“За мяне заўзелі самыя прыгожыя дзяўчыны”. Бронзавы прызёр Паралімпіяды Аляксандр Трыпуць вярнуўся ў Гродна

|

Да падзення з чацвёртага паверха ў 2013 годзе, акрамя паралімпійскага золата Афін у кіданні дзіды ў актыве Аляксандра былі срэбра Гульняў у Сіднэі-2000 у кіданні дзіды і срэбра ў пяцібор’і на афінскай Паралімпіядзе-2004. Тады гарадзенец выступаў як спартсмен з парушэннем зроку. На Гульнi ў Бразілію Аляксандр адправіўся ў вазку.

 

На Паралімпіядзе гарадзенец адправіў свой снарад на 23,56 м, прапусціўшы наперад грэка Манолiса Стэфаноўдакiса (29,45 м), які паставіў паралімпійскі рэкорд, і прадстаўніка Мексікі Фелікса Луіса Альберта Сепеду (25,92).


“Крыўдна, вядома. Такога павароту ніхто не чакаў. Мне давялося кідаць дзіду з іншага становішча”, – кажа Аляксандр, які за два месяцы да Гульняў знайшоў “сваё” становішча і рух, але, праз тэхнічныя пытанні, на Паралімпіядзе яго пасадзілі інакш.

 

Здаецца, прыехалі падрыхтаванымі і ведалі ўсе нюансы, і прычапіцца суддзі не павінны былі. Але ў выніку сказалі кідаць з іншага становішча. За кароткія тэрміны падрыхтаваліся і шпурнулі на бронзавы медаль. Фінальны вынік далёкі ад майго асноўнага паказчыка. Ёсць крыўда невялікая, бо рыхтаваўся да залатога медаля і ведаў, што яго рэальна заваяваць. Але што ёсць, то ёсць. Толькі дома стаў шанаваць сваю бронзу”, – распавядае Аляксандр.

 

 

Пасля вяртання з Бразіліі спартсмен сур’ёзна прастудзіўся і быў вымушаны некаторы час знаходзіцца ў Мінску на лячэнні. Рыхтаваўся Аляксандр да Паралімпіяды таксама ў сталіцы. На працягу ўсіх збораў спартсмена падтрымлівала Упраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.


“Падтрымка была як да Гульняў, так і пасля, вялікі дзякуй усім. Ужо пасля выступу зусім незнаёмыя людзі падыходзілі да мяне і казалі: “Ты малайчына, мы бачылі, як ты змагаўся, ты дамогся свайго”. Многія падтрымлівалі мяне ў сацыяльных сетках. На жаль, усім, адказваць не мог, бо гэта немагчыма. Вельмі шмат прыходзіла і прыходзіць паведамленняў i зараз. Гэта вельмі прыемна. Сам жа я захапляюся нашым земляком Іванам Ціханам. Гэты чалавек для ўсіх нас прыклад і ён даказаў усім, што ён сапраўдны змагар”.


 

У 2013 годзе са спартсменам здарылася няшчасце – Аляксандр упаў з чацвёртага паверха, зламаў хрыбет і апынуўся прыкаваным да інваліднага вазка. Але атлет не паў духам і паставіў мэту далей выступіць на Гульнях, толькi ўжо з вазком. Гарадзенец дамогся свайго, нягледзячы на дзевяць перанесеных аперацый.

 

Тады ў бядзе Аляксандра не пакінулі многія яго сябры – вядомыя спартсмены. Яны яму дапамаглі і арганізавалі збор сродкаў на спецыяльны вазок ды трэнажоры для ног.

 

align=”” width=”725″ height=”544″ >


“Дапамаглі мне тады многія: Аляксандра Герасіменя, Аліна Талай, Дар’я Домрачава, Юлія Несцярэнка і іншыя спартсмены. Усіх, вядома, не пералічыш. Калі ляцеў у Бразілію, я ведаў, што за мяне хвалююцца многія. І з гонарам магу сказаць, што ў мяне была лепшая падтрымка не толькі ў Беларусі, але і ў свеце – за мяне заўзелі самыя прыгожыя дзяўчыны”.

 

Але самую важную падтрымку Аляксандру аказала яго мама Галіна Іванаўна, якая заўсёды былы з ім у цяжкія хвіліны. Калі спартсмен быў у Бразіліі, мама не магла знайсці сабе спакою: штодня жанчына піла таблеткі, а ў адзін з дзён ёй патэлефанавалі і сказалі, што яе сын стаў прызёрам. Калi шчыра, мацi чакала золата, як і сам Аляксандр.

 

 

Пасля Паралімпійскіх гульняў спартсмен пакуль адпачывае. Бліжэйшыя спаборніцтвы, у якіх трэба будзе выступіць Аляксандру, гэта чэмпіянат свету ў Лондане, які пройдзе ў 2017 годзе.


“Чалавек павінен быць чалавекам і трэба цаніць тое, што ёсць. Гэта я стаў ўсведамляць толькі пасля траўмы. Зараз мая асноўная мэта – Паралімпіяда ў Токіо ў 2020 годзе. Важна за гэтыя чатыры гады правільна падрыхтавацца і ісці да вызначанай мэты – залатога медаля. Што са мной не рабіць, я ўсё роўна буду змагацца”.