“Антоша, пашукай мяч пад яблыняй”. Бейсбалісты са Скідзеля рыхтуюцца да Алімпіяды 2020 года

Мячом шапку парвала, а потым хадзіў як п’яны

 

У мінулую нядзелю ў Скідзелі быў “геймдэй”. Другі дзень запар мясцовая каманда “Цукровы шторм” сустракалася з лідарам чэмпіянату Беларусі — “Мінскам”. Калісьці галоўны трэнэр мінчукоў Аляксандр Сячко зрабіў шмат, каб навучыць скідзельцаў гульні. Цяпер былыя вучні — прынцыповыя супернікі “Мінска”.

 

Каманда “Мінск” прыехала на гульню ў Скідзель да сваіх прынцыповых супернікаў – “Цукровага Шторму”

 

Праўда, пра прынцыповы матч у Скідзелі ведаюць не ўсе. Пра “геймдэй” не нагадвае ніводная аб’ява ў горадзе.

 

За паўгадзіны да матча на стадыён прыходзіць першы заўзятар — Расціслаў Сцепанюк. З 73-гадовым дзядулем вітаюцца трэнэры ды гульцы. Сцепанюк не прапускае ніводнай хатняй гульні і няблага разбіраецца ў правілах.

 

73-гадовы заўзятар Расціслаў Сцепанюк ”трохі разумее” правілы і сочыць за лікам

 

“Я калісьці ў дзяцінстве ў лапту гуляў, — кажа ён. — Там трэба было гумовы мяч біць і лавіць”.

 

Правілы бейсболу, калі той з’явіўся ў Скідзелі, Сцепанюк пытаўся ў трэнэраў. Цяпер кажа, што “трохі разумее”.

 

З закінутага поля ў Скідзелі зрабілі спецыяльны бейсбольны стадыён

 

Ён абірае месца за бэкстопам — плотам, што абараняе трыбуны ад мячоў. Бэкстоп зроблены са старых тэлеграфных слупоў, паміж якімі нацягнута сетка-рабіца. Але вышыні слупоў часам не хапае. Два месяцы таму мяч пасля ўдару пераляцеў праз 15-метровы плот і трапіў Сцепанюку ў галаву.

 

“Нават шапка лопнула, — паказвае ён зашытую панаму. — Цэлы тыдзень як п’яны хадзіў. Хіба страсенне мозгу было”.

 

У каманду паставілі гуляць былых валейбалістаў і футбалістаў

 

Да пачатку гульні падцягваюцца яшчэ колькі гледачоў. І хоць на стадыёне няма табло, усе ведаюць, з якім лікам ідзе гульня.

 

Юры Штро рыхтуе каманду да гульні супраць “Мінску”

 

15 год таму правілы бейсболу сталі вывучаць былыя футбалісты і валейбалісты. Аляксандар Фурман, выкладчык фізкультуры мясцовай школы, пазнаёміўся з трэнерам бейсбольнай каманды з Салігорску. Захапіўся і перавёў хлопцаў з іншых секцый у бейсбол.

 

Багажнікі трэнэраў – гэта склады спартовага інвентару

 

“Аднойчы прыязджае Фурман, адкрывае багажнік сваёй машыны, а там усё ў пальчатках, мячах і бітах, — узгадвае пачатак бейсболу ў Скідзелі 35-гадовы Андрэй Матвееў, гулец дарослай каманды і трэнэр малодшых груп. — Паспрабавалі, і не можам ужо спыніцца”.

 

 

Андрэй Матвееў – перайшоў у бейсбол з валейболу. Спачатку гуляў, а потым стаў яшчэ і трэнерам у дзіцячых групах

 

У каманду прыйшлі старэйшыя школьнікі з іншых секцый і сябры Фурмана. Сярод іх — Юры Штро. Разам з Фурманам і тады, і сёння яны займаліся грузаперавозкамі. Разам сталі і гуляць у бейсбол.

 

“Мы з Сашам служылі разам, у нас з ім была фура — стары МАЗ, і я ў школьную спартзалу прыходзіў кожны вечар”, — узгадвае Штро.

 

Юры Штро, гуляе ў бейсбол у Скідзелі з 2002 года. Цяпер ён – трэнер дарослай каманды

 

Два месяцы новая скідзельская каманда трэніравалася і потым адправілася на кубак Беларусі ў Магілёў. Потым да іх у Скідзель прыехалі берасцейскія “Зубры” — самая моцная на той час каманда Беларусі. Яны прайгралі скідзельцам.

 

“У мяне дома дагэтуль вісіць плакат з афішай пра тую гульню”, — кажа Матвееў.

 

Якія квіткі? Пойдзе дождж, і ўсе гледачы сыдуць. Можа, пад бярозай два чалавекі застануцца

 

Каманда называецца “Цукровы шторм”, бо іхні галоўны спонсар — Скідзельскі цукровы камбінат. Толькі дзякуючы падтрымцы завода ў Скідзелі з’явіўся адмысловы бейсбольны стадыён. Старое закінутае поле выраўнялі, паставілі вакол яго плот, пару лавак.

 

Імправізаваная перапранальня на стадыёне

 

Стадыён цалкам самаробны, але тэрміналогію тут выкарыстоўваюць прафесійную. Лавы, дзе сядзяць гульцы, — гэта “дагаўт”. Высокі плот — “бэкстоп”.

 

Таксама павінны яшчэ быць крытыя трыбуны і асвятляльнікі. Калі б гэта было, у Скідзелі можна было б нават правесці чэмпіянат Еўропы сярод дзяцей, упэўнены Фурман, які цяпер займае пасаду старшыні бейсбольна-сафтбольнага клубу. Дзіцячыя каманды са Скідзеля — адны з наймацнейшых ва ўсім рэгіёне. А таму цікавасць да Скідзеля ў Еўропе ёсць.

 

Напярэдадні “гэймдэю” хлопцы абнаўляюць разметку на полі

 

Але грошай на лепшую інфраструктуру няма. І дзе іх узяць, Фурман не ведае. За кошт цукровага заводу і гарадзенскага райвыканкаму тут утрымліваюць трох трэнераў, арганізуюць выезды для дзіцячых і дарослых каманд.

 

“Напэўна, у гэтым павінна быць зацікаўлена абласное ўпраўленне спорту, — кажа Фурман. — Але вобласці мы не цікавыя”.

 

 

“Цукровы Шторм” мае назву ў гонар свайго галоўнага спонсара і заснавальніка – Скідзельскага цукровага завода

 

“Цукровы шторм” — адзіная ў Скідзелі рэспубліканская каманда і адзіная ў Гродзенскай вобласці каманда па бейсболе. У 2011 годзе яны выйгралі чэмпіянат Беларусі. Дзіцячыя каманды вядомыя нават за мяжой. Але ў самім горадзе на гэтай вядомасці клуб зарабіць не можа.

 

Праўда, бейсбалістаў запрашаюць на розныя майстар-класы, дзе распавядаюць, як можна зарабіць: выпускаць фірмовыя майкі, прадаваць квіткі на матчы.

 

Звычайна матч цягнецца каля дзвюх з паловай гадзін

 

“Нават калі зрабіць квіткі па 50 капеек, то людзі будуць смяяцца, — кажа Штро. — На гульню прыходзяць толькі бацькі і знаёмыя. Гэта 30–40 чалавек. А калі пойдзе дождж, яны ўсе сыдуць. Можа, два чалавекі вось пад той бярозай застануцца”.

 

Адданыя заўзятары скідзельскай каманды

 

Пошукі мяча ў гародзе – асобная гульня

 

Падчас нядзельнай гульні акурат пайшоў дождж. І, як прадказваў Юры Штро, заўзятары разышліся па хатах. Толькі пару чалавек сядзелі пад парасонамі, і яшчэ пару схаваліся разам з камандай пад бярозай каля “дагаўта”.

 

Частка гледачоў — гэта людзі, што жывуць побач са стадыёнам. Але не ўсе суседзі рады, што поле пад бокам. “Бэкстоп” з тэлеграфных слупоў не заўжды ратуе, і мяч вылятае вонкі. Часцей за ўсё ён трапляе ў гарод суседняй хаты. Гаспадыня злуецца, калі па ейным гародзе паўдня лазяць бейсбалісты.

 

Так хлопцы шукаюць мяч ў садзе суседняй ад стадыёну хаты

 

Пошукі мяча нагадваюць паралельную гульню. Кожныя 5–10 хвілін нехта з дзяцей-заўзятараў ці запасных гульцоў бяжыць у гарод па мяч. Але не кожны раз яго знаходзяць.

 

“Антоша, вось пад той яблыняй пашукай”, — паказвае Штро траекторыю падзення мяча аднаму з гульцоў. 

 

Там жа, каля саду, прыпаркаваныя машыны. Пасля таго як 150-грамовы мяч чарговым разам пераляцеў бэкстоп, пачуўся глухі ўдар у корпус машыны.

 

“А нядаўна ў той хаце шыфер мячом пабіла, — паказвае заўзятар-Сцепанюк на страху суседняй хаты. — Унь, свежы ліст ужо паклалі там”.

 

Бейсболу ў Беларусі ўжо амаль 30 год, а спорт усё адно застаецца экзатычным

 

“Мінск” — адзіная прафесійная каманда ў Беларусі. Гульцам плацяць грошы, а таму яны не мусяць адпрошвацца з працы, як аўтфілдэры ды кэтчэры з “Цукровага шторму”. За Скідзель гуляюць рабочыя з цукровага заводу, грузчыкі ды прадаўцы.

 

“Мінск” – адзіная прафесійная каманда ў Беларусі, дзе гульцам плацяць грошы

 

Нядзельная гульня адбываецца праз пару тыдняў пасля навіны, што бейсбол уключылі ў Алімпійскія гульні 2020 году ў Токіа. Можна лічыць, што сёння пачынаецца падрыхтоўка да наступнай Алімпіяды.

 

“Гэта павінна неяк паўплываць, — кажа Аляксандр Сячко, які таксама ўзначальвае Беларускую бейсбольную федэрацыю. — Вялікіх чаканняў у нас наконт гэтага няма. Але надзея ёсць”.

 

Выканаўчы дырэктар Міжнароднай канфэдэрацыі бэйсболу і сафтболу Міхаэль Шміт бачыць вялікую перспектыву для развіцця бейсболу ў Беларусі

 

Раней бейсбалістам адмаўлялі ў фінансавай дапамозе, бо гэта не алімпійскі від спорту. Цяпер бейсбол хочуць уключыць у школьную праграму. Дамаўляцца наконт гэтага прыязджаў у чэрвені 2016 году Міхаэль Шміт, выканаўчы дырэктар Міжнароднай канфедэрацыі бейсболу і сафтболу (МАБС). Арганізацыя гатовая дапамагаць беларускім школам з інвентаром, экіпіроўкай і навучаннем трэнераў.

 

“Тут павінны быць задзейнічаныя дзяржаўныя структуры, — кажа Сячко. — А калі спорту не будзе ў школьнай праграме, ён застанецца экзотыкай. Хоць бейсбол у Беларусі існуе з 1988 году, а пытанні пра гульню такія самыя, як і 30 год таму”.

 

 

Сячко тлумачыць: бейсбол адрозніваецца ад іншых відаў спорту тым, што тут могуць гуляць дзеці рознай камплекцыі. Калі для футболу ці валейболу патрэбныя высокія атлетычныя хлопцы, то ў бейсболе знойдуць пазіцыю для розных дзяцей.

 

Беларуская мова дапамагае на міжнародных спаборніцтвах

 

Сярод дарослых каманд на міжнародныя спаборніцтвы сёлета ездзіў толькі “Мінск”. Як пераможца чэмпіянату Беларусі каманда выступала на другім па значнасці турніры Еўропы — Кубку федэрацыі. Там яны занялі перадапошняе месца, але захавалі месца для Беларусі ў Кубку на наступны год.

 

 

Нашмат часцей на міжнародных турнірах выступаюць дзіцячыя каманды. Сёлета каманды 12- і 15-гадовых хлопцаў выступалі ў еўрапейскіх кубках.

 

Аляксандр Сячко — галоўны трэнер каманды «Мінск»

 

Дарэчы, на міжнародных спаборніцтвах хлопцам дапамагае беларуская мова. Калі гуляюць супраць расейцаў, украінцаў ці літоўцаў, якія ведаюць расейскую, трэнеры даюць каманды па-беларуску. Тады супернік не разумее, да чаго рыхтавацца.

 

“Мы кажам “ахвярны ўдар”, і нас не разумеюць, — кажа Сячко. — Ці “другая” база. Якая з іх — “другая”?”

 

У лексіконе ж саміх гульцоў вельмі шмат англіцызмаў — прафесійнай лексыкі. Дзеці, што прыйшлі паглядзець на дарослую каманду, увесь час абмяркоўваюць “хоўм-раны”. Гэта вельмі моцна адбіты за межы поля мяч, за які каманда атрымлівае адзін пункт.

 

 

 

Каб не бейсбол, дзеці б не бачылі свету

 

Самыя моцныя дзіцячыя каманды ў Беларусі — са Скідзеля. Яны штогод перамагаюць у сваіх узроставых чэмпіянатах. Штро кажа, што яшчэ пяць год іх ніхто не пераможа.

 

 

Дзіцячыя групы вядуць тры трэнеры — былыя гульцы “Цукровага шторму”. Усе групы разам наведвае больш за сто дзяцей. Гэта самы папулярны спорт у Скідзелі.

 

“Чаму дзеці ідуць да нас? Гэта ж нешта новае, і нам лёгка перавабіць да сябе дзяцей, — кажа Матвееў. — І ўсе бачаць нашы вынікі — неаднаразовыя перамогі”.

 

Якім чынам Скідзель рыхтуе такія моцныя каманды? Сячко кажа, што ў малым горадзе прасцей сабраць бейсбольную сэкцыю, чым у вялікім. У Мінску дзяцей перавабліваюць у іншыя віды спорту, якіх у Скідзелі проста няма.

 

“Самыя таленавітыя дзеці тут прыходзяць у бейсбол, — кажа Сячко. — Таму ў такіх гарадах, як Скідзель ці Лагішын, амаль усе дзеці ахопленыя бейсболам”.

 

 

Трэнэры кажуць, што матываваць школьнікаў лёгка. Многіх гульцоў запрашаюць у трэніровачныя лагеры за мяжой, куды яны наўрад ці трапілі б без бейсболу.

 

Самі ж трэнеры працуюць на палову стаўкі. Летам, можна сказаць, жывуць на полі, а зімой — у спартзале.

 

“Навошта мне гэта? — задаецца пытаннем Штро. — Каб не бейсбол, гэтыя дзеці не бачылі б свету. Можа, калі буду старым, хто скажа “дзякуй”.

 

 

Кароткі бейсбольна-беларускі слоўнік

 

Аўтфілдэр гулец каманды, якая абараняецца. Ён знаходзіцца ў знешнім полі, на выпадак, калі мяч вылеціць далёка.
Бэкстоп плот за “хатняй” базай. Абараняе гледачоў ад мячоў, якія вылятаюць за бэтэра.
Бэтэр(адбівач) гулец з бітай. Адбівае мячы, якія кідае яму пітчэр. Мяч павінен ляцець не вышэй за грудзі. Задача бэтэра — адбіць як найдалей. Пакуль аўтфілдэры будуць лавіць мяч, бэтэр бяжыць да першай базы. Калі ўдар выйшаў моцны, то можа прабегчы і наступную базу.
Дагаўт лава, дзе сядзіць каманда. На полі два дагаўты — для мясцовай і гасцявой каманды.
Інінг частка гульні, аналаг тайма ці раўнда. На пачатку кожнага інінгу адна каманда атакуе, а другая абараняецца, потым — наадварот. Звычайна гуляюць дзевяць інінгаў. Калі пасля дзевяці інінгаў лік застаецца роўны, гуляюць яшчэ адзін інінг. Кожны наступны можа стаць апошнім.
Кэтчэр гулец каманды, які знаходзіцца за “домам” і прымае мяч, які падае пітчэр.
Пітчэр падае мяч на бэтэра. Калі бэтэр не трапляе па мячы, яго павінен злавіць кэтчэр, які гуляе ў адной камандзе з пітчэрам.
Хатняя база першая база, на якой стаіць бэтэр і адбівае падачы пітчэра. У адрозненне ад астатніх трох базаў, яна не чатырох-, а пяцікутная.
Хоўм-ран калі бэтэр выбівае мяч за межы поля, гэта адразу залічваецца за адзін пункт. У такім разе ён спакойна абягае ўсе базы.