У Гродне асуджаных на “хімію” водзяць галасаваць калонамі

|

Рэпартаж Свабоды з выбарчых участкаў Гродне, дзе датэрмінова галасуюць студэнты і асуджаныя на абмежаванне волі.


Перад участкамі для галасавання ля Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта шматлюдна. Перапынак, студэнты прыбеглі прагаласаваць. Цікаўлюся ў дзвюх дзяўчат — чаму датэрмінова галасуюць?

 

— А так трэба, нам сказалі.

 

— А хто сказаў?

 

— У нас у інтэрнаце нават абʼяву вывесілі на Белуша, 6, каб да 10-га прагаласавалі. Мы не мясцовыя, на выходныя адʼязджаем, то трэба прагаласаваць.

 

У іншых цікаўлюся — за каго ці за што галасавалі?

 

— Ды гэта не важна, галоўнае, што зрабілі. Цяпер ніхто не будзе чапляцца, са спакойнай галавой на выходныя паедзем дадому.

 

З участку выходзіць назіральнік, абураецца і кажа, што нічога падобнага раней не сустракаў:

 

— Прыйшоў камендант інтэрнату і пытае ў старшыні камісіі, каб тая дала спісы тых, хто прагаласаваў. Я ў шоку, пішам скаргу. Навошта наагул тады такія выбары праводзіць?

 

 

Размаўляю са старшынёй выбарчай камісіі, цікаўлюся, як праходзіць датэрміновае галасаванне. Паводле вывешанага на дзвярах пратаколу, за прамінулыя дні прагаласавалі ўжо каля трохсот чалавек.

 

— Вы ж самі разумееце, у нас тут усё традыцыйна, паколькі ў спісах пераважна студэнты. А яны, як правіла, на выходныя раз’язджаюцца па вёсках да сваіх бацькоў. Цяпер такая пара, што трэба бацькам дапамагаць на гаспадарцы.

 

Выйшлі з выбарчага ўчастку два хлопцы, прыпыніліся, каб пакласці ў партфелі пашпарты. Цікаўлюся ў іх — ці самі вырашылі прагаласаваць датэрмінова? Адказ атрымліваю адразу:

 

— Нас ніхто не прымушаў, дый навошта? Якія могуць быць выбары ў нядзелю, калі трэба ехаць дахаты і дапамагаць бацькам капаць бульбу?

 

На выбарчым участку ў Гарадзенскім аграрным унівэрсытэце

На выбарчым участку ў Гродзенскім аграрным універсітэце

 

На ўчастак для галасавання ў раёне вуліцы Лідскай, дзе інтэрнаты, калонай ідзе арганізаваная група мужчын. З выгляду можна здагадацца, што гэта жыхары дома № 29А — асуджаныя на “хімію”. Бліжэй да дзвярэй яны атрымліваюць інструкцыю ад чалавека ў цывільным, каб не спяшаліся, заходзілі на ўчастак па некалькі чалавек.

 

Ва ўчастку назіральнікі пішуць скаргу і кажуць, што парушаюцца правы выбарцаў. Адзін з іх распавядае:

 

— Нядаўна прывялі такую ж групу. Робіцца гэта нібы пад канвоем: міліцыянт прыносіць купу пашпартоў і сам аддае старшыні камісіі, а потым забірае. Гэта парушэнне правоў выбарцаў, яны галасуюць пад прымусам. Старшыня камісіі адказвае, што гэта не яна іх прыводзіць, што гэта людзі, якія адбываюць пакаранне, і ў іх там, маўляў, свае законы, а яна толькі забяспечвае ім права прагаласаваць.

 

Назіральнікаў гэтыя аргументы не задавальняюць. Цікаўлюся ў міліцыянта, які прывёў групу — чаму гэта робіцца датэрмінова, а не ў дзень галасавання? Той адказвае, што толькі выконвае загад.

 

— Дый потым, многія з іх працуюць у нядзелю, таму і прывялі сёння.

 

Назіральнікі дабіваюцца — чаму людзі, якія адбываюць пакаранне на “хіміі”, не могуць прыйсці без суправаджэння? Маўляў, яны ж ходзяць па горадзе вольна? Міліцыянт у цывільным адказвае, што вольна ходзяць не ўсе і толькі на працу.

 

Спрабую запытацца ў аднаго з “хімікаў” — ці хацеў ён ісці галасаваць? Але бачу — хлопец робіць выгляд, што не чуе пытання, адварочваецца, бо на яго глядзіць міліцыянт у цывільным.