“Усе смакі свету ў кавалачку сыра” паспрабавалі гарадзенцы на Дні горада (ФОТА)

|

 

Галоўным цвіком праграмы сырнага фестывалю стала сляпая народная дэгустацыя сыроў. “Сёлета на конкурс прадстаўлена 49 відаў у 9 намінацыях, такіх як мягкія сыры, цвёрдыя, расійскія і гэтак далей. Усе сыры зашыфраваны нумарамі. Пад час дэгустацыі мы лічылі галасы, каб па іх колькасці вызначыць пераможцу”, – распавёў  Андрэй Кірэенка, галоўны рэдактар часопіса “Продукты.by”, што праводзіў конкурс.

 

 

Гарадзеншыну на народнай дэгустацыі прадстаўлялі “Молочный мир”, Дятлаўскі сырадзельны завод, Шчучынскі масласырзавод, Ашмянскі філіял Лідскага сырзавода і “Новогрудские дары”. Таксама ўзялі удзел у фестывалі Слуцкі сырадзельны камбінат са сваімі філіяламі, Маладзечанскі малочны камбінат і “Здравушка” з Мінска.

 

 

Напярэдадні сырнага фестывалю і народнай дэгустацыі сыры атрымалі і прафесійную ацэнку – 16 верасня ў Гродне працавала Рэспубліканская дэгустацыйная камісія. “Мы сабраліся напярэдадні свята, каб вызначыць якасць прадстаўленых на конкурс прадуктаў. Прыйшлося напружана папрацаваць, але было вельмі прыемна пакаштаваць добрыя сыры”, – зазначыла старшыня камісіі, Ларыса Сцепаненка.

 

 

Народ жа, апроч галасавання ў дэгустацыі, галасаваў за абраныя прадукты і рублём – да усіх гандлёвых кропак стаялі чэргі ахвотных набыць свежых малочных прадуктаў непасрэдна ад вытворцаў. А вытворцы стараліся дагадзіць і парадаваць пакупнікоў як класічнымі вырабамі, так і сваімі навінкамі.

 

Дзятлаўскі завод прадставў сыры “Рыкота” і “Капрэзі”– “інавацыйныя прадукты прыгатаваныя па ўласнай тэхналогіі” – распавяла галоўны інжэнер завода Вольга Болцік.

 

 

З Навагрудка прывезлі ”агромністы асартымент сыроў ад мяккіх да звышцвёрдых”, паведаміла галоўны тэхнолаг “Навагрудскіх дароў” Ніна Шкнай. “Хочам здзівіць гарадзенцаў сваёй навінкай – сырам  “Emmental Elite” – вельмі цікавы смак, на дэгустацыі, што праводзілася на пляцоўцы завода, яго многія адзначылі”.

 

 

Мінская “Здравушка” прадставіла сярод іншага і дэсертную групу малочных прадуктаў – малочныя кактэйлі, салодкія сыркі і кісламалочныя напоі.

 

 

Што да гаспадароў фестывалю, то “Молочный мир” прапанаваў пачаставацца цікавосткамі, што  хутка з’явяцца на прылаўках крамаў. “Сёння каштуем навінкі – сыры “Мрамарны”, “Салдацкі”, сыры ў выглядзе рулетаў і з разнастайнымі прыправамі”, – расказала намесніца генеральнага дырэктара па вытворчасці Вольга Міхнавец.

 

 

Тым, хто ўжо “начаставаўся” сырамі ды іншымі смакоткамі, сумна на плошчы таксама не было – роставыя лялькі, клоўны, акрабаты і жанглёры забаўлялі гасцей свята на ўсе лады.

 

1 align=”” width=”725″ height=”483″ >

2 align=”” width=”725″ height=”483″ >

 

Фота аўтаркі