“Нёман” буйна прайграў БАТЭ
З 1998 года “Нёман” ніяк не можа абыграць БАТЭ на іх полі. Няўдалая традыцыя працягнулася для гарадзенцаў і ў гэты раз.
Ужо на 14-й хвіліне Віталь Гайдучык пасля падачы вуглавога адкрыў лік у матчы. А на 36-й хвіліне гарадзенцы засталіся ў меншасці: поле пакінуў Касмынiн пасля другой жоўтай карткі.
У самым канцы першага тайма барысаўчане падвоілі перавагу. Пасля перадачы Стасевіча, Гардзяйчук у падзенні галавой пераправіў мяч у вароты “Нёмана”.
У другім тайме барысаўчане таксама здолелі вызначыцца двойчы. Спачатку, на 72-й хвіліне Радзівонаў абыграў Курганскага і прыгожа забіў. А праз 8 хвілін кропку ў матчы паставіў Іваніч.
З момантаў “Нёмана” можна адзначыць удар Рудзіка ў штангу.
17 верасня, БАТЭ – “Нёман” – 4:0
Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч сказаў, што не задаволены судзействам.
“Віншую БАТЭ з перамогай. Мы сёння спрабавалі гуляць у футбол. Вядома, выдаленне, якое Цынкевіч прыдумаў на роўным месцы, паўплывала на ход матчу. Да чаго гэта трэба было? Гулялі каманды ў футбол. Знайшлася адна жывёла, якая ўзяла і памяняла ўсё. Таму тут мне каментаваць цяжка. Жыццё працягваецца, папракаць хлопцаў не хочацца. Так, былі праблемы ў абароне з сыходам вядучага абаронцы. Гулялі удзесяцёх супраць БАТЭ – гэта цяжкавата. Параза дае нам шанец вызначыцца па камандзе: з кім мы будзем, з кім не будзем. Мы паказалі характар ”.
Пасля паразы ў Барысаве, гарадзенцы так і засталіся на 12-м месцы ў турнірнай табліцы.
У сераду, 21 верасня, “Нёман” правядзе ў Гродне матч Кубка Беларусі, дзе сустрэнецца з салігорскім “Шахцёрам”.
Фота: fcbate.by