка шукае бацьку”.
Кадр з фільма “Міколка-паравоз”
А далей цэлая шэраг фільмаў, многія з якіх сталі класікай, і дзякуючы якім Гродна атрымаў яшчэ адзін эпітэт – Беларускі Галівуд. Не дарма. Бо мала які горад, акрамя сталіцы, адзначаны такой любоўю кінарэжысёраў. Гродна не проста быў фонам і месцам дзеяння – ён прымерваў на сабе розныя ролі.
Стаў Кіевам у першым у свеце гульнявым фільме аб трагедыі Бабінага Яра, якая здарылася ў верасні 1941 года, калі фашысты знішчылі амаль 34 тысячы габрэяў. У кадрах адгадваецца скрыжаванне вуліц Замкавай – Гарадзенскага – Траецкай. У “Дняпроўскай мяжы” сыграў ролю Магілёва, а эпізоды фарсіравання Дняпра знялі на Нёмане. Быў Гродна Кракавам у фільме “Без права на памылку” і Берлінам у стужцы “Сляды апосталаў”. Гомельскае Палессе ўзнавілі ў “Рудабельскай рэспубліцы”, дзе здымаліся вядомыя акцёры Эмануіл Вітарган з Юозасам Будрайцісам, які любіў зазірнуць у кнігарню “Раніца”.
Кадр з фільма “Рудабельская рэспубліка”
У ваеннай палкоўніцкай форме расхаджваў па горадзе Алег Стрыжэнаў з Васілём Ланавым на здымках фільма “Прыступіць да ліквідацыі”. Многія гродзенцы, стоячы на аўтобусным прыпынку, былі ў шоку, калі да тэатра лялек на іх вачах пад’язджала машына, з якой важна выходзіў, раскурваючы люльку, Генералісімус Сталін. Гэта Аляксей Пятрэнка здымаўся ў стужцы “Кааператыў “Палітбюро”.
Ідэя плошчы Кіно
Гродзенскі журналіст і фатограф Аляксандр Ласмінскі ўпэўнены: горад даўно заслугоўвае, каб яго кінаслава была ўвекавечана. А таму прапанаваў адкрыць плошчу Беларускага Кіно. Паводле яго задумкі, гэта магла б быць тэрыторыя з фантанам на пляцоўцы каля кінатэатра “Кастрычнік”: цэнтр фантана ўпрыгожыць скульптурнай кампазіцыяй кінааператара на аператарскім кране, а на бартах па ўсім перыметры размясціць шыльды з назвамі фільмаў, якія здымаліся ў Гродне, і годам іх выпуску. Або зрабіць плошчу Беларускага Кіно ў гандлёвым цэнтры, што будуецца на скрыжаванні праспектаў Янкі Купалы і Кляцкова.
Ідэю падтрымалі ў абласным і гарадскім выканаўчых камітэтах, прапрацоўваецца пытанне яе рэалізацыі. Будзе гэта адзін з прапанаваных варыянтаў ці нешта іншае, казаць рана.
Пакуль жа дакладна вядома, што тэма кіно стане асобным эпізодам святкавання Дня горада Гродна 17 верасня. Як распавялі ў аблвыканкаме, у дворыку Музея гісторыі рэлігіі можна будзе паслухаць у жывым выкананні музыку з фільмаў, якія здымаліся ў нашым горадзе.
Дарэчы, сам журналіст і фатограф Ласмінскі неаднаразова быў аўтарам артыкулаў і фота аб тым, як праходзілі здымкі ў Гродне. Яшчэ хлапчуком адным з першых ён даведваўся, што ў Гродне будуць здымаць кіно. Справа ў тым, што сям’я будучага журналіста жыла ў доме, вокны якога выходзілі на двор гасцініцы «Нёман» – пастаяннай базы ўсіх кінаэкспедыцый «Беларусьфільма». Аб іх прыездзе красамоўна сведчылі спецаўтамабілі з незвычайнымі, спецыфічнымі назвамі: ліхтваген, камерваген, тонваген, самалёт без крылаў «ветрадуй», якія забяспечвалі здымачны працэс па-за кінастудыяй. Тут жа стаялі франтавыя «эмкі», «студэбекеры» і іншыя рарытэты, прывезеныя для фільмаў.
Пазней, будучы студэнтам факультэта журналістыкі, Аляксандр Ласмінскі слухаў спецкурс вядомай у Беларусі кінакрытыка прафесара Ефрасінні Бондаравай. Бонусам для студэнтаў гэтага факультатыва былі пропускі ў Беларускі Дом кіно, дзе праходзілі закрытыя паказы, наведванне «Беларусьфільма» і знаёмства з многімі дзеячамі айчыннага кінематографа – Ігарам Дабралюбавым, Валерыем Рубінчыкам, Дзмітрыем Зайцавым ды іншымі. Гэта потым не раз выручала ў працы. Аляксандр Ласмінскі ўспамінае, як пад час здымак фільма «У жніўні 44-га» рэжысёр Міхаіл Пташук адмовіў у інтэрв’ю ўсім журналістам, але не яму, свайму даўняму знаёмаму. Эксклюзіўны сюжэт выйшаў на Гродзенскім тэлебачанні.
Зэдлік для Высоцкага
Сваю лепту ў напісанне кінагісторыі Гродна ўносіць і вядомы краязнаўца, аўтар кніг пра горад Віктар Саяпін. Разам з гісторыкам і педагогам Дзянісам Тарасюком яны рыхтуюць да выдання кнігу “ГродноКиноГрад”. Пачалася яна з даследчай работы дзвюх вучаніц СШ №2 Ксеніі Піцко і Ілоны Працкайла, якіх кансультавалі аўтары выдання. Ведаючы стыль Віктара Саяпіна, можна спадзявацца, што і гэтая кніга будзе своеасаблівым даведнікам па горадзе, амаль гатовым турыстычным маршрутам. Што расказаць, падарожнічаючы па ім? Напрыклад, на вуліцы Тэлеграфнай, дзе цяпер бар, падчас здымак фільма «Гандлярка і паэт» была збудаваная шыбеніца, на якой па сюжэце пакаралі смерцю партызан [на фота ніжэй].
На Кастрычніцкай вуліцы стаяў драўляны двухпавярховы дом з кватэрай, дзе жыла сям’я гераіні Ніны Ургант з фільма “Я родам з дзяцінства” і куды вярнуўся герой Уладзіміра Высоцкага. Там жа на лесвіцы ён граў на гітары. Пазней на гэтым месцы з’явіўся знакаміты рэстаран “Зубр”, а цяпер – корпус універсітэта. Па словах Ніны Ургант, у сцэнах з буйнымі планамі, дзе разам з ёй здымаўся Высоцкі, яму прыходзілася станавіцца на “адмысловы зэдлік”, каб не быць ніжэй партнёркі. Аднойчы, калі на здымках фільма быў аб’яўлены выходны, Уладзімір Высоцкі выступіў у двары гасцініцы “Нёман” з невялікім канцэртам.
Сцэны рынку здымалі за сінагогай з боку апсіды. Многія ўдзельнікі масоўкі – жыхары Гродна. Нават птушка ў клетцы “з мясцовых”. А насупраць турмы, дзе вуліца Кірава паварочвае на Савецкую плошчу, на самым куце стаяў дом – з яго аркі і выходзілі пацаны, героі фільма. Дарэчы, у 1995 годзе фільм “Я родам з дзяцінства” рашэннем ЮНЕСКА быў уключаны ў сотню лепшых фільмаў пра вайну.
Кадры з фільма “Я родам з дзяцінства”
Ёсць у Гродна і самая кінематаграфічная вуліца – Урыцкага. Як заўважыў Віктар Саяпін, эпізоды прыкладна 20-25 адсоткаў знятых у Гродне фільмаў здымаліся менавіта тут. У тым ліку карцін “Без права на памылку”, “Дняпроўскі рубеж”, “Прыступіць да ліквідацыі”, “Смерш” і многія іншыя.
Кадр з фільма “СМЕРШ”
Дэбют “Песняроў” у Верцялішках
У 1974 годзе адбылася прэм’ера каляровай музычнай камедыі “Ясь і Яніна”, здымалі якую ў цяперашнім аграгарадку Верцялішкі Гродзенскага раёна і трохі ў абласным цэнтры. Супадзенне назвы са знакамітай песняй “Касіў Ясь канюшыну” зусім не выпадковае. Бо менавіта “Песняры” выканалі хіты, што гучаць у фільме. Тут, на здымачнай пляцоўцы, упершыню прагучала папулярная аранжыроўка “Касіў Ясь канюшыну”, песні “Ты мая надзея”, “Нашы любімыя”, “Развітальная”. А кіраўнік калектыву Уладзімір Мулявін дэбютаваў у фільме як акцёр.
Можна доўга распавядаць пра стужкі, якія здымаліся ў Гродне. Класікай кінематографа сталі “Белыя Росы” з Мікалаем Карачанцавым і Усеваладам Санаевым у галоўных ролях, “Мяне клічуць Арлекіна” (самы касавы беларускі фільм, за 15 месяцаў яго паглядзела ў кінатэатрах СССР амаль 42 мільёны чалавек), “Корцік”, “Прыступіць да ліквідацыі” і многія іншыя.
Кадр з фільма “Белыя Росы”
Кадр з фільма “Мяне клічуць Арлекіна”
Фільмы, якія здымаліся ў Гродне і ваколіцах (пералік складзены Віктарам Саяпіным)
1950-я гг.
“Міколка-паравоз”
1960-я гг.
“Я родам з дзяцінства”
“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”
“Анюціна дарога”
“Прыдатны да нестраявой”
“Шчаслівы чалавек”
1970-я гг.
“Рудабельская рэспубліка”
“Іван Макаравіч”
“Зімародак”
“Шукаю чалавека”
“Корцік”
“Бронзавая птушка”
“Ясь і Яніна”
“Мы – хлопцы жывучыя”
“Зялёныя фрэгаты”
Сямейныя абставіны”
“Узбочына”
“Дажджы па ўсёй тэрыторыі”
“Гандлярка і паэт”
“Родная справа”
“Дзень вяртання”
1980-я гг.
“Вазьму твой боль”
“Раскіданае гняздо”
“Культпаход у тэатр”
“Чужая вотчына”
“Белыя Росы”
“Прыступіць да ліквідацыі”
“Мама, я жывы”
“З юбілеем пачакаем”
“Двое на востраве слёз”
“Мяне клічуць Арлекіна”
“Хам”
“Плач перапёлкі”
1990-я гг.
“Брунэтка за 30 капеек”
“Мёд асы”
“Кааператыў “Палітбюро”
“Я – Іван, ты – Абрам”
“Сын за бацьку”
2000-я гг.
“У жніўні 44-га”
“Бабін Яр”
“Гадзіна пік”
“Смерш”
“Чаклун і Румба”
“Дняпроўскі рубеж”
“Слон”
“Замах”
“Марго. Агністы крыж”
“Бяз права на памылку”
“Сляды апосталаў”
“Запомним этот день”
“Годен к нестроевой”
“Брунетка за 30 капеек”
Фота з архіваў Віктара Саяпін і Аляксандра Ласмінскага