Успомніць грампласцінкі прапануюць гарадзенцам у бібліятэцы імя Карскага
На выставе “У старых рытмах” прадстаўлена каля 400 экспанатаў: старыя патэфоны, электрафоны і шмат грампласцінак.
Ідэя выставы з’явілася даўно, але рэалізаваць яе стала магчымым толькі пасля рамонту аддзела мастацтваў, які нядаўна скончыўся. Таму, адначасова з адкрыццём выставы прайшла і прэзентацыя абноўленай залы бібліятэкі, рамонт якой здзяйсняўся за кошт Еўрасаюза.
“На выставе кожны зможа знайсці для сябе нешта цікавае. Аматары тэхнікі пазнаёмяцца са зборам старадаўніх патэфонаў 1930-50-х гадоў, убачаць лямпавую радыёлу 1954 года, электрафоны і электрапрайгравальнікі грампласцінак 1970-80-х гадоў. Многія экспанаты дзеючыя. Таксама на выставе ёсць рарытэтныя кружэлкі пачатку ХХ стагоддзя, айчынныя і замежныя, а таксама пласцінкі ад 1930-х да 1990-х”, – распавёў Аляксандр Сявенка.
Вайсковы тэлефон і прымач як у шпіёна. На СТА ў Гродне сабралі калекцыю рарытэтнай гукатэхнікі
На выставе можна ўбачыць багатую калекцыю польскіх і замежных пласцінак, якія былі папулярныя ў Гродне ў 1970-1980-я гады. Пра гэта на выставе распавядаў гарадзенскі краязнаўца Віктар Саяпін, які і сам мае вялікі збор кружэлак.
“Мая калекцыя грампласцінак налічвае некалькі сотняў. Яны збіраліся не як прадметы для калекцыянавання, а каб слухаць любімыя мелодыі. У першай палове 1950-х гадоў у маёй сям’і з’явілася першая радыёла і тады пласцінкі пачалі набываць мае бацькі. З часам і я купляў пласцінкі. Сёння ў маёй калекцыі ёсць арыгінальныя пласцiнкi “The Beatles” і іншых вядомых выканаўцаў”.
У гарадзенцаў будзе магчымасць праслухаць запісы і за невялікую плату замовіць іх аблічбаваны варыянт. Выстава ў бібліятэцы будзе доўжыцца да канца года.