У Гродне дачка праз суд дамаглася, каб родную маці выпісалі з кватэры

|

Нагадаем, у канцы ліпеня суд Кастрычніцкага раёна Гродна вырашыў, што Марыя Андрэеўна павінна была выпісацца з кватэры сваёй дачкі. Тады рашэнне прынялі завочна – пенсiянерка  не прысутнічала, бо была ў шпіталі. Пасля выздараўлення яна дамаглася, каб справу пераглядзелі ўжо з яе ўдзелам. Маці і дачка сустрэліся ў судзе 1 жніўня. Але і паўторны разгляд справы не даў станоўчага выніку пенсіянерцы.


“Хачу месца, каб спакойна дажыць сваё”. Гарадзенка праз суд спрабуе выгнаць з дому родную маці

 

У пачатку верасня Марыя Андрэеўна прасіла ў суда і ў дачкі даць ёй хаця б пару месяцаў, каб сабраць грошы і зрабіць новыя дакументы на свой дом у вёсцы. Потым яна абяцала выпісацца сама. Але дачка не стала слухаць і чакаць ды запатрабавала ад суду неадкладнага разгляду справы. Па яе словах, яна хацела прадаць кватэру, а з-за маці гэта зрабіць не магла. Суд прапанаваў мірна вырашыць справу, але дачка не хацела ісці на саступкі. Тады суд вынес прысуд, па якім пашпартны стол павінен будзе выпісаць пенсіянерку.

 

Пасля такога рашэння суда пенсіянерцы адразу стала кепска, з’явіліся слёзы на вачах, падняўся ціск. Перадусім, Марыі Андрэеўне было сорамна, што давялося з роднай дачкой сустракацца ў судзе. Раней пенсіянерка заяўляла, што ёй не патрэбна была кватэра дачкі, ёй проста трэба час каб сабраць грошы на афармленне ўсіх дакументаў на дом памерлага мужа. Свае апошнія дні жанчына хацела правесці менавіта там. Яна не жыла ніколі ў кватэры дачкі, ды і не хацела.

 

Раней пенсiянерка тлумачыла:


“Я не выпісваюся, бо мяне не могуць прапісаць у доме памерлага мужа. Я пяць разоў была ў сельсавеце і мне адмаўлялі. Я стары чалавек і ўсё разумею, але мне трэба дзесьцi месца, каб спакойна дажываць свае дні. Малодшая дачка так стала мяне абражаць, што аж жыць не хочацца. Мне не патрэбна яе кватэра, я хачу свой куток на вёсцы. Я яе прасіла – пачакай, дай сабраць грошай і ўсе даведкі, каб аформіцца ў доме іх бацькі, але яна не стала чакацьМне ўжо 78 гадоў, я стала часта хварэць. Я магу ў любы час памерці, а калi ў мяне не будзе прапіскі, то мне не дадуць пахавальныя, і нават не знойдуць месца на могілках”.

 

Цяпер іншыя дачкі плануюць маці прапісаць да сябе, але Марыя Андрэеўна гэтага ўжо не хоча. Яна кажа, што ёй аднаго разу хапіла, пра які цяпер уся вёска ведае.

 

Фота ілюстрацыйнае, Ismael Nietio, unsplash.com