У Гродне ўшанавалi ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў 2016 года

|

Удзельнікі і прызёры Алімпійскіх гульняў некалькі тыдняў таму вярнуліся з Рыа-дэ-Жанейра, а віншаванні і словы падзякі ў іх адрас дагэтуль не спыняюцца. Але адно з галоўных віншаванняў яны атрымалі ў зале драмтэатра, дзе кіраўнікі горада і вобласці падзякавалі і ўзнагародзілі лепшых спартсменаў за іх дасягненнi.


“Алімпіяда ў Бразіліі ўпісала яшчэ адну слаўную старонку ў гісторыі гродзенскага спорту. Кожны спартсмен марыць трапіць на Алімпійскія гульні, а быць прызёрам – гэта вянок яго спартыўнай кар’еры. Мы дасягнулі добрых вынікаў і я хачу адзначыць, што гэта самая паспяховая Алімпіяда для гарадзенскіх алімпійцаў з 2000 года. Заваяваны дзве ўзнагароды, нямала нашых удзельнікаў змагалася ў фінальных спаборніцтвах у Рыа. Гэта пяць спартсменаў, якія заваявалі месцы з 4 па 8. Безумоўна, гэта вынік карпатлівай працы не толькі спартсменаў, але i трэнерскага штаба”, – сказаў на мерапрыемстве старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

 

 

Пасля ўрачыста мерапрыемства кожны жадаючы мог узяць аўтограф і сфатаграфавацца са спартсменамі. А медалістам Алімпіяды супрацоўнікі Белпошты перадалі лісты ад прыхільнікаў. Ібрагіму Саідаву прыйдзецца чытаць каля 500 лістоў, а Івану Ціхану каля 9 тысяч. Спартсмены абяцалі прачытаць кожны ліст ад заўзятараў.

 

 

За чатыры апошнiя гады гродзенскія спартсмены 611 раз станавіліся фіналістамі ў афiцыйных міжнародных спаборніцтвах, чэмпіянатах, кубках свету і Еўропы. У іх яны заваявалі 60 залатых медалёў.

 

Нагадаем, у складзе зборнай Беларусі на XXXI летніх Алімпійскіх гульнях выступалі 22 гродзенскія спартсмены. Яны змагаліся за ўзнагароды ў баскетболе, лёгкай атлетыцы, вольнай і грэка-рымскай барацьбе, стральбе кулявой, мастацкай гімнастыцы, кіданні молата і штурханні ядра. У выніку былі заваяваны 2 медалі: 1 срэбраны і 1 бронзавы. Агулам зборная атрымала 9 узнагарод.