Стаць аніматарам з дапамогай краўдфандынгу. Гарадзенец паступіў у лепшую еўрапейскую школу анімацыі, але аплаціць вучобу не можа

|

Эдвард Курчэўскі з ранняга дзяцінства марыў ствараць мультфільмы. Ён маляваў ў Гродне, маляваў і здымаў у Польшчы, а цяпер малюе ў Францыі. Эдвард зразумеў, што менавіта ў парыжскай школе анімацыі “Gobelins l’école de l’image” зможа цалкам раскрыцца і прынесці свету штосьці новае. Аднак спыніць яго на шляху могуць цяжкасці з аплатай навучання.


“Я нарадзіўся ў Гродне. З дзяцінства маляваў і марыў рабіць мультфільмы. Усе думалі, што гэтая дакучлівая ідэя пройдзе з часам, але яна перарадзілася ў пасію жыцця. У Гродне я хадзіў у мастацкую студыю “Прамень”. Там мне прышчаплялі мастацкі погляд на рэчы, а ўжо непасрэдна перад паступленнем у Польшчу я рыхтаваўся год у ліцэі №1, у мастацкім класе.


У Польшчу я паступіў у Лодзьскую Школу Кіно на анімацыйнае аддзяленне. На 4-м курсе зразумеў, што мне катастрафічна не хапае больш глыбокіх ведаў аб анімацыі і тады я трапіў на анлайн курсы “Дызайн анімацыйнага кіно”. Вяла курсы дзяўчына, якая скончыла парыжскую школу “Gobelins l’école de l’image”, – распавядае Эдвард.

 

Менавіта пасля гэтых курсаў гарадзенец зразумеў, што французская школа гэта тое месца, дзе ён павінен вучыцца. Тады ж Эдвард пачаў вучыць французскую мову з рэпетытарам, але грошай на ўсё не хапала. Прыходзілася займацца самаадукацыяй. Праз 7 месяцаў хлопец здаў моўны экзамен на ўзроўні B1, а праз некалькі месяцаў паступіў у Парыж.

 

Дызайн персанажа з партфоліа Эдварда


“Я верыў у сваю мару і не адступаўся ад яе. Думаў, калі паступлю, дык знайду рашэнне з аплатай навучання. Мары даражэй за любыя грошы”.

 

У лістападзе Эдвард павінен будзе заплаціць школе 7 тысяч еўра за навучанне. Такіх грошай у яго пакуль няма. Але хлопец не падае духам і робіць усё магчымае, каб знайсці іх. На наступны год гарадзенец плануе атрымаць стыпендыю. А зусім нядаўна Эдвард стварыў відэа, у якім просіць яго падтрымаць фінансава ў зборы сродкаў на першы год навучання.

 


“Для мяне цяпер важней за ўсё сканцэнтравацца на адукацыі і не марнаваць час. Я адчуваю, што знаходжуся ў правільным месцы ў правільны час. Навокал настолькі моцныя мастакі, што мне хочацца днямі і начамі маляваць, каб дагнаць іх. Я заўсёды думаў вялікімі катэгорыямі і пасля навучання ў мяне таксама вялікія планы. Мне прыемна, што людзі мяне падтрымліваюць, асаблівага з майго роднага горада. Спадзяюся, іх не падвяду”.

 

Таксама Эдвард стварыў старонку на Patreon, дзе будзе дзяліцца сваімі анімацыйнымі працамі за сціплую фінансавую штомесячную падтрымку.

 

Так праходзяць заняткі ў школе ў Парыжы


“Я паступіў у Францыю не для таго, каб уцякаць раней са школы і марнаваць час на прахадных праектах дзеля грошай. Я хачу развівацца і не адставаць ад сваёй групы ды дзяліцца сваімі працамі з людзьмі. Калі я вучыўся ў Польшчы, я працаваў у час вучобы, каб дапамагчы бацькам у Беларусі. Але праз два гады зразумеў, што выдаткаваў час і не скарыстаўся ў поўнай меры тым, што давала школа кіно. Грошы сышлі хутка, а час не вярнуць і я лічу, што ў жыцці ёсць рэчы важныя і важнейшыя. Мая адукацыя – гэта самае важнае на дадзены момант. Таму мая мэта – канцэнтравацца на развіцці, дзяліцца ведамі з людзьмі і атрымліваць ад іх падтрымку. Я разумею, што задума са зборам сродкаў выкліча незадаволенасць у некаторых, але гэта мой адзіны шлях”.