Святар, адстаўны генерал і велакур’ер. Хто і навошта прымаў удзел у гарадзенскім велапрабегу

|

З-за дрэнных прагнозаў сіноптыкаў, арганізатары прабегу сур’ёзную праграму да і пасля масавага заезду не ладзілі. Але, як на зло, упершыню на велапрабегу ў Гродне засвяціла сонца. Многія не прыйшлі і ў параўнанні з адкрыццём веласезона людзей было ў два разы менш.

 

Фотафакт: гарадзенцы прынялі ўдзел у гарадскім велапрабегу


 

Перад прабегам гарадзенскі веласэрвiс “Игуана” праводзіў бясплатную дыягностыку ровараў.

 

У святкаванні Дня без аўтамабіля разам з гарадзенскімі веласіпедыстамі прынялі ўдзел і госці з Латвіі.


“Я дырэктар рыжскага велакурьера, мы ў гэтым годзе ў Парыжы выйгралi права праводзіць Чэмпіянату Свету ў нас у Рызе. Так што, можна сказаць, у Гродна на велапрабег прыехаў галоўны арганізатар ЧС велакурьераў у Латвіі, які пройдзе праз два гады. Запрашаем усіх да нас. Гродна мне спадабаўся, і тут я не адзін, а з дачкамі і сваімі калегамi”, – распавёў Алегс Сталяроўс.

 

Таксама ўдзел у велапрабегу прыняў разам са сваiмi cупрацоўнiкамi кіраўнік “ГроднаГандальСэрвіса”, адстаўны генерал-маёр Уладзімір Сычэўскі.

 

 


“Для нас гэта не першы велапрабег, мы сістэмна ўдзельнічаем у такіх мерапрыемствах. Пачынаючы ад адкрыцця веласезона і да закрыцця. Мы ў сваёй кампаніі паставілi адну з галоўных задач – культываванне здаровага ладу жыцця, у тым ліку гэта і веласіпедны рух.


Кожны чацвер разам з супрацоўнікамі па магчымасці збіраемся ў Пышках і там асвойваем трасы. Дзень без аўтамабіля мы таксама адзначылі. Не ўсе прыехалі на роварах, але хачу адзначыць, што многія прыйшлі пешкі”.

 

На велапрабег прыйшла і пенсіянерка Валянціна Паўлаўна, каб падтрымаць веласіпедыстаў, але сама прыняць удзел у велапрабегу не змагла, бо здароўе не дазваляе.


“Я прыйшла з унукам і сынам. Сама, на жаль, не магла паехаць, бо здароўе ўжо не тое, каб пераадольваць такі маршрут. А так я 25 гадоў адкатала на агарод, так што пераадолець маршрут па горадзе для мяне яшчэ некалькі гадоў таму было не праблема”.


 

Удзел святароў у гарадзенскiм велапрабегу становіцца ўжо традыцыяй. Вясной у прабегу прымалі ўдзел рыма-каталіцкiя ксяндзы, а ўвосень ўпершыню на велапрабег прыехаў грэка-каталіцкі святар Андрэй Крот.


“Я першы раз прыехаў на такі велапрабег, заадно і сустрэўся са знаёмымі. Толькі гэтым летам я сеў на двухколавы транспарт і лічу, што гэта вельмі патрэбная справа. Гэта была мая мара і я яе ажыццявіў. Такім велапрабегам мы паказалі, што нас – веласіпедыстаў шмат у Гродне, і хочацца каб з намі лічыліся”.


 

Як i  раней, асноўную частку велапрабегу складалі маладыя аматары двухколавага траспорту, якія ім карыстаюцца штодня. Таксама варта адзначыць, што на велапрабегу была вялікая колькасць пенсіянераў і дзяцей. 

 

Упершыню пасля велапрабегу веласіпедыстаў частавалі гарачай гарбатай. Такую дабрачынную акцыю арганізаваў Чырвоны крыж і бар “Несцерка”.