Гарадзенскія габрэі сустракаюць 5777 год

|

Габрэі ўсяго свету, у тым ліку і гарадзенскія, 2 кастрычніка пачалі адзначаць адно з найважнейшых святаў года – Рош Ха-Шана або інакш габрэйскі Новы год. Гэта свята адносіцца да ліку найбольш важных і з iм звязана многа сімвалічных абрадаў.


Рош Ха-Шана – адно з самых яркіх і маляўнічых габрэйскіх святаў. Назва перакладаецца з іўрыту як “галава года”. Яно сімвалізуе “шосты дзень тварэння”, калі Бог стварыў першага чалавека – Адама. У 2016-м Грыгарыянскім годзе яго святкуюць 3 і 4 кастрычніка, але ўрачыстасці традыцыйна пачынаюцца з заходам сонца напярэдадні, 2 кастрычніка. У гэты вечар габрэі збіраюцца на вячэрнюю малітву, жанчыны моляцца асобна ад мужчын.

 

 

У гарадзенскую сiнагогу на свята прыйшло каля 50 чалавек. Лічыцца, што ў гэты дзень прадвызначаецца лёс і падзеі ўсяго наступнага года. Габрэi кажуць, што гэта час, калі Усявышні чыніць суд над людзьмі.

 

Пасля малітвы, якую праводзіў рабін Іцхак Кофман, гасцям было прапанавана прайсці за святочны стол.

 

Рош Ха-Шана мае старажытныя кулінарныя традыцыі, адлюстраваныя ў рэцэптах габрэйскай кухні. У залежнасці ад мясцовасці пражывання, набор страў на габрэйскі Новы год можа трохі адрознівацца, але абавязкова падаецца рыба, як знак урадлівасці, абавязкова – галава рыбы або барана, якую павінен з’есці глава сям’і, каб быць на чале, а не ў хвасце.

 

 

Таксама падаецца салодкая хала з разынкамі, розная гародніна і садавіна, абавязкова яблыкі і мёд – прынята ў пачатку святкавання Рош Ха-Шана з’есці кавалачак яблыка, памачыўшы яго ў мёдзе, каб год быў салодкім і шчаслівым. Таксама прынята ёсці гранат – габрэі лічаць, што ў ім столькі ж зярняткаў, колькі запаведзяў у Торы.

 

Кульмінацыяй Рош ха-Шана з’яўляецца абрад трублення ў шофар (полы барановы рог). У яго трубяць у сінагозе падчас ранішняй малітвы 3 кастрычніка.

 

Згодна з іудзейскай традыцыяй 10 дзён ад пачатку Рош Ха-Шана да Ём-Кіпур (Суднага дня) – час, калі Бог судзіць увесь свет і выносіць прысуд: каму жыць, а каму памерці. Гэты час называюць «Страшнымі днямі» або «Днямі трапятання». У гэты час габрэям прадпісана прааналізаваць свае ўчынкі за папярэднi год і раскаяцца ў грахах. У гэтыя дні прынята вітаць адно аднаго пажаданнем быць упісаным у «Кнігу жыцця», куды Усявышні запісвае імёны праведных, якім наканавана пражыць наступны год.

 

align=”” width=”725″ height=”485″ >