Мясцовыя ўлады Польшчы хочуць стварэння двух новых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю
Маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Лешчынскі некалькі разоў паўтарыў, што патрэбныя новыя пункты пропуску, а таксама паляпшэнне стану памежных дарог у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях ды Падляшскім і Люблінскім ваяводствах. Новыя пункты пропуску польскі бок хацеў бы бачыць у Ліпшчанах-Сафіева (кірунак Аўгустова) і Катэрка-Высокае (кірунак Семятычы).
Паляпшэнне інфраструктуры памежжа – ключавая задача для рэгіянальных уладаў па абодвух баках мяжы, падкрэсліў маршалак. Прадстаўнікі Падляшша адзначылі, што супрацоўніцтва з беларускім бокам ужо прынесла вынік у выглядзе адмены віз для наведвальнікаў Аўгустоўскага канала.
У працы камісіі прымалі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі Гродзенскай і Брэсцкай вобласці, самакіравання Падляшскага і Люблінскага ваяводстваў, Еўрарэгіёнаў “Буг”, “Нёман” і “Белавежская пушча”.
Гэта камісія з’яўляецца часткай Польска-беларускай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнага супрацоўніцтва. Паседжанні камісіі адбываюцца раз у год, рабочых груп – два разы ў год.