Гарадзенцам прапануюць бясплатна вывучаць польскую мову анлайн

|

Платформа polskijazyk.pl, створаная адмыслова для рускамоўных людзей, якія хочуць авалодаць польскай мовай, існуе ўжо год. Кожны можа бясплатна праходзіць заняткі на ўзроўнях ад A1 да B1, а неўзабаве на сайце з’явяцца і заняткі больш высокага ўзроўню.


Над метадычнай часткай працавалі спецыялісты-філолагі з вялікім досведам навучання польскай мове замежнікаў. Кожны з узроўняў складаецца з тэматычных заняткаў, у якіх выкарыстоўваецца 12 розных відаў інтэрактыўных практыкаванняў. Карыстальнікі могуць праслухаць больш за 1000 аўдыяфайлаў, запісаных прафесійнымі дыктарамі. Граматычныя табліцы можна захоўваць сабе на камп’ютар і карыстацца незалежна ад платформы.

 

За год існавання на сайце polskijazyk.pl зарэгістравалася 27 тысяч чалавек, 60% з якіх вяртаецца сюды, каб працягваць вывучаць не толькі мову, але і культуру ды гісторыю краіны-суседкі.

 

Навінкай гэтай восені стаў адаптыўны дызайн – цяпер карыстацца платформай зручна і з мабільных прылад. Таксама гэтай восенню на сайце з’явяцца заняткі новага ўзроўню – B2. З такім узроўнем можна ўжо здаваць афіцыйны экзамен на атрыманне моўнага сертыфіката ў Польшчы.

 

Платформу распрацаваў фонд “Акно на Усход” з Беластока пры падтрымцы Міністэрства замежных справаў Польшчы. Гэта ўнікальны праект – настолькі прафесійнага бясплатнага анлайн-інструменту для вывучэння польскай мовы дагэтуль наогул не існавала.

 

Polskijazyk.pl можа быць карысны тым, хто плануе навучацца ці працаваць у Польшчы або проста паехаць туды турыстам. Напрацоўкамі платформы могуць таксама карыстацца моўныя школы, арганізатары адукацыйных курсаў, рэпетытары і іншыя прафесіяналы ў сферы адукацыі.