У Гродне ёсць “польская” школа, але няма “беларускай”. І пакуль не прадбачыцца

|

Удакладніць колькасць школьнікаў у Гродне, якія навучаюцца на беларускай мове, аказалася немагчыма. Чыноўнікі і аддзелу адукацыі гарвыканкаму, і ўпраўлення адукацыі аблвыканкаму паставіліся да маёй цікавасці вельмі насцярожана.

 

Адказы гучалі прыкладна так: не маем часу, пакуль не маем дадзеных, трэба, каб на такую інфармацыю дало дазвол начальства… У выніку “таямніцу” так і не ўдалося раскрыць праз афіцыйныя органы, якія непасрэдна гэтым займаюцца.

 

Прыкладную лічбу вучняў, якія займаюцца на беларускай мове, назваў старшыня Таварыства беларускай мовы — Алесь Крой. Паводле яго, сёлета ў школах Гродна на беларускай мове навучаецца блізу 50 вучняў. Гэта школы № 32 і № 34, а таксама гімназіі № 7 і 10. Лічба не зусім дакладная, бо ў некаторых школах яму таксама не ўдалося атрымаць пэўныя звесткі.

 

Алесь Крой

Алесь Крой

 

З Алесем Кроем гутарым наконт пашырэння колькасці беларускага школьніцтва, і аптымізму ў ягоным голасе няма. Паводле яго, перашкодаў тут шмат, і адна з асноўных — тая, што ў краіне няма вышэйшай адукацыі на беларускай мове.

 

Заўважаю, што ў польскую школу ніхто не агітуе — а ў Гродне, каб аддаць сваіх дзяцей туды, бацькі, прычым і беларусы ў тым ліку, стаялі ў чарзе ўсю ноч. Алесь Крой кажа, што за гэтым крыецца эканамічны чыннік:

 

— Беларусы сунуцца туды, дзе выгодна. Польшча пад бокам, там значна лепшая эканамічная сітуацыя, вось і імкнуцца прапхнуць сваіх дзяцей, каб лепш уладкаваць. Нават з нашых школаў усе лепшыя вучні імкнуцца з’ехаць за мяжу вучыцца, каб потым лепш уладкавацца.

 

А наагул, паводле Кроя, гэтую праблему трэба даследаваць больш падрабязна, навукова. Ён сам, маўляў, не мае на гэта поўнага адказу.

 

У адной з гарадзенскіх школаў размаўляю з настаўніцай беларускай мовы і дырэктарам пра беларускае навучанне, пра тое, чаму бацькі не падаюць заяваў, каб дзеці навучаліся па-беларуску.

 

Настаўніца беларускай мовы тлумачыць усё проста:

 

— Дзяржава ў гэтым не зацікаўленая, нічога дзеля пашырэння беларускамоўнай адукацыі не робіцца. Мушу прызнаць, што ўжо цяпер частка дзяцей наагул не разумеюць па-беларуску. Сама агітаваць бацькоў я таксама не магу, бо так можна і працу страціць, а мне да пенсіі недалёка.

 

Дырэктар кажа як адміністратар:

 

— Вядома, у гэтым пытанні патрэбная дзяржаўная падтрымка. Вышэйшая адукацыя павінна быць таксама па-беларуску, прэзідэнт павінен выступаць на роднай мове, каб бацькі чулі і бачылі, што так будзе і што не трэба баяцца аддаваць дзяцей у беларускія класы. Але ж гэтага нічога няма, нават намёку ніякага няма. А нам жа было б проста дастаткова, каб быў загад з гарана, тады б усё памянялася. Былі ж беларускія школы, і ніякіх праблемаў з гэтым ніхто не меў.

 

Размаўляю на вуліцы з мінакамі і цікаўлюся: ці іхнія дзеці вучацца ў беларускай школе?

 

Жанчына сярэдніх гадоў:

 

— Я сама беларуска, і сканчала нават беларускую школу. І што толку з маёй адукацыі? Ва ўніверсітэце нідзе і не заікнулася па-беларуску. А яны дзе будуць далей вучыцца? І што далей з гэтым мае дзеці будуць рабіць, калі скончаць школу па-беларуску? У крамах кнігі прадаюць толькі па-расійску, у тэлебачанні гавораць па-расійску, усюды справаводзтва вядзецца па-расейску… Не, я не супраць нашае мовы, але так ужо прынята, што паўсюль трэба па-расійску.

 

Мужчына сярэдняга веку таксама сур’ёзна паставіўся да пытаньня і, трохі задумаўшыся, адказвае:

 

— Бачыце, мае дзеці вывучаюць толькі прадметы — мову і літаратуру, і я заўважаю, што гэтага зусім недастаткова. Слабыя ў іх веды, і пісьменнікаў не ведаюць беларускіх. Гэта каб усе вучыліся па-беларуску, то я быў бы не супраць. А так школы ў нас толькі расійскія. Сам ніколі не дадумваўся, каб напісаць заяву, дый у школе на сходах ніколі ніхто не прапаноўваў.

 

Ігар Кузьмініч — бацька дваіх дзетак, якія навучаюцца па-беларуску. Паводле яго, дзеці вучацца паводле адмысловых планаў і маюць шэраг перавагаў перад дзецьмі, які вучацца толькі па-расійску.

 

Ігар Кузьмініч

Ігар Кузьмініч

 

— Акрамя таго, што мае дзеці асноўныя прадметы вывучаюць адны ў класе і лепш валодаюць прадметамі, яны выдатна засвойваюць дзве мовы, пашыраюць кругагляд і выгодна адрозніваюцца ад сваіх аднагодак.

 

А чаму іншыя бацькі не аддаюць сваіх дзетак у беларускія класы? Кузьмініч як прычыну называе не толькі праблемы, звязаныя з будучай адукацыяй, але і тыя, якія крыюцца ў мінулым.

 

— Пераважная большасць бацькоў, якія аддаюць сёння сваіх дзетак у расійскія клясы, самі ў камуністычныя часы прайшлі праз тое, калі з іх беларускую мову папросту вынішчалі. Яны прайшлі і праз насмешкі, і праз здзекі, і цяпер баяцца, каб гэтага не здарылася з іхнімі дзецьмі. Ясна, што сітуацыя цяпер змянілася, але гэтыя людзі на ўсё жыццё засталіся траўмаваныя. Патрэбная добрая асабістая адукацыя, каб разумець і ганарыцца сваім родным, асабліва мовай. А яшчэ, як правіла, нашы людзі прывыклі падпарадкоўвацца дзяржаве, а ад яе яны чулі, што на беларускай мове нельга сказаць нічога вялікага, што расійская мова для нас родная, а на беларускай проста гаварылі нашы бабулькі. Ад гэтага не так проста пазбавіцца.

 

На гэтым тыдні школа з польскай мовай навучання ў Гродне адзначае сваё 20-годдзе. Сёлета бацькі першакласнікаў з усяго гораду займалі чэргі і чакалі ўсю ноч, каб першымі падаць заяўкі — вучыць сваіх дзяцей па-польску. У гэтых чэргах, акрамя палякаў, стаялі і беларусы, і расійцы.

 

Старшыня непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Мечыслаў Яськевіч кажа, што ахвотных навучацца па-польску ў Гродне значна болей, чым можа задаволіць адзіная школа. Але ўлады ніяк не рэагуюць на заявы гараджан і не адкрываюць яшчэ хоць адну школу.

 

Я цікаўлюся ў Яськевіча — чаму, на ягоную думку, беларусы не дамагаюцца адкрыцця беларускай школы ў Гродне?

 

Мечыслаў Яськевіч

Мечыслаў Яськевіч

 

— Не думаю, што ўсе беларусы ў Гродне не хочуць, каб былі беларускія школы. Мне наагул цяжка нешта адказаць. Але разумею толькі адно, што ніхто за беларусаў гэтага не зробіць, калі яны самі гэтага не дамогуцца.