“Пакідайце, зробім”. Гарадзенскі майстар гадзіннікаў рамантуе тое, за што ніхто не бярэцца

|

 

Да гэтага майстра амаль не звяртаюцца са “звычайнымі” гадзіннікамі, хіба толькі выпадкова. “Калі нешта простае, людзі ходяць у майстэрні на раёнах, бліжэй да дому. Сюды ідуць, калі мясцовыя спецы не змаглі дапамагчы, – распавядае Аляксандр. – А мне цікава, я такое люблю”.

 

З самых незвычайных гадзіннікаў, што прыходзілася строіць, ён прыгадаў напольны з чацвярцічным боем і месяцавым календаром, пару кішэнных брэгетаў з музыкай ды гадзіннікі часоў Савецкага Саюза. “СССРаўскія гадзіннікі добрыя былі, надзейныя. Аднойчы прынёс чалавек, кажа – хацеў на мусарку выкінуць – але там было што рамантаваць. Замяніў тое-сёе, адпаліраваў – сталі як новыя, гаспадар паверыць не мог”.

 

 

Пачалося Сашава захапленне гадзіннікамі яшчэ ў дзяцінстве. У дзеда быў стары гадзіннік, каторы не ішоў. Адкрыўшы яго аднойчы хлопчыкам, нічога не зразумеў, але падпаў пад магію кольцаў і стрэлак. З’явілася жаданне адрамантаваць дзедавы ходзікі. Вырашыў стаць майстрам па рамонту. “Вучыцца лёгка было, нібы само давалася, – успамінае Аляксандр, – заставалася толькі запамінаць назвы дэталяў і запчастак”.

 

 

Цікавасць да гадзіннікаў не змяншалася. Не толькі прагульваць заняткі не прыходзіла хлопцу да галавы. Ён яшчэ і заставаўся ў майстэрні пасля ўрокаў: “Майстрыха нашай вучэбнай групы дазваляла мне пабыць пазней, нават ключы свае пакідала. Я гадзінамі сядзеў – нешта спрабаваў, эксперыментаваў”.

 

Служба ў войску вялікага перапынку ў працы не зрабіла. Здольнасць майстраваць самыя складаныя хранометры прыгадзілася і тут. “Было пару разоў, што прасіў хто-небудзь з камандзіраў парамантаваць гадзіннік, нават “увальніцельную” давалі, каб мог у горадзе ў майстэрні папрацаваць”, – расказвае майстар.

 

 

Пасля арміі ён вярнуўся да любімай працы. “Што гадзіннікаваму майстру трэба? Каб галава працавала – саабражала, што да чаго. Ну – рукі яшчэ. Тут жа не патлумачыш, колькі круціць ды ціснуць – адчуваць трэба. Яшчэ што? Уседлівасць. Бывае, з адным гадзіннікам па тры тыдні працаваць прыходзіцца. Па дзве-тры гадзіны сяджу, не ўставаючы. Не ідзе нешта – як замкнула – адкладу, вазьму другі рабіць, потым вяртаюся. Бывае, сам нешта выточваю, на “разборках” дэталі шукаю, да ювеліраў звяртаюся, каб дзе срэбрам падпаяць…”

 

 

Кажа, пасля такога гадзіннікі нават сняцца па начах: “Як пасля грыбоў – выйдзеш з леса, вочы заплюшчыш, і зноў бачыш тыя сцежкі і падбярозавікі”. Аляксандр Сахарэвіч правёў з гадзіннікамі ўжо больш за 20 гадоў. Гэта, ён лічыць, паўплывала і на характар – натуральным чынам майстар шануе не толькі гадзіннікі, але і час, што яны лічаць: “Не люблю, калі позняцца, і сам не спазняюся. Лепш прыду заранёў”, – кажа ён.

 

 

З іншага боку – пачуццё балансу і дакладнасці ён развіваў у сабе ад малога. Падлеткам сур’езна займаўся ў Доме піянераў у секцыі акрабатыкі, меў званне кандыдата ў майстры спорту: “Піруэты рабіў, двайное сальта, многа што рабіў. А пасля ўпаў з арэляў”. Цалкам аднавіцца пасля траўмы не ўдалося, ды і бацьку, што быў вайскоўцам, скіравалі случыць у іншае месца – з’ехаўшы на час з Гродна, з акрабатыкай развітаўся назаўжды. Аднак “трымаць баланс” Аляксандр працягвае і зараз. Не дарма менавіта так называецца адзін з асноўных механізмаў гадзінніка.

 

 

 

Што да сувязі паміж гадзіннікам і гаспадаром, то Аляксандр кажа – па гадзінніку і яго паломках можна тое-сёе сказаць і пра чалавека. “Вось прыйшлося дарагі гадзіннік рамантаваць. Што сказаць – нецярплівы гаспадар. Сам адкрыў, спрабаваў настроіць – пасля такога прыйшлося частку дэталяў замяніць, а яны зусім не танныя. Але ж гадзіннік даражэйшы”.

 

 

Іншым разам, наадварот – гаспадар занадта “шануе” свой гадзіннік:

 

– Можа і шкельца заменім, зусім мутнае, – прапануе майстар, калі сталага веку мужчына падае гадзіннік, каб памяняць батарэйку.

– Кажуць, герметычнасць страціцца? – сумняецца той.

– Гледзячы, хто мяняе… А батарэйка, дарэчы, добрая, яшчэ паслужыць – не падманваю. Кантакты толькі пачысціць. То што са шкельцам?

– От бы добра было, бо ўжо амаль нічога праз яго не бачу. А хоць трохі ад вады будзе трымаць?

– Будзе як новае, цалкам герметычнае. Вечарам прыходзьце забіраць.

 

 

“Бывае, калі чалавек з “цяжкім характарам”, то і гадзіннік яго рамантуецца цяжка, – разважае далей Аляксандр. – Часта такое заўважаў. Разоў дзесяць перарабляць будзеш, адладжваць механізм – праца туга ідзе. Але ў рэшце усё атрымліваецца”.

 

Можа, пытаюся, праз тое і характар у чалавека паляпшаецца? Майстар толькі смяецца ў адказ. Кажа – “можа быць” – ні абвергнуць, ні падцвердзіць няма магчымасці. Людзі з адрамантаванымі гадзіннікамі сыходзяць з майстэрні і знікаюць з поля зроку. Каб жыць свае жыцці ў сваім, адрамантаваным, часе.

 

 

Фота і відэа аўтаркі